Ціханоўская выступіла за «Еўразвяз ад Малагі да Менску, ад Лісабона да Тбілісі»


У іспанскай Малазе абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у Кангрэсе Еўрапейскіх сацыялістаў і дэмакратаў і выступіла перад кіраўнікамі дзяржаваў і ўрадаў, палітычных лідараў і актывістаў з усёй Еўропы. Пра гэта «Белсату» паведамілі ў офісе беларускай лідаркі.

Выступ Святланы Ціханоўскай на кагрэсе Партыі еўрапейскіх сацыялістаў.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Партыя Еўрапейскіх сацыялістаў аб’ядноўвае сацыял-дэмакратычныя і прагрэсіўныя партыі Еўропы і з’яўляецца адной з галоўных у Еўразвязе. Падчас выступу Святланы Ціханоўскай у залі прысутнічалі канцлер Нямеччыны Оляф Шольц, прэм’ер і міністр замежных спраў Іспаніі Пэдра Санчэс і Хасэ Альбарэс, ценявы міністр замежных спраў Вялікай Брытаніі Дэйвід Лэмі, міністарка замежных спраў Славеніі Таня Фаён і шмат іншых палітыкаў свету – агулам каля 1000 дэлегатаў.

Ціханоўская акцэнтавала ўвагу на ролі беларускіх сацыял-дэмакратаў у абароне незалежнасці нашай краіны – прадстаўнікоў партыяў «Грамада» і «Народная Грамада», якія, нягледзячы на палітычныя рэпрэсіі «не здаліся і працягваюць змагацца за вольную Беларусь».

Hавiны
Святлана Ціханоўская ў Еўрапарламенце: Еўрапейскі Звяз – нашая галоўная мэта
2023.09.13 17:30

Палітык таксама падкрэсліла важнасць еўрапейскага выбару для беларусаў і суседніх краінаў:

«Без Беларусі, Украіны ці Малдовы еўрапейскі праект ніколі не будзе завершаны. Еўразвяз ад Малагі да Менску, ад Лісабона да Тбілісі, – гэта не проста мара. Гэта мэта.

Нашая мэта – пабудаваць краіну, дзе сацыяльныя правы гарантаваныя, а не проста дэкларуюцца. Мэта – вярнуць сваю краіну да дэмакратыі. Таму што пры тыраніі няма незалежных прафсаюзаў, дасведчанасці пра клімат, правоў ЛГБТК і гендарнай роўнасці. І, вядома ж, няма ніякіх выбараў».

Таксама Ціханоўская заклікала ўдзельнікаў кангрэсу далучыцца да Дня салідарнасці з Беларуссю 12 лістапада.

Апошнім часам абраная прэзідэнтка Беларусі ўсё часцей кажа пра важнасць еўрапейскага выбару для Беларусі. 13 верасня яна, выступаючы з прамовай перад дэпутатамі Еўрапарламенту, пацвердзіла, што галоўная стратэгічная мэта дэмакратычных сілаў – гэта Еўразвяз.

«Свет павінен перастаць думаць пра Беларусь як пра частку Расеі. Мы былі часткай Еўропы за шмат стагоддзяў да таго, як у Беларусь прыйшла Расея. Павага і абарона беларускага еўрапейскага выбару – вось што мусіць быць неад’емнай часткай палітыкі Захаду», – заявіла палітык на Варшаўскім форуме бяспекі ў кастрычніку.

Hавiны
«Мы былі часткай Еўропы». Ціханоўская заклікала Еўразвяз адчыніць дзверы для беларусаў
2023.10.05 15:57

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў