«Расейцам удвая цяжэй: яны ў аблозе ў краіне і за мяжой». Удзельнікі варшаўскай акцыі да Дня Расеі – пра сябе і свае сцягі


У нядзелю ў розных краінах свету адбыліся антываенныя акцыі расейскай дыяспары, прысвечаныя Дню Расеі. У гэты дзень 32 гады таму на першым з’ездзе народных дэпутатаў РСФСР прынялі Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце РСФСР. На акцыі ў польскай сталіцы сабраліся каля ста чалавек. Карэспандэнт «Белсату» прайшоў з імі ад плошчы Канстытуцыі да амбасады РФ у Варшаве і папрасіў удзельнікаў з рознымі сцягамі распавесці пра сябе і свае сцягі.

Сяргей з бела-сіне-белым сцягам: Выходжу з шыльдачкаю «расеец» – падтрымліваюць і палякі, і ўкраінцы

Сяргей з Санкт-Пецярбургу на антываеннай акцыі да Дня Расеі ў Варшаве з шыльдачкай «Я расеец. Я супраць вайны з Украінаю. Не вайне». 12 чэрвеня 2022 года.
Фота: Дзяніс Дзюба для «Белсату»

Акцыя прымеркаваная да гадавіны падпісання Дэкларацыі суверэнітэту [РСФСР], але асноўная нагода і прычына – жах, звязаны з агрэсіяй Расеі супраць Украіны, з якім мы не можам мірыцца і сядзець моўчкі ўдома.

Я абгорнуты ў бела-сіне-белы сцяг таму, што пад расейскім трыкалорам танкі страляюць па ўкраінскіх гарадах. Гэты сімвал з’явіўся стыхійна ў першыя дні вайны: з расейскага сцяга прыбралі чырвоную стужку, каб паказаць, што мы супраць крыві, а таксама каб візуальна нас можна было адрозніваць ад тых, хто падтрымлівае вайну.

У Польшчу мы з жонкаю пераехалі восем месяцаў таму – у яе польскія карані. Пераезд не быў спантанным, мы пачалі рыхтавацца і вучыць мову, калі ўбачылі, што стала адбывацца пасля атручвання Навальнага. Гэта не ўзнікла знянацку, з ніадкуль. Расея рухалася да гэтага апошнія 20 гадоў. Сёння прымаюцца законы, паводле якіх адказнасць за выказванне меркавання цяжэйшая, чымся за забойства. Бачыўшы, як нашую краіну зацягвае ў сярэднявечнае пекла, я намагаўся браць удзел у выбарах у якасці сябра выбарчай камісіі або назіральніка, больш за дзесяць гадоў хадзіў на акцыі пратэсту.

У Варшаве таксама стараюся хадзіць на ўсе знакавыя акцыі. Тут не так шмат расейцаў, як, напрыклад, у Празе, але тым больш важней кожнаму прыйсці і паказаць, што нас не два чалавекі.

Пра глабальны эфект такіх акцыяў складана казаць, але калі нашыя апазіцыйныя лідары сустракаюцца з кіраўніцтвам розных дзяржаваў, яны могуць апеляваць да таго, што расейцы замежжа паказваюць сваю пазіцыю, разбураючы стэрэатып, быццам у краіне ёсць кансэнсус і ўсе падтрымліваюць гэтак званую спецаперацыю.

Я выходжу з шыльдачкаю, на якой напісана, што я расеец, і ні разу тут не сустрэўся з негатывам. Да мяне падыходзяць палякі і ўкраінцы, усялякім чынам падтрымліваюць.

Вольга з бел-чырвона-белым сцягам: Працягваю змагацца – расследую карупцыйныя схемы

Вольга з Менску на антываеннай акцыі да Дня Расеі ў Варшаве. 12 чэрвеня 2022 года.
Фота: Дзяніс Дзюба для «Белсату»

На гэтую акцыю прыйшла з нашым сцягам, каб паказаць, што беларусы, якія супраць рэжыму ў Беларусі, падтрымліваюць тых, хто супраць рэжыму ў Расеі. Лічу, што цяпер такім расейцам удвая цяжэй: яны ў аблозе ўнутры краіны і за яе межамі.

Я з Менску. У Польшчы жыву ўжо дзевяць месяцаў.

Мяне затрымалі на нядзельным маршы 6 верасня 2020 года, моцна збілі. Яшчэ год я хадзіла на мітынгі, верыла, што ўсё можна змяніць. Я працавала юрыстам у дзяржаўнай арганізацыі – калі там пра гэта даведаліся, то зрабілі ўсё магчымае, каб я сышла з працы. Я паехала ў Расею, думаючы, што, калі мяне пабілі, аштрафавалі і звольнілі, сістэма спыніцца. Праз тры месяцы суседзі паведамілі, што а трэцяй уначы ў мяне ўдома быў ператрус. Я звярнулася ў польскую амбасаду, праз некалькі дзён мне далі гуманітарную візу. Прыехала сюды адна, без нічога – ні кубка, ні лыжкі, ні коўдры. Спала на цыраце, накрывалася курткаю. Першыя тры дні мыла сарціры, потым знайшла іншую працу – цяпер мыю сабакаў у салоне.

Унутрана мяне гэта надламала, але [псіхалагічна] дапамагае даць рады тое, што працягваю змагацца як магу: расследую карупцыйныя схемы. У Беларусі я займалася дзяржаўнымі закупамі, была высакласным спецыялістам.

Я сачу за звесткамі ў адкрытым доступе і дзялюся з журналістамі цікавымі тэмамі. Гэтак, сёлета, ужо пасля пачатку вайны, Беларусь закупіла ў сто разоў больш армейскіх намётаў, чымся папярэднімі гадамі. Калі ў нас не стала больш войскаў, значыць, мы забяспечваем намётамі чужых жаўнераў. Бярэм крэдыты ў Расеі, ставім ім намёты і потым вяртаем доўг.

Лічу, што і паводле закону, і паводле сумлення маю рацыю: закупы павінныя быць празрыстымі. Гэта грошы падаткаплатнікаў, іх нельга марнаваць на вайну.

Алена са сцягам Украіны: Размаўляць па-ўкраінску – мая пазіцыя

Алена з Дняпра на антываеннай акцыі да Дня Расеі ў Варшаве. 12 чэрвеня 2022 года.
Фота: Дзяніс Дзюба для «Белсату»

Я прыехала ў Польшчу праз два тыдні пасля пачатку вайны. Цяпер працую ў салоне прыгажосці. Я тут з украінскім сцягам таму, што ў мяне ёсць сябры-расейцы. Я яшчэ не дагрукалася да іх і не патлумачыла ўсёй сітуацыі, што адбываецца ва Украіне. Але ў мяне застаецца надзея, і таму я тут. Такія акцыі – добрая магчымасць, каб цябе пачулі і пабачылі, а таксама каб адчуць сябе чалавекам, што ты нешта зрабіў, а не сядзеў перад тэлевізарам.

Я з Дняпра, гэта расейскамоўны горад.

Пасля пачатку вайны перайшла на ўкраінскую.

Кожны ўкраінец ведае гэтую мову, але ў нас так павялося, што ў асобных раёнах гавораць па-расейску. Цяпер ва Украіне можна пачуць пра мову акупанта, але раней такога не было: я ездзіла да сяброўкі ў Роўна, ніхто не сказаў дрэннага слова, калі чуў маю расейскую. Цяпер размаўляць па-ўкраінску – мая прынцыповая пазіцыя.

Анастасія Сяргеева, сябра рады асацыяцыі «За вольную Расею» ў Польшчы са сцягам ЕЗ: Свята мы страцілі, сёння гэта дзень жалобы

Анастасія Сяргеева на антываеннай акцыі да Дня Расеі ў Варшаве. 12 чэрвеня 2022 года.
Фота: Дзяніс Дзюба для «Белсату»

Дзень Расеі для мяне быў святам, які адкрываў гісторыю свабоднай краіны ў 1990 годзе. Калі парламент РСФСР прыняў дэкларацыю аб суверэнітэце, ён такім чынам прыняў факт суверэнітэту іншых рэспублік. Сёння для мяне гэта дзень жалобы, свята сёлета мы страцілі канчаткова: праект Расейскай Федэрацыі не стаўся праектам свабоднай Расеі. Цяпер мы павінныя зразумець, як вярнуцца да свабоднай Расеі, у якой хочацца жыць, якою хочацца ганарыцца, якая выконвае законы, свае абавязкі, не хлусіць, якую паважаюць.

Апошнімі месяцамі я вельмі занятая дапамогай іншым расейцам і ўкраінцам, якія сюды прыязджаюць праз вайну. Польшча вельмі гасцінная ў плане падтрымання тых, хто зазнае рэпрэсіі.

Мы з’язджаем у Еўропу таму, што тут лёгка і камфортна. Нашая задача, каб у нашых краінах было падобна.

Трэба разумець, што мы не толькі ваюем з Пуціным і Лукашэнкам ды хочам міру. Гэты мір можа быць дасягнуты толькі тады, калі мы будзем адчуваць, прызнаваць і рэалізоўваць еўрапейскія каштоўнасці. У Еўропе яны рэалізуюцца насамрэч, без маніпуляцыі і хлусні. Таму гэты сцяг вельмі важны для нас.

Юрый з чырвона-чорным сцягам: Супольная барацьба супраць Крамля можа зрабіць вольнымі ўсіх – беларусаў, украінцаў, расейцаў

Юрый з Беларусі на антываеннай акцыі да Дня Расеі ў Варшаве. 12 чэрвеня 2022 года.
Фота: Дзяніс Дзюба для «Белсату»

Сёння мы прыйшлі на акцыю расейскай апазіцыі, каб падтрымаць іхны пратэст і выказаць салідарнасць – як беларусы і як анархісты. Супольная барацьба супраць Крамля можа зрабіць свабоднымі ўсіх – беларусаў, украінцаў і расейцаў.

У нас з калегамі ёсць два віды сцягоў – чорны і дыяганальны чырвона-чорны. Чорны – класічны варыянт усіх анархістаў. Чырвона-чорны сцяг выкарыстоўваюць анархісты-калектывісты, якія змагаюцца не толькі за асабістыя правы кожнага чалавека, але падкрэсліваюць, што гэта павінна быць барацьба ўсяго грамадства. Толькі ў свабодным грамадстве чалавек будзе адчуваць сябе ў бяспецы.

У Польшчу я з’ехаў паўгода таму: шмат якіх анархістаў у Беларусі затрымлівалі, арыштоўвалі і катавалі.

Рэпрэсіі не спыняцца бліжэйшым часам. Але людзям унутры краіны трэба падрыхтавацца да моманту, калі дзяржава аслабее, празявае момант або наступяць прыдатныя геапалітычныя ўмовы. Гэта будзе не падарунак на талерцы – за свабоду давядзецца змагацца.

У 2020 годзе мы былі аб’яднаныя і матываваныя, але, на жаль, не былі гатовыя да маштабу такой вострай рэакцыі дзяржавы. Трэба быць гатовымі, што барацьба будзе складанай і доўгай.

Змагацца можна і за мяжою. Гэта можа быць і дапамога добраахвотнікам, якія адправіліся ваяваць на фронт, і гуманітарная дапамога ўсім, хто мае ў ёй патрэбу. Калі нейкаму актывісту патрэбная дапамога, мы павінныя яму дапамагчы, бо цяжкае асабістае становішча выводзіць чалавека з барацьбы, не дазваляе яму займацца грамадскімі справамі.

Гутарыў Дзяніс Дзюба

 

Стужка навінаў