Польшча можа прыцягнуць да паўмільёна беларусаў, каб скараціць кадравы дэфіцыт на рынку працы


Польшча стала працоўным хабам для людзей, якія хочуць знайсці працу ў Еўропе, і лічбы працаўнікоў, якія прыязджаюць з усходніх краін, растуць, нягледзячы на пандэмію, піша польскі партал Interia.pl.

У першым паўгоддзі 2021 году ў рэгістр офісу па працаўладкаванні ўнесена 998 тысяч заяваў аб прыёме на працу працаўнікоў з Усходу. Гэта на 63% больш, чым год назад, калі пачалася пандэмія, і на 18% больш, чым у першай палове 2019 году. Аднак працаўнікоў з Украіны не хапае. Альтэрнатывай могуць стаць працоўныя з Беларусі, якіх, паводле ацэнкі спецыялістаў кадравай службы, Польшча можа прыцягнуць каля паўмільёна.

Беларускія працаўнікі не толькі дапамогуць скараціць кадравы дэфіцыт на польскім рынку працы, але таксама стануць элемента пабудовы польскай эканомікі і стварэння перавагаў для прыцягнення інвестыцыяў. Паводле эканамістаў Credit Agricole, ВУП Польшчы на 2-3% вышэйшы дзякуючы замежнікам – краіна атрымлівае да ВУП дадатковыя 40-60 мільёнаў злотых.

Hавiны
У Варшаве ўзнікла Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой
2021.08.20 20:29

«Барометр польскага рынку працы» паказвае, што амаль у два разы вырас адсотак працадаўцаў, якія наймаюць працаўнікоў з Беларусі. Найбольшы попыт на беларусаў – у прамысловасці: амаль кожная дзясятая кампанія адзначае ў дэкларацыях, што наймае беларусаў.

За першае паўгоддзе 2021 году Польшча выдала 232 тысячы дазволаў на працу. 68% з іх атрымалі ўкраінцы. На другім месцы – беларусы, якія атрымалі больш за 16,5 тысячаў дазволаў, што на 4,3% больш, чым годам раней.

«Палітычныя змены ў Беларусі і звязаная з імі няўпэўненасць грамадзянаў змушаюць іх думаць пра тое, каб пакінуць радзіму. Гэта можна пачуць не толькі ў размовах з працаўнікамі, якія прыходзяць да нас і прама кажуць пра жаданне пераехаць у Польшчу цэлымі сем’ямі, але ў статыстыцы, паколькі колькасць працоўных з Беларусі сёлета павялічылася больш чым на 4 тысячы ў параўнанні з мінулым годам. Такім чынам, нашая краіна можа выйграць ад гэтых палітычных зменаў у эканамічным сэнсе. Ужо цяпер бачна, што патэнцыял эканамічнай міграцыі з Украіны сканчаецца, і Беларусь – адна з лепшых альтэрнатыў для нас», – пракаментаваў сітуацыю старшыня праўлення кампаніі па падборы персаналу Personnel Service S.A Кшыштаф Інглот, і дадаў, што польскія прадпрымальнікі высока цэняць працаўнікоў з Беларусі.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў