«BELPOL»: У Беларусі хочуць адмяніць абмежаванні максімальнай колькасці звышурочных работаў, у тым ліку ў выхадныя дні


У Беларусі збіраюцца бліжэйшым часам адмяніць абмежаванні максімальнай колькасці звышурочных работаў і прыцягнення персаналу прадпрыемстваў да працы ў выхадныя дні. Пра гэта паведаміла арганізацыя «BELPOL».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: belarus.travel

Паводле інфармацыі былых сілавікоў, якія перайшлі на бок народу, Міністэрства прамысловасці разам з Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны ўжо накіравала прапановы аб прыняцці такіх захадаў Лукашэнку.

Згодна з цяперашнімі нормамі Працоўнага кодэксу, звышурочныя работы не павінны перавышаць для кожнага працаўніка 10 гадзінаў на працоўны тыдзень і 180 гадзінаў на год. Таксама дапускаецца выкарыстоўваць для працы не больш за 12 выхадных дзён на год для кожнага работніка.

Адмена абмежаванняў, як цытуе «BELPOL», будзе праведзеная дзеля «стабільнага функцыянавання вытворчых арганізацыяў». Прадстаўнікі «BELPOL» мяркуюць, што ў хуткім часе, нягледзячы на нормы Працоўнага кодэксу, у калектыўных дамовах, якія заключаюцца на прадпрыемствах, можа быць адлюстраванае павелічэнне максімальнай колькасці звышурочных работаў, у тым ліку ў выхадныя дні.

Аўтары звязваюць з’яўленне такой нормы з тым, што «на шматлікіх прадпрыемствах хранічна не хапае работнікаў». Пры гэтым адказнасці за невыкананне расейскіх вайсковых замоваў «ніхто не адмяняў».

Яшчэ адна акалічнасць, на якую звяртае ўвагу «BELPOL», звязаная з тым, што нават паводле новай «лукашэнкаўскай канстытуцыі» так званы прэзідэнт не мае права выдаваць указаў і распараджэнняў, якія супярэчаць законам, да якіх адносіцца ў тым ліку і Працоўны кодэкс. Імаверна, адпаведная норма будзе прапісаная ў адмысловым указе Лукашэнкі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў