Контрсанкцыі і помста. Каму давядзецца плаціць болей праз змены ў падвойным падаткаабкладанні


Урад Беларусі павысіў падатак на прыбытак замежных кампаніяў з «несяброўскіх» краінаў, а таксама часткова прыпыніў удзел у пагадненнях аб падвойным падаткаабкладанні з шэрагам краінаў. Эканамістка Настасся Лузгіна пераклала адпаведную пастанову з чыноўніцкай мовы на чалавечую і растлумачыла, хто і за што будзе плаціць болей.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Віталь Гіль / 1prof.by

Пастанову ўрада апублікавалі на Нацыянальным прававым партале. Дакумент прадугледжвае павышэнне з 15% да 25% падатку на прыбыткі арганізацыяў, што не маюць у Беларусі сталага прадстаўніцтва і зарэгістраваныя ў «несяброўскіх» краінах.

Пералік такіх «варожых» дзяржаваў зацверджаны раней асобнай пастановаю Савету міністраў:

  • Албанія,
  • Аўстралія,
  • Вялікая Брытанія,
  • ЗША,
  • Ісландыя,
  • Канада,
  • Ліхтэнштэйн,
  • Нарвегія,
  • Новая Зеландыя,
  • Паўночная Македонія,
  • Чарнагорыя,
  • Швейцарыя,
  • усе краіны Еўразвязу.

Пакуль павышаны падатак будуць браць да канца 2026 года.

Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» адзначыла, што, хоць улады і могуць разлічваць на рост прыбыткаў бюджэту праз павышэнне падатку, галоўная мэта – іншая:

«Большую ролю адыгрывае рэакцыя ўладаў у адказ на санкцыі «несяброўскіх» краінаў у дачыненні Беларусі. Апошні з такіх прыкладаў – закрыццё Літвою чарговых двух пунктаў пропуску. Тады беларускія ўлады казалі, што распрацоўваецца комплекс захадаў у адказ. Імаверна, гэтыя змены ў заканадаўстве – акурат адзін з такіх захадаў».

Экспертка звярнула ўвагу, што цяперашнія контрсанкцыі датычаць меншай колькасці кампаніяў, чымся папярэднія. Улетку 2022 года ўрад зацвердзіў спіс юрыдычных асобаў з замежным капіталам, якія нельга прадаваць.

«Там шырэйшы пералік, а цяпер абмежаваліся вузкім колам кампаніяў, якія менавіта не маюць сталых офісаў у Беларусі», – сказала Лузгіна.

Аналітыка
«Спроба сілаю схіліць да кахання». Забарона інвестарам прадаваць свае акцыі – што гэта дасць Беларусі?
2022.07.05 18:35

Новая ўрадавая пастанова таксама прыпыніла дзеянне некаторых артыкулаў пагадненняў аб падвойным падаткаабкладанні з шэрагам краінаў:

  • Аўстрыя,
  • Балгарыя,
  • Бельгія,
  • Вугоршчына,
  • Вялікая Брытанія,
  • Данія,
  • ЗША,
  • Ірландыя,
  • Іспанія,
  • Італія,
  • Кіпр,
  • Латвія,
  • Літва,
  • Нідэрланды,
  • Нямеччына,
  • Паўночная Македонія,
  • Польшча,
  • Румынія,
  • Славакія,
  • Славенія,
  • Фінляндыя,
  • Францыя,
  • Харватыя,
  • Чэхія,
  • Швейцарыя,
  • Швецыя,
  • Эстонія.

Дзяржавы падпісваюць такія дамовы, каб юрыдычныя і фізічныя асобы не плацілі адныя і тыя ж падаткі двойчы ў розных краінах. Напрыклад, беларусы, якія атрымліваюць заробак за мяжою і там сплачваюць падаткі, не мусяць з гэтага ж заробку плаціць нешта на радзіме – галоўнае, каб паміж Беларуссю і краінаю, дзе працуеш, дзеяла адпаведнае пагадненне.

Улады ў Менску пачалі наступ і тут. Цяпер двайнога падаткаабкладання не пазбегнуць у выпадку прыбытку ад дывідэндаў, адсоткаў і прыбыткаў ад прыросту капіталу, прычым гэта датычыць як кампаніяў, гэтак і фізічных асобаў:

«Гаворка найперш пра прыбыткі з-за мяжы, што атрыманыя ад дывідэндаў, адсоткаў, то бок не ўсе прыбыткі. Напрыклад, калі беларус мае нейкую маёмасць або акцыянер у замежнай кампаніі, мае дэпазіт у банку, атрымаў дывідэнды ці адсоткі з укладу і завёў іх у Беларусь, то ён будзе абавязаны заплаціць у Беларусі падатак».

Такім чынам, беларусам будзе нявыгадна інвеставаць у краінах, з якімі прыпыняецца супраца ў гэтым кірунку, і вяртаць прыбытак у Беларусь. Адпаведна пагаршаюцца ўмовы і для замежнікаў, якія маглі б укласці грошы ў нашую эканоміку.

Аб’ектыў
Хто працягвае інвеставаць ў Беларусь?
2024.03.12 20:57

Што датычыць звычайных заробкаў, іх цяперашнія змены не закранулі. «Калі мы кажам пра ІП, гэта таксама просты прыбытак фізічнай асобы, гэта не тычыцца дывідэндаў і адсоткаў», – падкрэсліла Лузгіна.

Яна не чакае нічога добрага ад гэтых захадаў беларускіх уладаў:

«Аслабнуць эканамічныя ўзаемасувязі. Пакуль ёсць хоць нейкая супраца з ЕЗ, ЗША, яна будзе яшчэ больш запавольвацца. Кампаніі ў Беларусі будуць намагацца хаваць інфармацыю, хаваць прыбыткі, атрыманыя з-за мяжы», – мяркуе Лузгіна.

Яна таксама папярэдзіла, што такія захады прымушаюць фірмы шукаць шчасця і грошай у краінах, якія не лічацца «несяброўскімі», найперш з Расеяй. «Іншага выйсця няма», – падсумавала эканамістка.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў каментары «Белсату» назваў павышэнне падатку для замежных кампаніяў дзяржаўным рэкетам.

«Гэтыя захады перадусім будуць шкодзіць суб’ектам гаспадарання, створаным з удзелам у тым ліку замежнага капіталу. Замежны інвестар стварае новыя працоўныя месцы, прыносіць тэхналогіі, развівае эканоміку Беларусі. Таму самыя моцныя санкцыі ўводзяцца менавіта рэжымам Лукашэнкі супраць уласнай эканомікі і грамадзянаў Беларусі», – упэўнены Латушка.

Дзеянне асобных палажэнняў двухбаковых пагадненняў аб падвойным падаткаабкладанні прыпынілі да канца 2026 года з заўвагаю, што гэты тэрмін можа быць скарочаны: або калі скасуюць санкцыі супраць Беларусі, або калі міністэрства падаткаў і збораў прапануе вярнуцца да ранейшых правілаў.

Агляд
Як уводзілі санкцыі адносна Беларусі: за рэпрэсіі, самалёт і вайну, але не за палітвязняў
2024.03.13 17:54

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў