Пасля абурэння Лукашэнкі ў Беларусі забаранілі рэзаць курку ў крамах. Для паўфабрыкатаў – выключэнне


Гісторыя з забаронай росту цэнаў у Беларусі пачалася з прамовы Аляксандра Лукашэнкі на эканамічнай нарадзе 6 кастрычніка. Там ён сярод іншага абураўся такім абыходам забароны на падвышэнне цэнаў: «Расчлянілі дохлую курыцу, упіхнулі ў поліэтыленавы пакет – новы тавар!». 12 кастрычніка ягонае абурэнне аформілі ў пастановы Савету міністраў і Міністэрства гандлю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прыгатаваная курка.
Фота: ptushka.by

У пастанове Савету міністраў галоўная змена – забарона продажу «ў гандлёвых аб’ектах свежых, астуджаных або замарожаных частак тушкі птушкі (уключаючы паўтушку, чацвярціну пярэднюю і заднюю, грудку, філе, кумпяк, галёнку, сцягно, крыло, спінку), за выключэннем вырабленых мясаперапрацоўчымі, птушкагадоўчымі і сельскагаспадарчымі арганізацыямі».

Такая фармулёўка, імаверна, выклікала пытанні. Урад патлумачыў у Telegram: у гандлёвых аб’ектах забараняецца продаж частак тушкі, якую разбіралі ў тым ліку ў нарыхтоўчых цэхах грамадскага харчавання. Але забарона не распаўсюджваецца на продаж паўфабрыкатаў, якія былі папярэдне апрацаваныя: адвараныя, згатаваныя ў алеі, соўсе, марынадзе і расоле або з іншымі інгрэдыентамі, а таксама сушаных, салёных, вэнджаных і апрацаваных іншым падобным чынам.

Вынікае, што крама не можа закупіць цэлую тушку і разабраць яе самастойна, каб прадаць асобныя часткі. Калі хоча прадаваць асобна крыльцы, то мусіць закупіць асобна крыльцы ў вытворцаў. Але калі хоча прадаваць мяса на шашлык з цыбуляй, воцатам, соллю, перцам і алеем, то можа закупіць для гэтага цэлую тушку.

Аналітыка
«Па-першае, гэта абсурд». Што не так з поўным замарожваннем цэнаў у Беларусі, і што рабіць беларусам
2022.10.10 08:00

Яшчэ адна «курыная» пастанова 12 кастрычніка паходзіць ад Міністэрства гандлю. У ёй вызначаецца, як фармуюцца цэны на часткі курынай тушкі. Цэны на паўтушкі і чвэрці тушак мусяць быць сумарна такімі, каб іхныя «нормы выхаду» і каэфіцыенты харчовай каштоўнасці не перавышалі гэтыя нормы і каэфіцыенты ў цэлай тушкі, якую купілі для разборкі. Цэны на іншыя часткі тушкі могуць на 10 % перавышаць цану тушкі, «складзенай назад у цэлае». Калі часткі тушкі прадаюцца ў пакунку, да выніковай цаны можна дадаваць кошт пакунку па цане набыцця пакунку.

Пры тым пастанова ўраду набывае моц праз 10 дзён пасля публікацыі, а пастанова Мінгандлю – адразу, але дзейнічае цягам 90 дзён. Пастанова ўраду тычыцца толькі птушынага мяса (і не закранае свініну ці ялавічыну), пастанова Мінгандлю – толькі мяса куркі (то бок не закранае нават індычкі).

Аляксандр Лукашэнка ў першай палове дня 6 кастрычніка на словах забараніў рост цэнаў. Сярод іншага ён абураўся так:

«Ці бачыце, быў хлеб, кураня – з’явіўся новы тавар! Расчлянілі дохлую курыцу, упіхнулі ў поліэтыленавы пакет – новы тавар! Новы хлеб або разборка птушак на часткі, як вы называеце. А людзі вымушаны купляць тыя ж прадукты, але чамусьці па больш высокай цане. Разумееце, да чаго дайшлі: цэлая тушка кураня каштуе два рублі, а напалову расчлянёная – пяць рублёў, напрыклад. А што здарылася? Што адбылося? Чаму ў два-тры разы падаражэў тавар? Таму што вы яго напалову разразалі?»

Ён таксама абураўся тым, што з яго нібыта хочуць зрабіць ідыёта, бо ён «з поля мусіць ехаць прасіць газ-нафту і іншыя там крэдыты, а потым бегчы ў краму і кошты кантраляваць».

Вечарам 6 кастрычніка былі апублікаваныя пастанова ўраду і дырэктыва самога Лукашэнкі, якія ўжо афіцыйна забаранілі падвышаць любыя цэны і нават скасоўваць распродажы. Лукашэнка загадаў рабочай групе цягам 10 дзён распрацаваць прапановы наконт «удасканалення цэнавага рэгулявання», ураду – да 20 кастрычніка зацвердзіць сістэму рэгулявання цэнаў. Ці гэтая сістэма скасуе поўную забарону цэнаў, невядома. Шматлікія пункты пастановы ўраду выклікаюць пытанні, якія спрабуюць патлумачыць юрысты і падатковыя кансультанты.

Дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў у Беларусі нярэдка выклікала дэфіцыт тавараў,  цэны якіх рэгулявалі. Абсалютна ўсе цэны ўлады кантралявалі ў эканоміцы Савецкага Саюзу, што ўрэшце прывяло да дэфіцыту ці не кожнага тавару.

Гісторыя з паўтушкамі магла пачацца з Баранавічаў, дзе з крамаў пазнікалі цэлыя тушкі вытворчасці фабрыкі «Дружба», а засталіся толькі паўтушкі, пры тым цана вырасла на «амаль паўтара рубля» за кілаграм, як казала мясцовая жыхарка: цэлая тушка бройлера каштавала 5,52 рубля за кг, паўтушка – 6,46 рубля за кг. На фабрыцы тлумачылі, што выпускаць цэлыя тушкі перасталі, бо гэта «эканамічна немэтазгодна».

Цэны на ахалоджанае і замарожанае курынае мяса рэгуляваліся ад 9 красавіка, выходзіць за межы падвышэння цэнаў можна было толькі з дазволу камісіі па цэнаўтварэнні пры Савеце міністраў – або можна было пачынаць выпускаць новы від прадукцыі і ставіць на яе новую цану. Праз тое, што «Дружба» палічыла палову тушкі новым відам тавару, супраць неназваных кіраўнікоў фабрыкі распачалі крымінальную справу.

Разбор
У Беларусі задумалі абмежаваць выезд з краіны дзяржслужбоўцам, вайскоўцам і фактычна – каму захочуць
2022.10.12 16:40

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў