Пастанова № 666: беларускім мужчынам трэба значна больш салодкага і рысу, чым жанчынам


Для людзей рознага полу і ўзросту ў Беларусі па-рознаму лічаць пражыткавы мінімум. Відавочна, што малому дзіцяці ежы трэба менш за дарослага чалавека, што мужчыны ў сярэднім маюць большую вагу за жанчын і спажываюць больш калорыяў. Але некаторыя пункты новай пастановы ўраду аб пражыткавым мінімуме выклікаюць пытанні. 

Шакалад «Прэзідэнт»
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Belta.by

На пастанову ўраду № 666 аб змене ранейшай пастановы аб змене яшчэ больш ранейшай пастановы звярнуў увагу Kyky.org. У гэтай пастанове цікавыя не толькі рэкурсія і біблійны «лік звера», але і тое, што некаторыя нормы для мужчынаў і жанчын вельмі розняцца.

Жанчыны ў сярэднім спажываюць менш калорыяў, чым мужчыны. У санітарных нормах Беларусі (PDF) лічыцца, што сярэдняя маса мужчыны – 70 кг, жанчыны – 60 кг. Жанчынам звычайна раяць спажываць на 15–20 % менш калорыяў, чым мужчынам.

Але ў пастанове № 666 нормы на некаторыя прадукты для мужчынаў і жанчын адрозніваюцца больш істотна. Жанчынам адносна мужчынаў налічылі:

• на 80 % менш рысу;

• на 77,5 % менш кандытарскіх вырабаў;

• на 55 % менш малака;

• на 40 % менш каўбасы і на 47 % менш свініны, на 50 % менш субпрадуктаў і на 45 % менш свежай рыбы;

• на 41 % менш пшанічнага хлеба (пры тым, што жытняга на 17 % менш);

• на 36 % менш зеляніны, на 25 % менш капусты;

• на 70 % менш кансерваванай гародніны, але на 77 % больш агуркоў і на 65 % больш памідораў;

• на 75 % больш проса, на 59 % больш груцы (ячных крупаў), на 27 % больш грэцкіх крупаў…

Пры гэтым для людзей пенсійнага ўзросту, дзяцей і падлеткаў нормы не залежаць ад полу. Але калі лічылі набор для сям’і, 13-гадоваму хлопчыку і 7-гадовай дзяўчынцы палічылі розныя нормы спажывання.

Гэтыя нормы адрозніваліся для мужчынаў і жанчын і раней. У параўнанні з нормамі 2021 года мужчынам павялічылі спажыванне хлеба, агуркоў, малака, сыру, ялавічыны, а зменшылі – масла і алею, свініны. Жанчынам зменшылі спажыванне хлеба, рысу, капусты, морквы, свежай рыбы, а павялічылі – памідораў, агуркоў, кісламалочных прадуктаў…

Чаму так, Савет Міністраў не тлумачыць.

Ад таго, колькі каму налічваюць ежы, залежыць разлік бюджэту пражыткавага мінімуму. Цяпер ён складае 364,4 рубля на месяц у сярэднім на душу насельніцтва (лічбы розныя для розных узроставых групаў). А ад гэтага бюджэту залежаць розныя сацыяльныя выплаты, у тым ліку мінімальныя працоўныя пенсіі і дапамога на дагляд людзей з інваліднасцю.

Глабальнае пытанне
«Дыктатура – і кропка». Фастфуд забралі алігархі
2022.12.20 20:13

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў