Уладзімір Астапенка: Звальненне паслоў без прызначэння новых сведчыць пра тупіковасць беларускай знешняй палітыкі


11 сакавіка Аляксандр Лукашэнка сваім указам вызваліў ад пасадаў некалькі паслоў у краінах Еўразввязу, а таксама пасла ў Кыргызстане. Але на замену ім не прызначыў нікога. «Белсат» пацікавіўся ў намесніка прадстаўніка па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Уладзіміра Астапенкі, пра што сведчыць такое звальненне і як будуць працаваць амбасады ў далейшым.

Будынак амбасады Рэспублікі Беларусь у Нямеччыне.
Фота: Wikipedia

Краіны ЕЗ і Кыргызстан

Паводле ўказа са сваіх пасадаў былі звольненыя пасол Рэспублікі Беларусь у Швецыі і па сумяшчальніцтве ў Нарвегіі Дзмітрый Мірончык, пасол Беларусі ў Фінляндыі і па сумяшчальніцтве ў Даніі Аляксей Самасуеў, беларускі пасол у Нямеччыне Дзяніс Сідарэнка і кіраўнік беларускай дыпламатычнай місіі ў Кыргызстане Андрэй Страчко.

Ва ўказе няма аргументацыі прынятых рашэнняў. Але ці стаіць за гэтым звальненнямі нешта большае, чым простая ратацыя?

З аднаго боку – гэта ратацыя, звычайная рэч у дыпламатычных справах, адзначае Уладзімір Астапенка. Але ў дадзеным выпадку трэба ўдакладніць, што раней пры ратацыі прызначаўся новы пасол і адначасова звальняўся папярэдні. У сувязі з гэтым указы пра звальненне заўсёды фармальна выдаваліся, але пра іх ніколі не расказвалася ў прэсе, бо яны былі, як кажа наш суразмоўца, «ніжэй радара». Аднак на цяперашні момант у Беларусі сфармавалася «новая пратакольная практыка».

«Сёння відавочна, што пасланцаў Лукашэнкі нідзе ў цывілізаваным свеце не чакаюць і нідзе не вітаюць. Таму ім нічога іншага не застаецца, як толькі звальняць амбасадараў без прызначэння новых. І гэта сведчыць пра тупіковасць беларускай знешняй палітыкі», – адзначыў Уладзімір Астапенка.

Тэарэтычна, кажа наш суразмоўца, пасол можа быць прызначаны, але для гэтага трэба атрымаць згоду краіны яго знаходжання.

Амбасады будуць працаваць і далей

Што ж датычыцца працы амбасадаў у адсутнасць паслоў, то Уладзімір Астапенка адзначыў, што яны будуць функцыянаваць у звычайным рэжыме.

«Пасольства працуе ў адсутнасць пасла пад кіраўніцтвам часовага паверанага, звычайна гэта старэйшы дыпламат, які застаецца там і чакае прызначэння новага пасла», – адзначыў Астапенка, падкрэсліўшы, што ён не спадзяецца на тое, што новыя амбасадары ўсё ж з’явяцца.

«У гэтым кантэксце ўзнікае пытанне наогул пра эфектыўнасць рэжымных амбасадаў, якія сядзяць у ізаляцыі і ні з кім не камунікуюць. На гэтым фоне ўсё больш і больш актыўна працуюць народныя амбасады Беларусі – і ў той жа Швецыі, і ў той жа Нямеччыне – і прадстаўніцтва Кабінета па знешніх сувязях. І зразумела, што мы ізалюем Лукашэнку на міжнароднай арэне і адбіраем у яго павестку», – адзначыў Уладзімір Астапенка.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў