Гурт «Let 3» з Харватыі з песняй пра вусатага дыктатара і трактар выйшаў у фінал «Еўрабачання»


Харвацкі музычны гурт «Let 3» з песняй пра вусатага дыктатара і трактар узначаліў спіс пераможцаў першага паўфіналу спеўнага конкурсу «Еўрабачанне».

Вусаты дыктатар з кліпу «Mama ŠČ» гурта «Let 3». Скрыншот з відэа: Eurovision Song Contest / YouTube

Харвацкі гурт «Let 3» з песняй «Mama ŠČ» узначаліў паводле колькасці балаў спіс пераможцаў першага паўфіналу спеўнага конкурсу «Еўрабачанне», што адбыўся 9 траўня ў брытанскім Лівэрпуле. Гэты гурт выйшаў у фінал разам з 9 іншымі ўдзельнікамі.

У першым паўфінале было паказана 15 кампазіцыяў, 10 з якіх адамкнулі сваім выканаўцам шлях да перамогі ў фінале конкурсу. У фінал выйшлі выканаўцы з Харватыі, Малдовы, Швейцарыі, Фінляндыі, Чэхіі, Ізраілю, Партугаліі, Швецыі, Сербіі і Нарвегіі.

Гурт «Let 3» выконвае песню, у якой высмейвае вусатага дыктатара, атачэнне якога любіць чырвона-зяленыя колеры, сам ён носіць вайсковую форму, пагражае свету ядравай зброяй і ездзіць на трактары.

Кліпы паўфіналістаў можна пабачыць на YouTube-канале конкурсу.

Летась на «Еўрабачанні» перамаглі ўкраінцы «Kalush Orchestra» з песняю «Стефанія». Паводле правілаў конкурсу, наступны раз «Еўрабачанне» мелася прайсці ў краіне пераможцаў. Але з прычыны вайны ва Украіне конкурс перанеслі ў Аб’яднанае Каралеўства, прадстаўнік якога заняў другое места на «Еўрабачанні-2022». Конкурс правядуць у Лівэрпуле, на «M&S Arena».

Цырымонія адкрыцця прайшла 7 траўня, першы паўфінал – 9 траўня, другі паўфінал запланаваны на 11 траўня, а фінал – на 13 траўня. Паўфіналы і фінал пачынаюцца а 21:00 паводле цэнтральнаеўрапейскага часу, у Беларусі гэта 22:00.

Агляд
Усё, што трэба ведаць пра «Еўрабачанне-2023» (з Беларусі можна галасаваць!)
2023.05.09 11:06

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў