«Раскоша ў самым цэнтры Менску». Квартал для беларускіх мільянераў, якім не да таго

У квартале «Дэпо» ля плошчы Перамогі будуюцца першыя тры дамы. У продажы пакуль два. У іх саму малую і самую танную (90 квадратных метраў) кватэру з вокнамі на поўнач і абавязковым месцам на паркінгу прадаюць за 350 тысяч долараў. За кватэру плошчаю 126 квадратных метраў з паркінгам хочуць ужо 475 тысяч долараў. Гэта без аздаблення, так бы мовіць, чыстае палатно.

Квартал «Дэпо» цяпер абмяркоўваюць хіба часцей за іншыя новабудоўлі. Людзі больш сціплых даходаў абменьваюцца думкамі пра знос будынку, у якім размяшчалася культавая галерэя «Ў». Людзі з грашыма абмяркоўваюць цэннік. Верхавіна сярэдняга класу разлічвала, што зможа перасяліцца сюды са сваіх прыстойных кватэраў, бо ўсё новае, усё будзе еўрапейскага ўзроўню, ад архітэктуры да лагістыкі, ну і цэнтр, зноў жа, плошча Перамогі. Яшчэ год таму яны гадалі, колькі будзе каштаваць квадратны метр. Меркавалі, 2,5 тысячы долараў за квадратны метр, ну, 2,8 тысячы.

Галерэя «Ў» пераехала з плошчы Перамогі ў 2017 годзе.
Фота: palasatka / 34travel

У жніўні 2020 года менеджары кварталу пачалі прамацваць плацежаздольнасць патэнцыйных кліентаў. Заможным грамадзянам і іхным жонкам пачалі прыходзіць паведамленні ў мэсэнджары, што метр у «Дэпо» будзе па 3,5 тысячы, і абавязкова трэба будзе выкупіць паркавальнае месца за 40. Назірала рэакцыю: гэта не жарт?

Высветлілася, што не, даследаванне. Пасля якога маркетолагі кампаніі пастанавілі: $ 3500 – нармальна, будуць браць.

Двор ля станцыі метро «Плошча Перамогі», дзе быў стары будынак галереі «Ў».
Фота: АК / «Белсат»

Як сфармавалася цана продажу?

Усіх, вядома, цікавіў сабекошт праекту і прыбытак забудоўніка. «А-100» купляў зямлю на аўкцыёне, аддаў за пляцоўку каля $ 10 мільёнаў. Дамы можна будаваць невышынныя (абмежаванні дамоў дыктуе гістарычная забудова вакол), а гэта значыць, што толькі пляцоўка «дадасць» да сабекошту пэўную колькасць сотняў долараў. У праекце будуць падземныя паркінгі, – фактычна ўвесь комплекс павінен на іх стаяць. Гэта дорага (адсюль і цэннік на паркінг 30–35 тысячаў і абавязак яго выкупіць увогуле паводле сабекошту). Перакладванне каштоўных камунікацыяў, знос. Праектаванне на складаным рэльефе, «дарагія» знакамітыя архітэктары, добрыя будаўнічыя матэрыялы…

Інфармацыя пра сабекошт самога жытла – камерцыйная таямніца, але вельмі груба можна прыкінуць: каля 2 тысячаў. Плюс-мінус пару сотняў, але, хутчэй, мінус. Дык адкуль цяперашняя лічба?

Квартал «Дэпо».
Фота: kvartaldepo.by

«На жытло ў квартале «Дэпо» склаўся вялікі адкладзены попыт. Мы ўжо атрымалі шмат званкоў і паведамленняў. Шмат хто казаў, што сачыў за дынамікаю праектаў больш за 2 гады», – тлумачыла дырэктарка «А-100 Дэвэлапмэнт» Святлана Шэўлік парталу «Realt». І з нагоды цаны каментавала: кошт кватэраў у «Дэпо» цалкам супастаўны з цэнамі на кватэры, якія прадаюцца сёння ў раёне плошчы Перамогі і парку Горкага.

Чытай, прыкінулі па рынку і выкацілі максімум. Паказалі, што комплекс не для сярэдняга класу, чым мімаволі яго пакрыўдзілі.

І яшчэ сёе-тое не ўлічылі

У комплексе будуць 554 кватэры. Швейцарскі банк «Credit Suisse» у 2019-м выпусціў штогадовае даследаванне «Global Wealth Report», у якім ёсць інфармацыя пра наяўнасць у Беларусі 7400 доларавых мільянераў (раней, памятаецца, называлі лічбу 12 тысячаў, і нават 20 тысячаў, але галоўнае, што яны ёсць, і іх тысячы). Усё сыходзіцца: калі кожны пятнаццаты мільянер захоча кватэру ў «Дэпо», комплекс будзе прададзены.

Чаго не ўлічылі? Час старту продажаў. Дрэнны ён сёння для «эліткі», угоды з цэннікам «для мільянераў» адзінкавыя. Мяркуючы з сайту «Дэпо», там продажаў няма.

Меркаванні
Хачу як пад Кіевам. Што дасюль перашкаджае будаваць катэджавыя паселішчы пад Менскам?
2021.03.04 11:52

Хто нашыя мільянеры? Вялікія чыноўнікі і «сябры прэзідэнта» – бізнесоўцы. Але гэта не мэтавая аўдыторыя «Дэпо», новых з гэтай катэгорыі абслугоўвае «Тапас», старых ужо забяспечылі катэджамі ў Драздах, Ржэўцы, Вяснянцы і за Нацыянальнаю бібліятэкай.

Мэтавая аўдыторыя «Дэпо» – уладальнікі буйных «непрыкарытных» бізнесаў, топ-менеджмент банкаў і замежных кампаніяў. Усім ім цяпер проста не да куплі нерухомасці. Незразумела, чаго чакаць ад заўтрашняга дня. Ці ёсць для іх будучыню ў Беларусі? Гэтыя людзі занялі чакальную пазіцыю.

І ажывяцца, калі з будучыняй усё праясніцца.

Пытанне, калі гэта адбудзецца, хвалюе ўсіх, але адказу на яго пакуль няма.

Мабыць, на светлую будучыню разлічвае і «А-100 Дэвэлапмэнт». Уласна выдатныя эканамічныя, сацыяльныя перспектывы і закладзеныя ў гэтыя $ 3500 за метр, і ўсю (на мой погляд, выдатную) канцэпцыю праекту.

Меркаванні
Калі тыя, хто ўцёк з Беларусі, пачнуць скідваць свае кватэры за бясцэнак?
2021.02.25 17:24

Наталля Літоўская/MB belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў