СБУ выкрыла імаверных наводчыкаў удару па сяле Гроза, ад якога загінулі 55 чалавек


Двум жыхарам сяла Гроза ў Харкаўскай вобласці выставілі падазрэнні ў дзяржаўнай здрадзе і іншых злачынствах – іх падазраюць у навядзенні расейскага ўдару на кавярню, дзе мірныя жыхары сабраліся на памінкі.

rosja ukraina ostrzał hroza kupiańsk ofiary kawiarnia
Разбурэнні пасля ракетнага ўдару па прадуктовай краме і кавярні ў паселішчы Гроза.
Фота: Олег Синегубов / Telegram

Як расказвае Служба бяспекі Украіны, 30-гадовы Уладзімір Мамон і ягоны малодшы брат, 23-гадовы Дмытро Мамон, падчас акупацыі перайшлі на расейскі бок, атрымалі пасады ў акупацыйнай адміністрацыі, перад вызваленнем сяла ўцяклі ў Расею, але працягвалі дыстанцыйна фармаваць сетку інфарматараў на тэрыторыі, падкантрольнай Украіне.

Пад выглядам звычайных сяброўскіх размоваў і перапісак яны збіралі інфармацыю пра масавыя імпрэзы і дыслакацыю сілаў абароны – сярод іншага даведаліся пра перапахаванне абаронца Украіны ў сяле Гроза і пра памінкі ў кавярні. Уладзімір Мамон даведаўся дакладныя час і месца сходу, перадаў яго расейскім сілам, а тыя ўдарылі па кавярні з комплексу «Іскандэр М».

Браты не затрыманыя, ва Украіне збіраюцца абвясціць іх у вышук. СБУ сцвярджае, што яны разумелі, што ў выніку варожай атакі на кавярню пацярпяць мірныя жыхары, у тым ліку іхныя знаёмыя. У паведамленні СБУ прыводзяцца фрагменты перапісак братоў.

Удар па сяле Гроза нанеслі 5 кастрычніка. Былі забітыя 55 чалавек, але абласная пракуратура дапускае, што колькасць загінулых можа вырасці да 58 – яшчэ тры асобы зніклыя без вестак. Крыміналісты і судова-медычныя эксперты працягваюць ідэнтыфікацыю загінулых, але праца ідзе цяжка: паводле прадстаўніка пракуратуры, цела аднаго з загінулых было разарванае прынамсі на 19 частак.

Hавiны
З танкаў, «Градаў» і самалётаў. Расейскія войскі знішчаюць украінскую Аўдзееўку
2023.10.10 15:47

Алесь Наваборскі belsat.eu 

 

Стужка навінаў