Двух гамельчукоў будуць судзіць за блакаванне дарог. Яны не былі знаёмыя, а следства назвала іх «групай»


У судзе Цэнтральнага раёну Гомля 15 снежня распачнецца суд над двума мужчынамі, якіх абвінавачваюць у масавых закалотах з блакаваннем дарог – 31-гадовага Дзмітрыя Грышчанка і 45-гадовага Станіслава Мачалава, паведамляе выданне «Флагшток».

Дзмітрый Грышчанка і Станіслаў Мачалаў.
Фота: Флагшток

Справа датычыць акцыі пратэсту, якая праходзіла ў Гомлі 20 верасня 2020 году. Удзельнікі акцыі, ратуючыся ад амапаўцаў, перабеглі праз праезджую частку вуліцы Савецкай. Следства кваліфікавала гэта як «блакаванне дарогі» групай асобаў.

Былы супрацоўнік «Беларуснафты» Дзмітрый Грышчанка і праграміст Станіслаў Мачалаў не былі знаёмыя адзін з адным, кажуць іхныя сваякі. Аднак следства аб’яднала іх у групу.

Грышчанку і яшчэ чацвярых супрацоўнікаў «Беларуснафты» затрымалі 14 траўня бягучага году пасля таго, як міліцыя атрымала доступ да закрытага тэлеграм-чату.

Станіслаў Мачалаў – праграміст. Яго затрымалі 28 траўня. Падчас ператрусу ў яго ўдома ягонай маці на пытанне пра прычыны затрымання сілавікі адказалі: «Нечага было гуманітарную візу рабіць». Вядома, што напярэдадні затрымання гамяльчук атрымаў польскую гуманітарную візу.

Сваячка Мачалава распавяла пра ўмовы, у якіх цяпер утрымліваецца Станіслаў.

«Стас кажа, што цяпер палітычных стала шмат у СІЗА. Стас спрабуе «па законе» супрацьстаяць сістэме, за змест лістоў ваюе, за тое, што не адпраўляюць лісты. Просіць закон паказаць, які рэгулюе змест лістоў. Цяпер захварэў там, кажа, што пасялілі да іх пару новых чалавек, а яны з вірусам прыйшлі, цяпер уся кампанія хварэе. А так у яго гіпертанія пастаянная і галавакружэнні, у тым ліку ад недахопу паветра», – кажа жанчына.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў