Мора, сонца і беларусы. Стваральнікі Народнага пасольства Беларусі ў Чарнагорыі дзеляцца досведам легалізацыі


Беларусы з розных куткоў Чарнагорыі зладзілі 9 жніўня акцыю ў Будве – да гадавіны паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі. Падчас акцыі ў фартэцыі Могрэн гучалі воклічы «Жыве Беларусь!» і «Верым, можам, пераможам!». Карэспандэнтка «Белсату» пагутарыла з арганізатарамі і ўдзельнікамі.

Акцыя беларускай дыяспары ў Чарнагорыі. 9 жніўня 2022 г.
Фота: Белсат

«У 2020 годзе дыяспара была больш актыўная, чымся цяпер, людзі збіраліся амаль кожныя выходныя», – распавядае Людміла, якая прыехала ў Чарнагорыю ў ліпені 2020 года. Жанчына адна з першых збірала актывістаў мясцовай дыяспары: «Уласна мы зарганізавалі першую сустрэчу, чат. І паступова зразумелі, што сюды вельмі шмат беларусаў прыязджае. У выніку чат ужо на 1000 чалавек, але, вядома, не ўсе тут. Мы стварылі Народнае пасольства Беларусі ў Чарнагорыі, стараемся дапамагаць інфармацыйна».

Сустрэчы ладзяцца не так часта, адзначае Аліна, якая жыве ў Чарнагорыі каля сямі гадоў: «Цяпер мы збіраемся радзей. Па-першае, ініцыятывы і жадання стала менш, крыху апусціліся рукі, бо нічога не адбываецца. Па-другое, усё ж такі ўлетку тут вельмі горача, я думаю, што ўвосень, узімку мы будзем часцей збірацца. Хто з Беларусі цяпер прыязджае, мне здаецца, не адчувае сябе самотным, бо ў кожным горадзе ўжо ёсць невялікія супольнасці беларусаў, можна адразу апынуцца ў кампаніі сваіх людзей».

Акцыя беларускай дыяспары ў Чарнагорыі. 9 жніўня 2022 г. Фота: Белсат
Акцыя беларускай дыяспары ў Чарнагорыі. 9 жніўня 2022 г. Фота: Белсат

Чарнагорыя – бязвізавая краіна для беларусаў, таму сюды даволі лёгка было заехаць. «З дакументамі не было праблемаў. Тут даволі лёгкая легалізацыя для постсавецкай прасторы. Але ж з 2021-га ўвялі апастыль, і гэта сталася праблемаю. Каб яго паставіць, трэба ехаць у амбасаду Беларусі ў Сербіі, у Бялград, што займае час і каштуе каля € 70 за адзін дакумент», – кажа Аліна. Беларусы спрабавалі паўплываць на сітуацыю, збіралі подпісы за адмену рашэння. Паводле суразмоўцаў «Белсату», гэтыя патрабаванні ствараюць праблему пры легалізацыі і падачы дакументаў на ВНЖ.

На новым месцы пры пераездзе шмат клопатаў: пошук жытла, працы, уладкаванне дзіцяці ў школу ці садок.

«Працу не так проста знайсці, але можна, і гэта галоўнае. Уладкавацца на працу можна ў сферы турызму, нерухомасці, на будоўлі, шмат дзе яшчэ. На нармальнае жыццё ўсе зарабляюць. Мінімальны заробак – € 450, што ўтрая больш, чымся ў Беларусі. Сярэдні заробак на сям’ю, на дваіх чалавек, павінен быць не меншы за € 800–1000, калі дзеці, то ўжо больш. З Украіны цяпер вялізная плынь людзей, праз што цэны на нерухомасць выраслі ў разы. Жытло можна знайсці за тыя ж грошы, што і раней, але якасць нашмат горшая. Раней за € 350 можна было добрага ўзроўню знайсці кватэру. Прадукты падаражэлі, але падаражэла ўва ўсім свеце, падаражэў бензін. Але не настолькі крытычна, каб панікаваць», – распавядае Аліна.

Акцыя беларускай дыяспары ў Чарнагорыі. 9 жніўня 2022 г.
Фота: Белсат

«Маё дзіця ходзіць у прыватны садок. Мы падаваліся ў дзяржаўны, але чарга: як і ў многіх краінах, тут бракуе месцаў. За поўны дзень, харчаванне, вывучэнне англійскай мовы, гульні, якія развіваюць, аддаем € 250. У Менску было значна даражэй. У Бараўлянах прыватны дзіцячы садок каштуе каля $ 560», – дзеліцца досведам Людміла.

Але ж не ўсім так пашанцавала з уладкаваннем свайго дзіцяці і з хуткаю легалізацыяй. Алена ў Чарнагорыі ўжо тры месяцы. Кажа, тут вельмі дорага, цяжка легалізавацца, калі няма грошай: «Галоўным чынам легалізуюцца праз адкрыццё фірмы, сябе прызначаюць дырэктарамі. Адкрыццё такой фірмы каштуе каля € 700, потым на ўтрыманне такой фірмы ідзе прыблізна € 150–200 за месяц. Калі ёсць нармальны стабільны даход, то можна так легалізавацца».

У жанчыны двое дзяцей, цяпер уладкоўвае іх у школу, яны потым будуць легалізоўвацца праз навучанне. Дзіця ідзе вучыцца, на гэтай падставе атрымлівае ВНЖ, а потым сямʼя з ім узʼядноўваецца.

Акцыя беларускай дыяспары ў Чарнагорыі. 9 жніўня 2022 г.
Фота: Белсат

Насельніцтва Чарнагорыі складае больш за 600 тысячаў чалавек. Паводле падлікаў дыяспары, у краіне цяпер жывуць 300–400 беларусаў. Гэта і тыя, хто даўно пераехаў, і тыя, хто зусім нядаўна: кожны можа разлічваць на падтрыманне суайчыннікаў.

ГР belsat.eu

Стужка навінаў