Беларусы адзіныя? Нататкі на палях календара

17 верасня – новае «чырвона-зялёнае» свята. Дзень народнага адзінства. Беларусы адзіныя? Ну, калі адна частка ўтрымлівае ўладу з дапамогай АМАПу, а другая вымушаная або масава пакідаць краіну, або хаваць сваю думку аб тым, што адбываецца, то адзінства – апошняе слова, якое прыходзіць на розум.

Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Інсталяцыя на Кастрычніцкай плошчы ў гонар Дня народнага адзінства. Менск, Беларусь. 17 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Беларусы падзеленыя, і падзеленыя так, як, магчыма, ніколі раней. З 1918 да 1939 год нас падзяляла мяжа, але ці быў такім узровень нянавісці? 17 верасня – дата больш складаная, чым здаецца.

З аднаго боку, што, уласна, абмяркоўваць? Два крывавыя дыктатары дамовіліся распілаваць Усходнюю Еўропу, 23 жніўня 1939 года ў Маскве падпісалі пакт Молатава – Рыбэнтропа (разам з сакрэтным пратаколам, які вызначыў межы зонаў уплыву) і Другая сусветная вайна пачалася. Пачалася 1 верасня – Гітлер уварваўся на тэрыторыю Польшчы. Гэта быў разгром. Хапіла пары тыдняў. Цікавы гістарычны факт: польскае грамадства было абсалютна ўпэўненае ў здольнасці краіны супраціўляцца агрэсіі.

17 верасня, калі войскі ўвёў Сталін, ваяваць ужо фактычна не было каму. Таму ўжо 22 верасня 1939 года ў Брэст-Літоўску нямецкія войскі прайшлі ўрачыстым маршам перад генералам Гудэр’янам і савецкім камбрыгам Крывашэіным. Гісторыкі спрачаюцца, ці можна называць гэты праход парадам, ці дастаткова ён быў урачысты.

Апошнія польскія падраздзяленні здаліся 6 кастрычніка. 35-мільённая краіна аказалася падзеленай. Гэта злачынства, трагедыя.

Але ёсць у гэтай гісторыі адна невідавочная парадаксальная акалічнасць, якая значна паўплывала на будучыню ўжо незалежнай Беларусі. Сам па сабе акт Молатава – Рыбэнтропа быў прызнаны памылкай, дэзавуяваны ўжо праз два гады. 30 ліпеня 1941 года прэм’ер-міністр Польшчы ў выгнанні Уладзіслаў Сікорскі і пасол Савецкага Саюзу ў Вялікай Брытаніі Іван Майскі падпісалі ў Лондане генеральнае пагадненне аб аднаўленні польска-расейскіх дыпламатычных адносін. У адпаведнасці з пагадненнем, урад Савецкага Саюзу вызваліў польскіх вайскоўцаў, якія заставаліся ў працоўных лагерах, і стварыў на сваёй тэрыторыі войска Андэрса. Але, да незадавальнення польскага грамадства, пытанне межаў не было развязанае. Савецкі Саюз адмовіўся вяртацць захопленыя тэрыторыі Усходняй Польшчы.

Потым былі перамога і «абмен». Польшчы перадалі былыя нямецкія землі на захадзе і поўначы (узбярэжжа Балтыйскага мора), і 276 тысяч этнічных палякаў пакінулі тэрыторыю БССР. У выніку ўпершыню ў гісторыі з’явілася ўтварэнне з вельмі ўмоўнай аўтаномнасцю ўнутры СССР, але ў межах, прыблізна адпаведных тэрыторыі пражывання беларускамоўнага насельніцтва на пачатку ХХ стагоддзя.

Ці магло быць інакш? Шанцаў на гэта быў вагон і маленькі вазок. Таварышу Леніну маглі не спатрэбіцца нацыянальныя эліты ў 1918 годзе, і ўжо Савецкая Расея магла застацца ўнітарнай дзяржавай з уключанай у яе тэрыторыяй Беларусі на правах цяперашняй Бранскай вобласці. Другая Рэч Паспалітая магла не прайграць у 1939-м, утрымаць тэрыторыі, і мы б былі ў становішчы сённяшніх курдаў, калі народ ёсць, а дзяржавы няма. А яшчэ ў 1991 годзе мог не адбыцца путч, Ельцыну не спатрэбілася б выдзіраць краіну з-пад Гарбачова, і нечаканая беларуская незалежнасць проста не здарылася б. Шмат што магло пайсці не так.

А што ж Беларуская Народная Рэспубліка з яе бацькамі-заснавальнікамі, спытае асвечаны чытач. Так, і ім ёсць месца ў гэтай гісторыі.

Нягледзячы на ілюзорнасць і хуткую паразу гэтага праекту, ціск, які ўраду БНР у выгнанні (увесь 1918 год) рабіў праз перамовы з іншымі краінамі і намаганні для прызнання статусу незалежнай дзяржавы, менавіта гэты ціск і прывёў бальшавікоў да неабходнасці сфармаваць Савецкую Беларусь як асобны субʼект. Інакш нацыянальныя эліты было не перацягнуць на свой бок. Так што намаганні гэтых безумоўна гераічных людзей не пайшлі прахам.

Незалежная Беларусь нарадзілася. Але гісторыяй яе фармавання і зʼяўлення на свет кіравалі зусім не беларусы.

Больш за тое, ні адзін з гэтых гістарычных дзеячаў, персанажаў, ні Ленін са Сталіным, ні Гітлер, ні Ельцын, не былі зацікаўленыя ў існаванні беларусаў як такіх, не кажучы ўжо пра асобны суб’ект сусветнай палітыкі. Мы з’явіліся на свет не дзякуючы, але – насуперак. Таму і 17 верасня нельга разглядаць у адрыве ад іншых гістарычных падзей ХХ стагоддзя.

Гэта трагічная, злачынная дата. Але яна ж-значная вяха ў нашай гісторыі. Ці яна пра адзінства? Ну так, пра адзінства зняволеных у канцлагеры. Да сапраўднага адзінства, да адчування, што, дзе б ты не знаходзіўся, якіх бы палітычных, рэлігійных, ды і проста жыццёвых поглядаў ты не прытрымліваўся, ты ўсё роўна беларус, частка чагосьці вялікага – да гэтага адчування яшчэ вельмі і вельмі далёка. Далей, чым 16 верасня 1939 года. Памятаць трэба, але святкаваць няма чаго.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў