У Новы год – з новым падаткам. Хто з самазанятых заплаціць 10 % даходу і больш


Савет міністраў 8 снежня прыняў пастанову «Аб пераліку відаў дзейнасці». Яе апублікавалі 10 снежня, яна набудзе моц з 1 студзеня 2023 года. Пастанова ўводзіць новы падатак на прафесійны даход для шэрагу відаў дзейнасці – ад рэпетытараў да касцоў травы.

Беларускія рублі. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Міністэрства падаткаў і збораў Беларусі яшчэ ў верасні анансавала новы падатак на прафесійны даход: яго будуць браць з тых, хто працуе сам на сябе без працадаўцы і падначаленых. Ён заменіць для пэўных катэгорыяў падатак з фізічных асобаў, збор за рамесніцкую дзейнасць і страхавыя ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны.

Пераход на гэты падатак добраахвотны. Падатак складзе 10 % даходу з фізічных асобаў, індывідуальных прадпрымальнікаў і арганізацыяў, але калі прадпрымальнікі і арганізацыі за год зарабілі звыш 60 тысяч рублёў, то возьмуць ужо 20 %. Падатковая дэкларацыя пры гэтым не патрэбная, падатак налічвае штомесяц падатковы орган. Каб плаціць такі падатак, абавязкова мець адмысловую мабільную праграму.

Цяпер вызначылі, хто зможа лічыцца платнікам такога падатку. Гэта рамеснікі, прадстаўнікі паслугаў аграэкатурызму, разводчыкі раслінаў і жывёлаў, дрэсіроўшчыкі, фатографы і відэааператары, перакладчыкі, касцы травы, пастухі, наладчыкі музычных інструментаў, рамонтнікі мэблі, гадзіннікаў і адзення; цырульнікі, вытворцы адзення, абутку і галаўных убораў; распрацоўнікі вэб-сайтаў і наладчыкі камп’ютараў (але не ўсе айцішнікі-фрылансеры); дызайнеры і аздобнікі; розныя майстры будаўніцтва і рамонту; рэпетытары, мыйшчыкі машынаў, даглядальнікі дзяцей і пажылых, даглядальнікі могілак і гэтак далей. Агулам – 31 пункт. Асобна адзначана, што падатак змогуць плаціць тыя, хто здае ў арэнду маёмасць, памяшканні, садовыя дамы і лецішчы, а таксама замежныя прадаўцы мастацкіх твораў (апошнія – пры наяўнасці адмысловага дазволу).

Меркаванні
Вельмі патрэбныя грошы
2022.11.30 14:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў