«Салігорская гульня» збіраецца паляваць на школьнікаў


У Салігорску невядомы ў адным з тэлеграм-каналаў пагражае забіваць школьнікаў. Жыхары гораду панікуюць, бо аўтар допісаў кажа, што ўсё пачнецца ў чацвер, і ён ужо набраў «падзельнікаў і аднадумцаў», піша «Зеркало».

Сам канал «Салігорская гульня» з’явіўся 11 снежня, у ім аўтар піша, што рыхтаваўся да здзяйснення задуманага паўгода.

У сваіх допісах аўтар заяўляе, што матывам ягоных дзеянняў ёсць «помста і вызваленне бедных дзяцей ад будучыні». «Мы вызваляльнікі», – піша ён.

Таксама ў допісах публікуюцца фотаздымкі зброі, з дапамогай якой аўтар плануе здзейсніць задуманае, а таксама прыводзіцца спіс «навучальных установаў, у якіх будзе terror».

Журналістка «Зеркала» звярнулася ў салігорскі РУУС пад выглядам занепакоенай маці, дзе яе запэўнілі, што ідзе разбіральніцтва, але пакуль нічога пэўнага сказаць не змаглі, паабяцаўшы, што, калі будзе нейкая пагроза жыхарам гораду, то інфармацыю «давядуць дадаткова».

У тэлеграм-канале УУС Менскага раёну назвалі паведамленне пра ўзброеныя атакі на школы Салігорску «фейкам» і «інфармацыйным укідам» і паведамілі, што тэлеграм-канал ананімнага аўтара зарэгістраваны на іншаземны нумар, а ў дачыненні «нашых грамадзянаў ажыццяўляецца чарговая інфармацыйная атака з-за мяжы». Там запэўнілі, што «аб’ектыўных прычынаў для хваляванняў няма».

Ва ўпраўленні адукацыі Салігорскага райвыканкаму журналістаў выдання запэўнілі, што нагодаў для панікі няма і што «прымаюцца ўсе меры для таго, каб разабрацца ў гэтым пытанні».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў