Актывіст Ілля Міронаў распавёў пра свой пераезд і далейшыя планы


Гомельскі валанцёр Ілля Міронаў 11 чэрвеня пакінуў Беларусь. Ён вядомы арганізацыяй рок-канцэртаў, а таксама актыўным падтрыманнем палітвязняў: на рахунку Іллі больш за 3000 лістоў зняволеным, а ягоная ініцыятыва «Пішыце лісты» была ў ліку прэтэндэнтаў на перамогу ў Нацыянальнай прэміі за дасягненні ў галіне правоў чалавека. Цяпер актывіст знаходзіцца ў Вільні. Якія ж былі прычыны тэрміновага выезду з Беларусі, а таксама што ў далейшых планах, Ілля Міронаў распавёў нашаму тэлеканалу.

24 кастрычніка 2022 года ў гомельскім судзе Іллю асудзілі за каментар паводле «справы Зельцара» і прызначылі 1,5 года зняволення. Таксама актывіст мусіў сплаціць 200 базавых велічыняў штрафу. Але праз тое, што яго больш як год трымалі за кратамі, Іллю вызвалілі ў зале суда. Праўда, ціск пасля гэтага на актывіста не спыніўся: за апошнія паўгода яго арыштоўвалі пяць разоў. Увесь гэты час ён правёў у мясцовым ІЧУ. Гэта, па словах Іллі, і сталася адной з галоўных прычынаў ягонага тэрміновага ад’езду:

«Мне гэта надакучыла. Кожны выхад з ІЧУ з содняў моцна б’е па псіхіцы. Але апошняй кропкай стала прызнанне «Штодзень Гомель» – гэта навінавы сайт – 7 чэрвеня экстрэмісцкім фармаваннем, а я шмат даваў ім інтэрв’ю, пісаў пра скаргі тады.  Я вырашыў, што гэта небяспечна для мяне».

Ілля Міронаў. Скрыншот з відэа: Штодзень / Youtube

Пра свой пераезд актывіст не шкадуе і лічыць, што ён быў неабходным.

«Скаргі можна пісаць і тут, як мне казала мама, паштоўкі можна пісаць, як гэта робіць беларуская супольнасць у Вільні, у Варшаве і іншых гарадах. Не гледзячы на тое, даходзяць яны ці не, пішуць усё роўна. Сама гэтая дзейнасць аб’ядноўвае людзей. Ну, і я зрабіў для сябе выбар, разумеючы тое, што, на жаль, я хутчэй за ўсё яшчэ не хутка патраплю дадому. Ды і мама сказала: «Ні ў якім разе, нават калі са мной нешта здарыцца, калі мяне затрымаюць, не едзь у Беларусь. Я ўжо неяк сама».

Падзяліўся актывіст і сваім меркаваннем наконт таго, ці мяняюцца палітычныя погляды і актыўнасць гамельчукоў:

«Датычна палітычнай часткі і таго, што адбылося, людзі нават баяцца пра гэта гаварыць. Яны проста адпісваюцца, не лайкаюць і не цікавяцца нават навінамі, а пасля дзівяцца, чаму іх затрымалі за падпіску, якую яны зрабілі ў 2019 годзе, напрыклад, на «Чай з малінавым варэннем». Але што датычна ваеннай агрэсіі, шмат людзей з пачаткам вайны перайшлі на беларускую мову, нават тыя, хто раней ніколі на ёй не размаўляў, бо яны лічаць, што мова – гэта ідэнтыфікацыя беларусаў. Што беларус – ніякі не «рускі са знакам качэства». І яны супраць», – распавядае Ілля Міронаў пра цяперашні настрой людзей у Беларусі.

Ілля Міронаў.
Фота: Илья Миронов/Facebook

Ілля ўпэўнены, што калі беларускім хлопцам выдадуць аўтаматы і прымусова адправяць на вайну, то тыя перойдуць на бок Украіны і будуць ваяваць за яе.

У Вільні актывіст плануе працягваць займацца развіццём беларускай культуры, чаго ён быў пазбаўлены ў Беларусі, прасоўваннем беларускіх музыкаў, арганізацыяй мерапрыемстваў рознага кшталту, а таксама мае намер 1перакласці на беларускую мову і выдаць кнігу «100 гадоў беларускай музыкі».

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў