У Беларусі затрыманыя не менш як 207 асобаў, якія вярнуліся ў краіну з-за мяжы ў 2023 годзе, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Сярод іх не толькі беларусы, але і грамадзяне Украіны, Літвы і Расеі.
Лік можа быць значна большы, бо поўных звестак няма, падкрэсліваюць праваабаронцы.
«Амаль усіх затрыманых асудзілі да содняў і штрафаў за рэпосты навінаў з незалежных СМІ, «дробнае хуліганства» або за «пікетаванне» нацыянальнай сімволікай. А мінімум 18 з іх асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, 12 з іх – да калоніі», – піша «Вясна».
Акрамя таго, што ў сілавікоў ужо могуць быць нейкія пытанні да канкрэтных асобаў, яны яшчэ і правяраюць тэлефоны на мяжы. Пакараць могуць за фота з пратэстаў у 2020 годзе, данаты, каментары ў сацыяльных сетках, «экстрэмісцкія» рэпосты, фота з бел-чырвона-белай сімволікай у тэлефонах і сацыяльных сетках, фота з акцыяў салідарнасці за мяжой.
«Вядома, што часцей за ўсё людзей затрымліваюць пасля вяртання з Літвы, але правяранні і затрыманні ўчыняюць на ўсіх працоўных прапускных пунктах, у тым ліку і на мяжы з Расеяй. Сілавікі высаджваюць беларусаў з рэйсавых аўтобусаў, сустракаюць іх на аўтобусных ці чыгуначных вакзалах або прыходзяць па іх ужо дадому пасля вяртання. Калі затрыманне адбываецца проста ў пункце пропуску, то чалавека да суда звычайна змяшчаюць у найбліжэйшы РАУС, дзе супраць яго складаюць пратакол», – працягвае «Вясна».
Таксама кожны дзень адбываюцца допыты тых, хто заязджае ў краіну. Паводле праваабаронцаў, пытанні ў працаўнікоў мытні або КДБ выклікаюць, напрыклад, штампы ў пашпарце аб наведванні Украіны і наяўнасць асобы ў базе сілавікоў «БЕСпорядки» (база ўсіх затрыманых пасля пачатку пратэстаў у 2020 годзе).
Арсен Рудэнка belsat.eu