У Варшаве праходзіць Тыдзень беларускага тэатру. Дзе і якія спектаклі паглядзець


У польскай сталіцы праходзіць Тыдзень беларускага тэатру. Распачаўся ён 8 жніўня і будзе доўжыцца да 13-га. Ідэя Тыдня належыць праграме Польскага тэатральнага інстытуту імя Збігнева Рашэўскага «Мастацкая рэзідэнцыя».

Беларускія тэатральныя калектывы, якія выступяць у рамках Тыдня беларускага тэатру ў Варшаве.
Фота: trwarszawa.pl

Усе спектаклі праходзяць у «TR Warszawa» па адрасе вул. Маршалкоўская, 8 (Marszałkowska, 8).

Расклад на найбліжэйшыя дні:

  • 10 жніўня, 19:00 – «Мора Хрысціны» Андрэя Новіка, «Team Theatre»;
  • 11 жніўня, 19:00 – «Мазаіка» Віталя Карабана;
  • 12 жніўня, 17:00 – беларускія казкі на стужках «Дыяфільм Live»; 19:00 – «Плошча Перамогі» Аляксандра Гарцуева, група «Купалаўцы»;
  • 13 жніўня, 19:00 – «Час сэканд-хэнд» Уладзіміра Пятровіча.
Афіша Тыдня беларускага тэатру ў Варшаве, 8–13 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Задача Тыдня беларускага тэатру – паказаць мастацкае багацце беларускага тэатру, кажа ў інтэрв’ю радыё «Свабода» праграмны дырэктар тэатру «TR Warszawa» Роман Паўлоўскі.

«Гэта не толькі спектаклі пра палітычную сітуацыю ў Беларусі, дыктатуру, ахвяраў рэпрэсіяў, але таксама і класіка, спектаклі на аснове старажытнай беларускай і ўкраінскай культуры, спектаклі для дзяцей. Цяпер беларускі тэатр увасабляе поўную тэатральную культуру. Для польскага тэатру вельмі важна, што культура становіцца рознакаляровай, розныя мовы гучаць не толькі на вуліцах Варшавы, але і на сцэне», – кажа Паўлоўскі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў