У Менску затрымалі гуртавога закладчыка псіхатропных наркотыкаў


Сілавікі затрымалі гуртавога закладчыка псіхатропных наркотыкаў. Пра гэта перадае БелТА са спасылкаю на УУС Менскага аблвыканкаму.

Пакунак мефедрону аграрнага прызначэння. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: alcoclinica.ru

Работнікі наркакантролю пры сілавым падтрыманні АМАПу затрымалі ў Менску 37-гадовага жыхара сталіцы. Сілавікі кажуць, што мужчына працаваў гуртавым закладчыкам на наркамаркеце, меў тайнік у лясным масіве паблізу Копішча Менскага раёну. У схованцы закладчык з мэтаю збыту захоўваў асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва – мефедрон – агульнаю вагою больш за 100 г. Улічваючы, што, паводле звестак з адкрытых інтэрнэт-крыніцаў, для адной дозы гэтага псіхатропу трэба ад 0,5 г, то агульная колькасць дозаў перавышала 200 штук.

У дачыненні затрыманага следчыя распачалі крымінальную справу за незаконны абарот псіхатропаў з мэтаю збыту. У межах справы праводзяць аператыўна-вышуковыя захады, каб устанавіць іншыя эпізоды дзейнасці гуртавога закладчыка. Паводле УУС Менскага аблвыканкаму, затрыманы ў 2019 годзе ўжо быў асуджаны паводле аналагічнага артыкулу. Цяпер жа за паўторна ўчыненыя дзеянні яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў