У Літве паведамілі, што чарнагорскім самалётам не забаронена пралятаць над Беларуссю


У літоўскай Адміністрацыі бяспекі на транспарце пракаментавалі выданню BNS пралёт чарнагорскага самалёта ў Літву праз беларускую паветраную прастору 12 чэрвеня. У ведамстве адзначылі, што забароны рабіць гэтага для краінаў па-за Еўразвязам няма.

Самалёт «Air Montenegro».
Фота: airmontenegro.com

«Выкананне гэтага рэйсу нельга лічыць парушэннем, бо паводле дырэктывы бяспекі Агенцтва авіяцыйнай бяспекі Еўрапейскага Звязу (EASA) авіяперавознікам, якія не ўваходзяць у ЕЗ і ляцяць у паветраную прастору Літвы, рэкамендуецца толькі пазбягаць паветранай прасторы Беларусі. Ім не забаронена лятаць праз паветраную прастору Беларусі. У той час як авіяперавознікі ЕЗ не могуць перасякаць паветраную прастору гэтай краіны», – заявілі ў ведамстве.

Тым не менш, там паабяцалі звязацца з «Air Montenegro» і папрасіць іх выконваць гэтую рэкамендацыю.

У кампаніі кіравання палётамі «Oro Navigacija» пацвердзілі гэтыя звесткі і адзначылі, што «рашэнне аб маршруце палёту прымае сам авіяперавознік».

Hавiны
Самалёт чарнагорскай авіякампаніі заляцеў у Літву праз паветраную прастору Беларусі
2023.06.12 12:25

Пілоты рэйсу чарнагорскай авіякампаніі «Air Montenegro» з нумарам 4O-AOA 12 чэрвеня праляцелі над тэрыторыяй Беларусі і зайшлі ў паветраную прастору Літвы менавіта з боку РБ.

Самалёт ляцеў маршрутам Тыват – Вільня і прызямліўся ў літоўскай сталіцы а 10-й гадзіне.

Яшчэ ў 2021 годзе літоўскія ўлады забаранілі авіякампаніям вылеты і прылёты ў свае аэрапорты, калі рэйс выконваецца праз паветраную прастору Беларусі. Гэта стала вынікам прымусовай пасадкі ў Менску самалёта «Ryanair» у траўні 2021 года, на барту якога былі Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега. Пасля гэтага шэраг еўрапейскіх краінаў увялі падобную забарону.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў