Экспарт беларускага калію вырас удвая ў 2023 годзе – Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі


У 2023 годзе Беларусь экспартавала практычна дасанкцыйны аб’ём калійных угнаенняў, паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі. Нават зарабіць атрымалася даволі шмат. Даведаліся, як перавозіўся беларускі калій і пры чым тут адзін з «кашалькоў» Аляксандра Лукашэнкі.

Вагоны «Беларуськалію» у Клайпедскім порце ў Літве.
Фота: Birių krovinių terminalas / bkt.lt

Продажы як да вайны і санкцый

Па выніках 2023 года абʼём вытворчасці калійных угнаенняў склаў 10 457 тысяч тон або на 78,9 % больш, чым у 2022 годзе. Каля 90% вытворчасці было экспартавана – 9 451 тысяч тон або плюс 97,6 % да ўзроўню 2022 года.

З 2021 года беларускія чыноўнікі закрылі дадзеныя па экспарце калійных угнаенняў. Паводле звестак Белстату, у 2020 годзе іх было экспартавана 11 758 тысяч тон, а ў 2019 годзе – 10 324 тысяч тон. Гэта значыць абʼёмы экспарту ў 2023 годзе апынуліся на 8,5 % меншымі за абʼёмы 2019 года і на 19,6 % меншымі за абʼёмы 2020 года. Таксама абʼём экспарту прыкладна такі ж, як у 2014 і 2016 гадах.

«Аднак “гераічнае” нарошчванне абʼёмаў і “поспехі” у супрацьстаянні санкцыям з беспрэцэдэнтнай тарыфнай падтрымкай Расейскай чыгункі на самай справе не адбіваюцца на выніках», – адзначае Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

Пры росце фізічных абʼёмаў экспарту амаль удвая да 2022 года, даходы ад продажаў знізіліся на 3 % і склалі $ 1,78 млрд. У 2019 годзе Беларусь зарабіла на экспарце калійных угнаенняў $ 2,76 млрд, а ў 2020 годзе – $ 2,41 млрд.

«Безумоўна, асноўны ўплыў на кошт калійных угнаенняў аказвае міжнародны рынак: сярэднеўзважаны экспартны кошт на калійныя ўгнаенні ў 2022 годзе складаў $ 382,3 за тону, а ў 2023 – $ 188 за тону (гэта значыць толькі 49 % ад цаны ў 2022 годзе). Адпаведна, у бягучых умовах беларускім уладам не ўдаецца кампенсаваць зніжэнне даходаў прапарцыйным нарошчваннем абʼёмаў», – працягвае Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

Hавiны
Беларусь апярэдзіла Расею і Канаду ў пастаўках калію на кітайскі рынак
2024.02.18 17:45

Перспектывы павелічэння абʼёмаў экспарту сумнеўныя, лічаць чыгуначнікі. Паводле звестак супольнасці, загрузка «Беларуськалія» складае 70 %. Гендырэктар прадпрыемства Іван Галаваты казаў у верасні 2023 года аб загрузцы ў 80 %. Гэта значыць вырабляць больш можна, аднак магутнасцяў для перавозкі няма. У 2024 годзе Расея ўзгадніла перавозку 12,5 млн тон усіх грузаў. А акрамя калію ёсць яшчэ нафтапрадукты і іншыя тавары.

«Праз недахоп правазных здольнасцяў Кастрычніцкай чыгункі (РЧ), такі стан спраў захаваецца яшчэ мінімум на тры гады», – падкрэслівае супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

Акрамя таго, ёсць пытанні да арганізацыі працы самога «Беларуськалію».

«Не першы год захоўваецца запазычанасць прадаўца (ААТ “Беларуская калійная кампанія”) перад вытворцам (ААТ “Беларуськалій”). На пачатак 2023 года гэта 3 млрд рублёў, уключаючы 316 млн рублёў пратэрмінаванай запазычанасці, да 2024 года – 2,44 млрд рублёў, уключаючы 273,4 млн рублёў пратэрмінаванай запазычанасці. Нешта ў гэтым бізнесе ў нелегітымнай улады відавочна “не так”, пры тым, што рэнтабельнасць продажаў ААТ “Беларуськалій” ацэньваецца пры экспарце ў 25,9 %», – падкрэсліваюць СЖБ.

Каліем займаецца нафтавы барон Верабей?

Экспарт калію абсалютна залежыць ад Расеі. Большая частка сыходзіць праз расейскія парты. Што не ідзе морам, то едзе ў Кітай па расейкай чыгунцы. У 2023 годзе лагістыка была наступная:

  • тэрміналы марскіх партоў Санкт-Пецярбурга-6 647 тысяч тон (70,3% экспарту);

    кантэйнернымі цягнікамі ў Кітай-1 623 тысяч тон (17,2 %);
  • парты Чорнага мора – 650 тысяч тон (6,9 %);
  • спажыўцам у Расею – 273 тысячы тон (2,9 %);
  • парты Азоўскага мора – 144 тысяч тон (1,5 %);
  • парты Барэнцава мора – 74 тысяч тон (0,8 %);
  • парты Каспійскага мора – 38 тысяч тон (0,4 %);
  • спажыўцам у Казахстан, Азербайджан – 2,6 тысяч тон (0,03 %).
Схема перавозак беларускага калію ў 2023 годзе.
Фота: belzhd.link

Яшчэ адна асаблівасць новай лагістыкі – верагодная перадача патокаў у рукі бізнесоўца Мікалая Верабʼя. Такую выснову СЖБ робіць са звестак пра беларускі калій, які ідзе праз Санкт-пецярбургскі порт «Бронка» (34% ад усяго экспарту калію).

«Аператара гэтага порта – ТАА “Фенікс” мы часта заўважаем у розных узаемасувязях з іншай вельмі вядомай у Беларусі кампаніяй аднаго з “кашалькоў” (Мікалай Варабей) нелегітымнага прэзідэнта. Гэта лагістычная кампанія ТАА “БелКазТранс”. Праўда, асноўная яе “спецыялізацыя” была нафтапрадукты. Але, падобна, інтарэсы і фінансавыя патокі ад калійных угнаенняў беларускага ўзурпатара “аддалі ў адны рукі”», – падкрэслівае абʼяднанне чыгуначнікаў.

На заканчэнне супольнасць адзначае, што з улікам нявыгаднай лагістыкі, якую давялося выбудоўваць праз страту Клайпедскага порта, і ўдзелу бізнесоўцаў з сумнеўнай рэпутацыяй, можна казаць пра шэрыя схемы і распродаж беларускага прыроднага багацця.

Агляд
Як уводзілі санкцыі адносна Беларусі: за рэпрэсіі, самалёт і вайну, але не за палітвязняў
2024.03.13 17:54

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў