Працаўніку «Мазырсолі» прыгразілі звальненнем за паленне. Пасля вымовы ён памёр на працоўным месцы


На прадпрыемстве ААТ «Мазырсоль» 1 снежня памёр працаўнік. Раней у той жа дзень дырэктар прыгразіў яму звальненнем, паведамляе «Флагшток».

Мікалай Заяц.
Фота: скрыншот з відэа тэлеканалу «Мазыр»/ Флагшток

Імя памерлага – Мікалай Заяц. Ён працаваў сушыльшчыкам цэху № 2 не адзін дзясятак гадоў.

«Пасля ўвядзення забароны на паленне працаўнікі сользаводу хаваліся і палілі ў цэхах. Мікалая злавіў начальнік і далажыў кіраўніцтву. Дырэктар прыгразіў яму, што не працягне кантракту. Коля ўзяў усё блізка да сэрца. Перад сканчэннем той жа змены памёр», – распавёў знаёмы мужчыны.

Блогер Андрэй Павук патэлефанаваў кіраўніку «Мазырсолі» Уладзіміру Дворніку (раней ён узначальваў Гомельскі аблвыканкам) і запытаўся пра гібель працаўніка.

«Не загінуў. Проста сэрцавая няздатнасць. Памёр», – адказаў кіраўнік і кінуў слухаўку.

Уладзімір Дворнік увёў на прадпрыемстве жорсткія захады для барацьбы з паленнем сярод працаўнікоў. Згодна з ягоным загадам, асоба, якая не паліць на тэрыторыі заводу, атрымлівае штомесячную матэрыяльную ўзнагароду. Аднак калі хоць аднаго чальца брыгады зловяць на паленні ў неадпаведным месцы, спагнанне будзе ўжытае да ўсёй брыгады.

Камісія ў справе культуры вытворчасці ААТ «Мазырсоль».
Фота: mazyr.by

Акрамя таго, працаўнікоў «Мазырсолі» абавязалі добраўпарадкоўваць тэрыторыю прадпрыемства.

«Падыход да добраўпарадкавання ў ААТ «Мазырсоль» вельмі падобны да таго, што практыкуецца ў беларускай арміі. У аснову пакладзены прынцып аднастайнасці і калектыўнай адказнасці», – піша «Флагшток».

Для кантролю працаўнікоў на прадпрыемстве была створаная «камісія ў справе культуры вытворчасці», якую ўзначаліў галоўны інжынер.

Hавiны
Работнік «Гомсельмашу» забіў сябе, скокнуўшы з будынку заводу. Давялі экс-міліцыянты?
2023.12.03 20:17

На «Гомсельмашы» 29 лістапада здзейсніў самагубства 30-гадовы работнік. Ён скочыў з пятага паверху будынку заводакіраўніцтва. Імя загінулага – Арцём Сідарук. Знаёмыя хлопца звязвалі ягоную смерць з былымі міліцыянтамі, якія цяпер працуюць на заводзе і «цкуюць рабацяг і кіраўніцтва».

«Хлопца таго, відаць, давялі, бо ён пайшоў у кабінет да гэтых экс-службоўцаў, а адтуль – зняў куртку і выйшаў у акно», – паведамлялі крыніцы, знаёмыя з абставінамі здарэння.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў