Беларуская хрысціянская дэмакратыя адраджаецца за мяжой


Беларускія апазіцыйныя рухі, разгромленыя на радзіме, узнаўляюць сваю дзейнасць за мяжой. Зноў будуюць структуры і запрашаюць новых людзей, каб не губляць часу і быць гатовымі, калі сітуацыя ў Беларусі зменіцца.

Не марнаваць часу

Адзін з такіх прыкладаў – беларускія хрысціянскія дэмакраты. «Сябры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» стварылі свае суполкі ў Беластоку і Варшаве і пачалі актыўнае навучанне. «Белсат» наведаў «Партыйную школу БХД» у Беластоку і паразмаўляў з лідарамі арганізацыі, каб даведацца, што яны робяць і навошта ды якую будучыню бачаць для сябе і краіны.

Галоўная мэта сябраў БХД – зрабіць так, каб дэмакратычныя змены ў Беларусі былі незваротныя. «Мы лічым, што нельга губляць часу, які мы праводзім за мяжой, – кажа сустаршыня БХД Георгій Дзмітрук. – Таму цяпер мы пачалі вельмі інтэнсіўна працаваць над аб’яднаннем прадстаўнікоў нашых структураў. Мы спрабуем іх сабраць разам і вызначыцца з нашай дзейнасцю хаця б на бліжэйшы год».

Семінар-прэзентацыя «БХД. Партыйная школа» 11 чэрвеня 2022 года. Беласток, Польшча.
Фота: Белсат

Пачалі з Беластоку. Тут цяпер жыве сам Георгій, і тут ёсць вялікая беларуская дыяспара. Людзі актыўна зацікавіліся дзейнасцю БХД, калі шукалі палітычных ведаў, адзначае суразмоўца.

Сустаршыня партыі БХД Георгій Дзмітрук. Беласток. 11 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

«Мы хочам вярнуцца ў Беларусь, але каб гэта зрабіць паспяхова, неабходна атрымаць веды і мець пэўныя навыкі. Таму мы вучымся. Акрамя гэтага мы навязваем добрыя дачыненні з нашымі еўрапейскімі калегамі, вывучаем іхны досвед у прасоўванні дэмакратычных прынцыпаў», – распавядае палітык.

На ягоную думку, змяненні ў Беларусі наўпрост звязаныя з вынікамі вайны ва Украіне.

«Мы ўпэўненыя ў перамозе ўкраінскага народу і разумеем, што змены на нашай радзіме прыйдуць, калі рэжым Лукашэнкі перастане абапірацца на рэжым Пуціна, – кажа Дзмітрук. – Мы павінны зразумець, што мы, беларусы, гаспадары свайго лёсу, і толькі мы павінны вырашаць, у якой краіне нам жыць».

Не ўсе страчана

Сяргей Верамеенка актыўна выходзіць на акцыі ў Беластоку, тут ён сакратар офісу БХД. Актывіст распавядае, што арганізацыя робіць ужо цяпер. «Мы гуртуем і арганізуем частку нашага актыву, які выехаў за мяжу, сярод іх мы праводзім азнаямленчыя і навучальныя мерапрыемствы. Мы бачылі, што ў тым ліку і нашая праца вылілася ў падзеі 2020 года, і цяпер мы не спыняемся», – кажа Верамеенка.

Сяргей Верамеенка, кіраўнік суполкі БХД у Беластоку, 11 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

Палітык распавядае, што ў Польшчы яны працуюць з еўрапейскімі палітыкамі, каб тыя ўплывалі на ўрады сваіх краінаў. Бо праз іх можна ўздзеяць на рэжым у Беларусі.

Верамеенка верыць, што нягледзячы на сітуацыю, у якой апынулася Беларусь, краіны мы яшчэ не згубілі. «У Беларусі катастрафічная сітуацыя, але мы бачым і верым, што Беларусь не згубленая канчаткова. Акупацыя Беларусі не азначае, што ў нас ужо няма краіны. Мы праходзілі падобныя гістарычныя этапы ўжо некалькі разоў», – кажа Сяргей Верамеенка.

Не згубіць людзей

Яўген Дудкін узначальвае суполку БХД у Варшаве, ён кажа пра важнасць захавання таго, што было ў Беларусі, а галоўнае багацце арганізацыі – гэта людзі.

Яўген Дудкін, кіраўнік суполкі БХД у Варшаве. 11 чэрвеня 2022 года.
Фота: Белсат

«Шмат хто зʼехаў, ахвяраваў сваё жыццё, аддаў здароўе, быў рэпрэсаваны, і мы лічым, што кожны наш сябра – самая галоўная каштоўнасць. І таму першаснае – захаванне стасункаў з нашымі сябрамі, салідарная дапамога і захаванне тых структураў. Пакуль Павел Севярынец застаецца за кратамі, мы можам шмат зрабіць для нашых людзей і нашай краіны тут, у Польшчы, – кажа Дудкін. – Калі мы не можам дапамагчы самі сабе, то як мы можам дапамагчы іншым?»

«Сябры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі» ў вымушанай эміграцыі працуюць над стварэннем планаў і праектаў, якія могуць быць выкарыстаныя ў Беларусі падчас пераменаў. «Мы працуем над планам для будучай Беларусі, для таго каб нашая краіна для жыцця была пабудаваная», – падводзіць вынікі размовы Яўген Дудкін.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў