Экскурсаводаў пераатэстуюць, будуць патрабаваць пералік тэмаў і маршрутаў


У пачатку верасня Савет Міністраў Беларусі прыняў пастанову № 582 «Аб экскурсійным абслугоўванні», што прадугледжвае прафесійную атэстацыю для пацвярджэння кваліфікацыі, фармавання і вядзення Нацыянальнага рэестру экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў Рэспублікі Беларусь, асобна аўдыягідаў з іхным наступным улікам. Будзе патрабавацца таксама пералік тэмаў экскурсіяў, паводле якіх прайшла атэстацыя. То бок арганізуюць дадатковую інспекцыю ведаў для адмыслоўцаў экскурсійнай справы. Незалежна ад досведу і ўзросту.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sergei Karpukhin / TASS / Forum

«Белсат» пацікавіўся ў тых, хто добра ведае сваю справу, але вымушаны быў з’ехаць з Беларусі, з чым звязаная гэтая неабходнасць абнаўляць рэестры і нанова атэстоўваць экскурсаводаў. Былы шэф-менеджар кампаніі «Miensk Bike Tour», які пажадаў застацца ананімным, не зусім разумее сэнсу новаўвядзенняў:

«Збольшага такія ж правілы дзеялі і раней. Шчыра скажу: адрозненняў надта не бачу. Пра бакалаўрыят было, пра рэестр… Можа, гаворка пра зацвярджэнне на больш высокім узроўні раней існых нормаў. Ну і камісіі, магчыма, зробяць больш дасканалыя, складзеныя з гідаў з досведам, выкладчыкаў турыстычных дысцыплінаў. Праўда, я два гады не ў тэме, але не думаю, што штосьці магло кардынальна змяніцца за гэты час».

Малады беларускі гісторык-папулярызатар, экскурсавод і грамадскі актывіст Арцём, які працаваў у Беларускім камітэце Міжнароднай рады ў справе аховы помнікаў і гістарычных месцаў, раней у інтэрв’ю казаў:

«Трэба разумець, што ў цяперашняй Беларусі экскурсавод, акрамя ўласна інфармацыйнай, выконвае яшчэ і ідэалагічную місію: захапляе экскурсантаў не толькі цікавым мінулым, але і сённяшнім Беларусі, знаёміць з краінаю, распавядае замежнікам, кім ёсць беларусы, чым яны ўласна жывуць. А калі гэта экскурсія для беларусаў, то трэба пастарацца выклікаць у суайчыннікаў гонар за сваю краіну».

Відаць, апошняе не надта ўдавалася тым, хто застаўся на радзіме і працягнуў вадзіць турыстаў па гістарычных месцах, праектуючы мінулае на сучасную Беларусь. Альбо, як мяркуюць эксперты, да групаў прымкнулі прыстаўленыя ўладамі асобы. Інакш як патлумачыць тое, што 2 жніўня затрымалі краязнаўцу і журналіста Ігара Хмару, якога за экскурсіі па менскай Серабранцы па-беларуску адправілі на Акрэсціна. Прынамсі іншых тлумачэнняў прадстаўнікі ўладаў не прыводзілі. А ў апошні дзень лета затрымалі і прымусілі запісаць «пакаяннае відэа» Святлану Грышкевіч. Індывідуальную прадпрымальніцу абвінавацілі ва ўдзеле ў жніўні 2020 года ў пратэставых акцыях. А 31 жніўня сёлета яна, як сцвярджаюць, «праводзіла экскурсію па Менску згодна са сваймі БЧБ-перакананнямі і дапусціла некарэктную заўвагу на адрас кіраўніка дзяржавы». Таксама жанчыне закідаюць «паклёп і скажэнне гістарычных фактаў». Як гэта магло дайсці да міліцыі, можна толькі гадаць. Зрэшты, супрацоўнікі самі прызналіся ў тым, што на экскурсаводаў даносяць.

Ужо больш за тры месяцы таму сілавікі звярнулі ўвагу на прабелы ў галіне кантролю за тэмай экскурсіяў.

З гэтымі затрыманнямі ў тым ліку звязаная ініцыятыва Міністэрства спорту і турызму яшчэ раз прамацаць шэрагі экскурсаводаў ды аўдыягідаў. Дзе трэба, паставіць надзейных. У звязку з гэтым і праца адмыслоўцаў унутранага турызму стала больш напружаная ды небяспечная, калі затрымаць могуць за кожнае недапільнаванае слова. Хаця, паводле нашых экспертаў, касметычныя новаўвядзенні рыхтаваліся даўно. У прыватнасці Арцём зазначыў, што атэстоўваюць ужо з 2007 года. І гэты дакумент рыхтаваўся ў звязку са зменамі ў Закон аб турызме. Але ў цяперашняй пастанове свежага не так шмат. Хіба што блок пра аўдыягіды цалкам новы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Цімур Котаў / Белсат

Усходазнавец і лінгвакраязнавец з адукацыі, выпускнік аддзялення міжнародных стасункаў БДУ Мікіта Моніч у ліпені 2020 года быў звольнены з Нацыянальнага мастацкага музею, куды трапіў паводле размеркавання. Ён ладзіў экскурсіі ды займаўся куратарскаю працаю, маючы вялізную папулярнасць сярод наведнікаў дзякуючы ўмеламу выкарыстанню элементаў стэндапу. Прычынаю звальнення стаўся верш уласнага сачынення пра Лукашэнку з нагоды арышту карцінаў з калекцыі «Белгазпрамбанку», які Мікіта напісаў месяц раней і апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook.

«Да, Александр, имя у вас что надо.

Значит «защитник». Себя и своего стада,

Руководитель и будущий житель ада,

Источник мемов, апологет парада».

Мікіта адмовіўся выдаліць верш з сацыяльных сетак, і яму прапанавалі звольніцца. Цяпер ён у Іспаніі, адтуль гэтак каментуе новую пастанову:

«Гіды ў Беларусі атэстоўваліся і раней адмысловаю камісіяй. Заўсёды экскурсаводы маглі вадзіць групы толькі па тых маршрутах, па якіх здалі іспыт. Хіба істотныя змены толькі ў справе аўдыягідаў, якія цяпер павінныя будуць узгадняць тэксты галасавых экскурсіяў і, як разлічваецца, не адступаць ад іх ні на крок. Відаць, гэта будзе нейкім чынам кантралявацца. Але ўсё роўна, на маю думку, гэта, хутчэй, неадэкватная рэакцыя на нейкую пісульку-паперку зверху, каб паводле нейкіх фармальных падставаў яшчэ больш ідэалагічна дысцыплінаваць, а кагосьці і напужаць дадатковымі атэстацыямі. Па сутнасці, яшчэ больш закруціць гайкі. З іншага боку, міністэрства ж не толькі турызму, але і спорту. А мы ведаем, якой кваліфікацыі там чынавенства, як яно «добра разумее», чым займаецца. І паколькі спорт у нас цяпер вядома, на якім узроўні, то трэба ініцыяваць хоць штосьці. Напэўна, прыйшоў цыркуляр і ад сілавікоў: маўляў, галіна непадкантрольная. Але, разумеючы, што кантраляваць працу ў полі кожнага экскурсавода немагчыма, і выдалі такую рэакцыю: маўляў, атэстуем жорстка, з камісіяй, і ўсё будзе ў парадку.

Усе неабходныя хэштэгі гучаць. І, мабыць, з пункту гледжання органаў, пастаўленых спраўджваць, гэта выглядае вельмі рэспектабельна, каб адчапіліся ад міністэрства. Такая мая версія вынікае з таго, што бачу. Больш дакладных інсайдаў, на жаль, у мяне пакуль няма».

Пастанова мае ўступіць у дзеянне 1 студзеня 2023 года.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў