Амерыканскія медыі назвалі імаверную крыніцу выцеку сакрэтных дакументаў Пэнтагону


Сакрэтныя дакументы Пэнтагону апублікаваў мужчына, які, імаверна, працуе на вайсковай базе. Яму ад 20 да 25 гадоў. Пра гэта газеце «The Washington Post» распавёў удзельнік закрытага чату ў мэсэнджары «Discord», дзе, уласна, файлы і былі размешчаныя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Soumil Kumar / Pexels

Суразмоўца «The Washington Post» паведаміў, што сам інфарматар распавёў пра працу на адной з вайсковых базаў ЗША. Той, хто апублікаваў дакументы, сядзеў у чаце пад нікам OG, яму ад 20 да 25 гадоў. У гэтай суполцы сабраліся каля 20 асобаў, якія мала ведалі адно аднаго. Іх аб’ядноўвала цікавасць да зброі ды вайсковага рыштунку і любоў да Бога, піша газета.

Сам чат быў створаны ў 2020 годзе на піку ковіднай пандэміі. Першыя канфідэнцыйныя звесткі карыстальнік OG распаўсюдзіў там яшчэ летась. Спачатку ён пераказваў убачаныя дакументы, аднак удзельнікі суполкі не зацікавіліся буйнымі допісамі. Тады ён стаў публікаваць фатаграфіі. Штотыдзень з’яўлялася некалькі дакументаў. Доступ да такіх звестак маюць толькі тыя, хто прайшоў шматмесячнае правяранне персанальных дадзеных, адзначае выданне.

Hавiны
Міністэрства юстыцыі ЗША распачало расследаванне ў сувязі з уцечкай сакрэтных дакументаў Пэнтагону
2023.04.11 09:45

Мужчына раскрыў інфармацыю пра лакацыю і перамяшчэнні высокапастаўленых палітычных лідараў, тактычныя зводкі аб узброеных сілах, падрабязныя мапы баявых дзеянняў ва Украіне, засакрэчаныя спадарожнікавыя здымкі наступстваў расейскіх ракетных удараў па ўкраінскіх электрасетках.

Таксама ён апублікаваў справаздачы амерыканскай выведкі, складзеныя з дапамогаю інфарматараў у расейскіх спецслужбах. З гэтага выцеку стала вядома, у прыватнасці, што Егіпет планаваў прадаць Расеі дзясяткі тысяч ракетаў, што ПВК Вагнэра хоча набываць у Турцыі, чальца NATO, зброю для вайны ва Украіне.

Аналітыка
Уцечка ці дэзынфармацыя? Што трэба ведаць пра публікацыю сакрэтных дакументаў ЗША
2023.04.10 19:58

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў