У Вроцлаве двух палякаў судзяць за збіццё 15-гадовага беларуса


У Вроцлаве ідзе суд над двума мясцовымі жыхарамі, якія ў студзені мінулага года моцна збілі 15-гадовага падлетка з Беларусі, піша «Radio Wroclaw». Бок абвінавачвання сцвярджае, што нагодай для збіцця стала нацыянальнасць ахвяры.

Суд над палякамі, якія збілі 15-гадовага беларуса.
Фота: Radio Wroclaw

Здарэнне адбылося 25 студзеня 2022 года ў раёне Вроцлава Новы двор. 15-гадовы беларус разам з сябрамі з Беларусі, Украіны і Грузіі выходзілі са школы. Хлопцы размаўлялі па-расейску. Гэта і прыцягнула ўвагу і раззлавала двух палякаў: Марціна О. і Эміля Д. Пазней яны казалі, што падумалі, што хлопец – украінец.

Паводле пракурора, палякі напалі на беларуса, білі яго кулакамі, штурхалі, схапілі за шыю ззаду і пачалі душыць. Падлетак атрымаў траўмы галавы і рук.

Адзін з абвінавачаных – Марцін О. – прызнае віну, Эміль Д. – адмаўляе, кажа, што знаходзіўся ў той момант на моцных абязбольваючых леках і мала памятае.

Абодвум пагражае да трох гадоў турмы.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў