Вызваленне палякаў і пры чым тут Казахстан

Адказ у шматвектарнасці вонкавай палітыкі Нур-Султану, якой павучыцца мог Уладзімір Макей.

Гэта той момант калі прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталья Эйсмант не магла падмануць і прыгадаць кіраўніка іншай краіны ў кантэксце цалкам выдуманых фэйкавых гісторый. Не тая краіна, і прозвішча вельмі сур’ёзнае. Калі Нурсултан Назарбаеў быў ужо сакратаром ЦК Кампартыі Казахстана і бачыўся з Брэжневым, Аляксандр Лукашэнка быў усяго толькі адказным сакратаром Шклоўскай раённай арганізацыі Усесаюзнага таварыства «Знание». І Назарбаеў для яго вялікі аўтарытэт, таксама як і для Уладзіміра Пуціна. Мае суразмоўцы (вартыя даверу і добра паінфармаваныя крыніцы) пацвердзілі, што «лідар нацыі» (гэта афіцыйны тытул Назарбаева) сапраўды заступіўся за арыштаваныя дзеячаў польскай меншасці падчас размовы з Лукашэнкам. Зразумела, што адбыцца такое магло толькі па просьбе польскага кіраўніцтва. У выніку трох дзяячак польскай меншасці ўлады Беларусі выпусцілі і прымусілі з’ехаць у Польшчу, аднак кіраўніцтва Саюзу Палякаў, Анджэй Пачобут і Анжэліка Борыс, усцяж знаходзяцца ў вязніцы, бо зʼязджаць не пагаджаюцца.

Артыкулы
Трох фігурантак «справы Саюзу палякаў» прымусова вывезлі з Беларусі
2021.06.02 13:23

Ды пры чым тут Назарбаеў? Па-першае былы прэзідэнт Казахстану, дыпламатычна кажучы, не зусім адышоў ад палітыкі, узначальвае ўплывовую Раду Бяспекі, якая з большага вырашае галоўныя кірункі ўнутранай і вонкавай палітыкі. А вось вонкавая палітыка Казахстану гэта не штучная і мімалётная «шматвектарнасць» Уладзіміра Макея. Казахстан да гэтага пытання ставіцца вельмі рупліва і дбаюць пра гэта спецыялісты падрыхтаваныя ў заходніх ВНУ. Уявіце сабе, што Назарбаеў яшчэ ў 1993 годзе стварыў стыпендыяльную праграму «Болашақ» (будучыня) і высылае здольных выпускнікоў у найлепшыя заходнія ўніверсітэты. Усяго дагэтуль па праграме прайшло больш за 10 тыс. чалавек, а толькі ў мінулым годзе за мяжу паехала вучыцца каля 60 чалавек. Пасля навучання вяртаюцца, займаюць пасады ў дзяржаўных структурах, ідуць у дыпламатыю, але ў першую чаргу акцэнт канешне робіцца на эканоміку.

А калі казаць пра эканоміку, з усіх краінаў СНД для заходніх інвестараў найбольш шырока свае дзверы адчыніў менавіта Казахстан. Вось тут мы маем дачыненне з сапраўднай «шматвектарнасцю». Галоўнае прадпрыемства, якое дабывае нафту ў Казахстане – Тенгізшэвройл. Назва падказвае, што галоўным акцыянерам зʼяўляецца амерыканскі – Chevron.

Але не толькі, бо ExxonMobil (ЗША) належыць 25 адсоткаў акцыяў. Каля 20 адсоткаў належыць казахскаму дзяржаўнаму прадпрыемству «КазМунайГаз» і толькі 5 адсоткаў – расейскаму Лукойлу. У Казахстане моцна прысутнічаюць на гэтым рынку таксама брытанска-галандскі Shell (заінвеставаў там больш за 15 млрд долараў) і італьянская карпарацыя Eni. Менавіта таму Казахстан, будучы сябрам ЕАЭС і АДКБ, адмяжоўваецца ад «глыбокай інтэграцыі» з Расеяй, асабліва ў палітычным і міжнародным плане. Нядаўна ў расейскім МЗС «прыпужнулі» Захад, што ў адказ на санкцыі краіны ЕАЭС нібыта разважаюць «супольныя дзеянні». У Нур-Султане хутка гэтаму запярэчылі і паведамілі, што нічога такога Казахстан не плануе і папрасілі «не палітызаваць» ЕАЭС. Маўляў санкцыі супраць Пуціна і Лукашэнкі, а што да гэтага казахам? Толькі эканоміка, нічога больш.

Польшча канешне не галоўны эканамічны партнёр Казахстану на Захадзе, але ў Нур-Султане добры бачаць, што менавіта Варшава мае вялізны ўплыў на «усходнюю» павестку Еўрапейскага Звязу. І гэта зразумела, бо палякі значна больш разумеюць сітуацыю ў былых савецкіх рэспубліках, чым тыя ж іспанцы, французы ці грэкі. Таму дапамагаючы Польшчы з вызваленнем дзеячаў польскай меншасці Казахстан здабывае сімпатыю Варшавы і памятаць пра гэта будуць не толькі дзейны прэзідэнт ці ўрад, але і тыя, хто прыйдзе пасля іх. Бо палякі за мяжой гэта хіба адзіная тэма ў Польшчы якая абʼядноўвае ўсіх, незалежна ад колеру палітычных поглядаў. Вось гэта і ёсць стратэгічнае планаванне, інвестыцыя ў будучыну. Нездарма ж Казахстан мяжуе з Кітаем.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў