Выплаты ветэранам да Дня Перамогі павялічылі ўдвая


Удзельнікі так званай Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць у Беларусі, атрымаюць 4 тысячы рублёў кожны да Дня Перамогі. Гэтая лічба прапісаная ў пастанове ўраду, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Летась выплацілі кожнаму 2 тысячы.

Ветэраны прымаюць віншаванні.
Фота: Мікола Камінскі / Белсат

4 тысячы рублёў мусяць выплаціць інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асобам, якія ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях да 3 верасня 1945 года. Такую ж грашовую дапамогу атрымаюць тыя, хто пасля вайны размініраваў тэрыторыі і аб’екты.

Летась гэтым асобам прызначылі 2 тысячы рублёў.

2 тысячы рублёў (летась было 1100) атрымаюць:

  • узнагароджаныя ардэнамі і медалямі СССР за працу і службу ў тыле ў гады вайны;
  • асобам, якія працавалі на аб’ектах супрацьпаветранай абароны, на будаўніцтве абарончых збудаванняў, аэрадромаў, на прыфрантавых участках чыгункі і аўтадарог;
  • тым, хто працаваў у блакадным Ленінградзе і быў узнагароджаны медалём «За абарону Ленінграду», а таксама асобам, якія атрымалі знак «Жыхару блакаднага Ленінграду».

1 тысячу рублёў (летась – 850 рублёў) пералічаць:

  • чальцам сем’яў вайскоўцаў, партызанаў і падпольшчыкаў, загінулых або зніклых у гады вайны;
  • былым вязням канцлагераў і гета;
  • інвалідам, якія атрымалі раненні, звязаныя з баявымі дзеяннямі ў час вайны.

Паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на сярэдзіну мінулага года, у Беларусі жыве 1,5 тысячы ветэранаў і 8,5 тысяч грамадзянаў, якія пацярпелі ад наступстваў вайны.

Сёлета будзе адзначацца 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецкай акупацыі, з гэтай нагоды ветэранаў узнагародзяць юбілейным медалём.

Аб’ектыў
Чым стаў Дзень Перамогі для Беларусі?
2023.05.09 22:50

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў