Як беларусаў цягнуць у расейскую гісторыю і культуру

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў адным з інтэрв’ю заявіў, што Беларусь страціла суверэнітэт, а лукашэнкаўскімі сілавікамі ды войскам кіруе Пуцін. Тое, пра што мы перыядычна распавядаем у нашых праграмах, таксама падкрэслівае паступовы, але мэтанакіраваны рух нашай краіны ў расейскае поле.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Yegor Aleyev / TASS / Forum

Часам гэта, як падавалася б, маленечкія крокі. Як спектакль расейскага рэжысёра ў Магілёўскім тэатры лялек. Спектакль пра Пятра Першага. У анатацыі чытаем: «Здаўна ў цяжкой сітуацыі расейскі народ спадзяваўся на бацюшку цара. Ці зрабіўся такім збаўцам і рэфарматарам для краіны імператар Пётр І? Што важнага было створана ў Расеі пры ягоным кіраванні?» Па-першае, якім бокам расейскі народ да беларускага? І пры чым тут іхны цар? Ці гэта такое ўбіванне ў галовы супольнасці і таго, што толькі цар – глядзі, сённяшні кіраўнік, а можа, сам Пуцін – вырашае ўсе праблемы? Пётр – рэфарматар вядомы: збудаваў імперыю, ад якой свет цярпіць да сёння. Ну, і на гэтае будаўніцтва паклаў не адзін дзясятак тысяч людскіх жыццяў. Ну, а што шкадаваць, як кажа сённяшні расейскі цар, «бабы яшчэ народзяць». Для Расеі Пётр, можа, і зрабіў шмат важнага, але ці для гісторыі Беларусі і Магілёва?

А дзеячы ад культуры і чыноўнікі ў Магілёве, якія дакладна давалі дазвол на гэтую п’есу, гісторыю свайго ўласнага гораду чыталі?

А калі б чыталі, то ведалі б, што ў часе Паўночнай вайны, якая тачылася ў дзвюх першых дэкадах 18-га стагоддзя, горад Магілёў спалілі. Адбылося гэта 8 верасня 1708 года. Знішчылі святыні, гандлёвыя дамы, Магілёўскі замак. І самае цікавае – спалілі горад на загад Пятра І. Таго самага, пра якога з захапленнем паказалі спектакль у Магілёве. А расейскі рэжысёр падкрэсліваў, што ў аснове – выключна гістарычныя факты. Як бачна, не ўсе. Або магілёўскім чыноўнікам «русский мир» настолькі памяшаў у галовах, што яны ўжо радуюцца расейскаму цару, на загад якога спалілі іхны ж горад?

Тут рэжысёр дадаў, што, «у любым выпадку, гісторыя ў нас агульная». Толькі калі б трымаўся фактаў, дадаў бы, што агульнае ў гэтай гісторыі поле бою, але ў выпадку Магілёва – супраць Масквы. А яшчэ – імперская акупацыя гораду пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай.

Прэм’ера спектаклю на сцэне Магілёўскага абласнога тэатру лялек «Петр I – жизнь и деяния». 22 лютага 2024 года.
Фота: teatrkukol.by

Але ж для Масквы вельмі важна нас, беларусаў, цягнуць у сваю гісторыю. Іншая рэч, што некаторыя самыя, як бараны пад нож, туды ідуць ахвоча ды яшчэ і радуюцца. У жаданні нівеляваць беларускасць Масква прапіхвае і стварэнне агульнага падручніку гісторыі для школаў і ўніверсітэтаў у Расеі і Беларусі. Нават гэтак званая гістарычная камісія мае працаваць над стварэннем. Кіраваць ёй мае пуцінскі памочнік, экс-міністр культуры Расеі Уладзімір Мядзінскі – ага, той самы, які дысертацыю, поўную плагіяту, купіў на нейкім базары. А з боку Менску – кіраўнік лукашэнкаўскай адміністрацыі, кэдэбіст Ігар Сергеенка. Пад такім кіраўніцтвам напішацца гісторыя – не гісторыя, а анекдот.

Тым больш, што ў Мядзінскага досвед стварэння не толькі падручніку, але і гісторыі – ёсць. Ягоны, у двукоссі, «шэдэўр» для школаў па гісторыі ад 1945 года да сучаснасці яшчэ тая хлусня, фальсіфікацыя, поўная штампаў, ідэалогіі ды нянавісці да Украіны. Свае гістарычныя веды апошнім часам дэманструе і Пуцін, калі дрэнна робіцца нават бывалым. Не кажу ўжо пра гісторыка Лукашэнку, вядомага супольнай гісторыяй пра Скарыну Піцерскага.

А прапаганда ўжо адрапартавала, як радуюцца беларускія і расейскія студэнты, бо ў іх з’явіўся адзіны падручнік па гісторыі гэтак званай Саюзнай дзяржавы. Выказаўся пра кнігу дырэктар Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Вадзім Лакіза: «Хуткае было рашэнне, але вельмі ўзважанае, па падрыхтоўцы рукапісу калектыўнага навучальнага дапаможніку, які адпавядае дзяржаўным задачам і запатрабаванням грамадства». Тут маю ўвагу прыцягвае апошняе, і ўзнікае пытанне: ці ўсё ж гэта «дзяржаўныя задачы», ці «запатрабаванні грамадства»? Дзяржаўныя пісакі гэта неяк па-штукарску сумяшчаюць. І не кажуць, а я скажу, што вашая гэтая прапагандысцкая хлусня толькі і патрэбная вашым кіраўнікам, грамадству ж, асабліва беларускаму, гэта ўвогуле, ведаеце, да якога месца? І ўжо бачу гэтую, як вы кажаце, радасць студэнтаў, ага – ад завучвання пустаты пра з’езды Пуціна – Лукашэнкі. Такая свая гісторыя марксізму-ленінізму.

Усё гэта ўжо было. І дзе цяпер? Дакладна – на сметніку гісторыі. Дзе ўсёй гэтай ідэалагічнай хлусні і месца. Толькі шкада паперы. Ну, і студэнтаў, якіх змусяць гэта чытаць.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў