Вынікі чэмпіянату Беларусі па футболе перагледжаныя. «Шахцёр» пазбавілі чэмпіёнскага тытулу


Новы скандал у беларускім футболе – знайшлі «нячэсные» клубы, трэнераў і футбалістаў. Абвясцілі санкцыі. Ва ўдзеле ў дамоўных матчах былі абвінавачаныя: чэмпіён Беларусі 2022 года – салігорскі «Шахцёр»; віцэ-чэмпіён – «Энергетык-БДУ»; бабруйская «Белшына». Для ўсіх гэта стварае сур’ёзныя наступствы, а чэмпіянат Беларусі – 2022 застанецца без чэмпіёна.

«Шахцёр» – чэмпіён Беларусі 2020 года.
Фота: ФК «Шахцёр»

Заход эпохі «Шахцёра»

Увесну 2023 года АБФФ правяла сваё расследаванне наконт дзіўных матчаў у чэмпіянаце Беларусі з удзелам гэтай тройкі камандаў. Сваё расследаванне вядуць і сілавікі, якія пабывалі ў офісах клубаў і затрымалі некалькі асобаў. Так што, акрамя пастановы футбольных уладаў, будзе яшчэ суд ды магчымыя рэальныя тэрміны.

Нагадаем, што «Шахцёр» пасля 2020 года стаў лідарам беларускага футболу, кіраўніцтва «Беларуськалію» не шкадавала грошай на каманду, у выніку «гарнякі» выйгралі тры чэмпіянаты запар. Адзін тытул яны страцілі 11 траўня. Пастановаю дысцыплінарнага камітэту АБФФ «Шахцёр» пазбаўлены чэмпіёнскага звання і месца ў Лізе чэмпіёнаў. У чэмпіянаце сёлетняга сезону ў салігорскага клубу забяруць 30 пунктаў, а налета – яшчэ 20.

Упершыню ў сваёй гісторыі «Энергетык-БДУ» заваяваў медалі чэмпіянату – срэбра ў мінулым сезоне. Цяпер ён іх таксама страціў, як і 20 пунктаў у гэтым сезоне ды 10 у наступным. «Белшыну» пазбавілі 10 пунктаў у гэтым сезоне і 5 у наступным.

Пры гэтым у АБФФ пастанавілі нікому не аддаваць званне чэмпіёна і віцэ-чэмпіёна сезону-2022, а бронза таго чэмпіянату застанецца ў БАТЭ, каманда можа выступіць у Лізе чэмпіёнаў. У еўракубках пры пэўных умовах могуць згуляць менскае «Дынама», «Іслач», «Тарпеда-БЕЛАЗ» або «Менск».

Што азначае гэты вырак? Фактычна – заход эпохі «Шахцёра». Улады ўжо вылучылі на ролю новага лідара менскае «Дынама», сурʼёзныя праблемы мае фабрыка гадавання талентаў з «Энергетыка-БДУ», і вельмі імаверным падаецца вяртанне ў першую лігу бабруйскай «Белшыны», якая мае сурʼёзныя фінансавыя праблемы. Заўважым, што два з трох праектаў, якія трапілі пад санкцыі роднай федэрацыі, апынуліся пад эканамічнымі санкцыямі ЕЗ. «Шахцёр» і «Энергэтык» ужо падалі апеляцыі на гэтыя пастановы.

Персанальныя санкцыі

У прыватнасці, персонамі non grata абвешчаныя былы спартовы дырэктар салігорскага «Шахцёра» Уладзімір Нідэргаўс, а таксама былы гулец «Белшыны» Дзмітрый Гомза. Яны ніколі больш не змогуць працаваць у беларускім футболе.

«Той жа Нідэргаўс прыехаў сюды, як той казаў, «дзербаніць бабло». «Беларуськалій» мае вельмі шмат грошай, дык падабраць гэтыя грошы марылі многія. І вось Нідэргаўс – адзін з іх. Я думаю, што ягоная роля была адной з ключавых у гэтым працэсе», – казаў «Белсату» Андрэй Чэпа, экс-дырэктар дэпартаменту судзейства і інспектавання АБФФ.

Намеснік спартовага дырэктара салігорскага «Шахцёра» Уладзімір Нідэргаўс шукаў гульцоў для клубу. Былая легенда валгаградскага футболу, ён працаваў у найлепшым футбольным клубе Беларусі з траўня 2021 года. За гэты час на набыццё футбалістаў клуб выдаткаваў сотні тысяч еўраў. Пры гэтым, як сцвярджаюць крыніцы «Белсату», у гэтым пытанні зусім няма празрыстасці. Аб’ёмы купляў і продажаў значна знізіліся леташнім летам, калі галоўны спонсар «Беларуськалію» трапіў пад санкцыі. Уладзімір Нідэргаўс пакінуў «Шахцёр» і планаваў працягнуць кар’еру ў казахстанскім клубе «Табыл», але не паспеў выехаць з Беларусі. Нідэргаўса вінавацяць у махлярстве. Вядома, што ён мае грамадзянствы трох краінаў: Расеі, Казахстану і Нямеччыны. Нідэргаўс быў затрыманы 22 студзеня 2023 года.

36-гадовы Зміцер Гомза нарадзіўся ў Баранавічах і зорак з неба, як той казаў, не хапаў. За карʼеру ён змяніў 12 клубаў і здабыў толькі два тытулы – у 2012 годзе стаў уладальнікам Суперкубку Беларусі з «Гомлем», а ў 2016 годзе з тым жа ФК «Гомель» перамог у першай лізе чэмпіянату Беларусі (другі паводле статусу дывізіён).

Яшчэ адзін персанаж, які трапіў пад санкцыі, – дзяржаўны трэнер Анатоль Юрэвіч, вядомы цяперашняю працаю ў «Энергетыку-БДУ», дыскваліфікаваны на 5 гадоў. Самае цікавае, што менавіта ён прымаў у АБФФ многія ключавыя пастановы, але ў выніку сістэма праглынула і яго.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Футбаліст салігорскага «Шахцёра» на матчы са «Славіяй». Мазыр, Беларусь. 24 ліпеня 2022 года.
Фота: ФК «Шахцёр» Салігорск

Але для беларускага футболу 65-гадовы трэнер, безумоўна, топ. Ён першы перапыніў гегемонію менскага «Дынама», калі здабыў у 1996 годзе з мазырскай «Славіяй» званне чэмпіёнаў Беларусі. Сотнямі гадаваў футбалістаў, у кожнай беларускай футбольнай камандзе можна знайсці гульцоў, якія прайшлі праз рукі Юрэвіча. Паспяхова працаваў ва Украіне і Казахстане. Амаль няма сумневаў, што Анатоль Юрэвіч зараз зʼедзе з Беларусі.

Яшчэ аднаму са спісу рэпрэсаваных зʼехаць пакуль не ўдасца. У дачыненні дырэктара «Шахцёра» Аляксандра Марчанкі завялі крымінальную справу за злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі. Яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі. І ён 4 гады не зможа працаваць у беларускім футболе. Нашыя крыніцы паведамляюць, што ў справе «Шахцёра» затрыманыя яшчэ некалькі асобаў.

Яшчэ 27 асобаў атрымалі дыскваліфікацыі ад 0,5 да 3 гадоў. Сярод іх, напрыклад, гулец зборнай Беларусі Мікіта Карзун і лідар берасцейскага «Дынама» Міхаіл Гардзяйчук. Але ёсць нюанс: калі гэтыя асобы заплацяць штрафы – діскваліфікацыяў не будзе. Напрыклад, з Карзуна хочуць 300 базавых велічыняў (11 100 рублёў), а з Гардзяйчука – 500 базавых велічыняў (18 500 рублёў).

«Дамоўныя гульні ў беларускім футболе былі заўжды, як і стымуляцыя супернікаў грашыма. «Шахцёр» доўгі час вёў не зусім прыгожую гульню, пакуль не далі каманды «фас!», пад замес трапілі яшчэ дзве каманды. Міністр спорту Кавальчук хоча, каб чэмпіёнам было менскае «Дынама» – значыць, будзе. У Беларусі даўно няма правілаў і законаў», – кажа «Белсату» спартовы журналіст, які застаецца ў Беларусі.

Яшчэ не забыліся пра мінулы скандал

Тады мацней за ўсіх атрымаў «Нафтан» – каманда з Наваполацку была пазбаўленая 15 пунктаў у сезоне-2020. Светлагорскі «Хімік» пачаў выступленне ў першай лізе з мінус 9 пунктаў, а «Ліда» і «Ворша» – з мінус 3. Клуб другой лігі «Нёман-Агра» таксама пазбаўлены 3 пунктаў. Гульцы Аляксей Сучкоў («Нафтан», Наваполацк) і Валерый Бяляўскі («Хімік», Светлагорск) пажыццёва дыскваліфікаваныя федэрацыяй і прызнаныя персонамі non grata ў выніку расследавання.

У якасці абвінавачаных у крымінальнай справе былі прыцягнутыя 20 асобаў, сярод якіх – 17 футбалістаў. Яны займаліся арганізацыяй і ўдзелам у дамоўных матчах з лютага 2017 да студзеня 2019 года.

Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў