Тры месяцы запар Беларусь не можа выкараскацца з адмоўнага сальда вонкавага гандлю


Нацбанк апублікаваў статыстыку вонкавага гандлю Беларусі таварамі і паслугамі. Сёлета са студзеня да жніўня краіна нагандлявала мінус: адмоўнае сальда склала $ 23,5 млн.

У студзені – жніўні Беларусь экспартавала тавараў на $ 25,4 млрд, а імпартавала – на $ 27,2 млрд. У параўнанні з такім жа леташнім перыядам выраслі абодва паказнікі, але імпарт (плюс 20 % год да года) павялічваецца шпарчэй за экспарт (8,1 %).

Паводле Нацбанку, адмоўнае сальда гандлю таварамі – $ 1,8 млрд. І гэта адрозніваецца ад звестак Белстату. Статыстычны камітэт падлічыў, што за 8 месяцаў Беларусь прадала за мяжу тавараў на $ 25,9 млрд, а імпартавала – на $ 28,2 млрд. З гэтых дадзеных вынікае, што адмоўнае сальда – $ 2,3 млрд.

Паслугаў у студзені – жніўні краіна экспартавала на $ 5,5 млрд (мінус 6,5 % год да года), а імпартавала на $ 3,7 млрд (плюс 19 % год да года).

Агульнае сальда вонкавага гандлю

– мінус $ 23,5 млн.

Папярэдняя статыстыка сведчыць, што Беларусь не можа выкараскацца з адмоўнага сальда вонкавага гандлю тры месяцы запар. Праўда, паказнік студзеня – жніўня дае хоць крыху аптымізму, бо ў студзені – чэрвені розніца паміж экспартам і імпартам была большай: мінус $ 94,2 млн. А эканамісты раней папярэджвалі, што доўга не атрымаецца праядаць валюту з рэзерваў дзеля кампенсацыі дэфіцыту вонкавага гандлю, і калі сітуацыя не зменіцца, то ўзнікне пагроза дэвальвацыі і разгону інфляцыі.

Аналітыка
Праяданне валюты працягнецца. Беларусі прадказалі рост дэфіцыту вонкавага гандлю
2023.09.21 22:57

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў