У Менск да Лукашэнкі прыляцеў расейскі міністр абароны 


Міністр абароны РФ Сяргей Шайгу раніцаю 10 красавіка прыляцеў у Менск на сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Сяргей Шайгу на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Менск, Беларусь. 10 красавіка 2023 года.
Фота: pul_1 / Telegram

Раней пра сустрэчу не было вядома. Паведамляюць, што Сяргей Шайгу прыляцеў на «прадметную і канкрэтную размову на тэму гарантавання бяспекі». Ягоны візіт – гэта развіццё перамоваў і дамоўленасцяў з прэзідэнтам Расеі. Сярод тэмаў, якія плануюць абмеркаваць, названыя наступныя: запэўніванне бяспекі і гарантыі для Беларусі ад Расеі (у выпадку агрэсіі супраць Беларусі), а таксама баявая падрыхтоўка і зладжванне супольнай групоўкі.

Лукашэнка падчас сустрэчы заявіў, што заходнія краіны не выконваюць дамоўленасцяў наконт гарантыяў бяспекі, якія даваліся ў межах Будапэшцкага мемарандуму ў абмен на вывад ядравай зброі:

«Заходнія дзяржавы растапталі ўсе гэтыя дамовы ды заявы, і ніякай бяспекі няма. Мелася на ўвазе эканамічная бяспека ў тым ліку. Ну якая эканамічная бяспека, калі яны ўводзяць супраць нас, Расеі санкцыі?»

Паводле Лукашэнкі, ён узняў гэтае пытанне ў перамовах з Пуціным і той яго «абсалютна падтрымаў па ўсіх напрамках»: «Кажа, нам трэба прарэвізаваць усе нашыя дамовы і пагадненні – Беларусі і Расеі, паглядзець, які нарматыўны прававы акт міждзяржаўнага характару трэба прыняць цяпер, каб гарантаваць поўную бяспеку Беларусі.

Увогуле гэта гучала на перамовах так, што ў выпадку агрэсіі супраць Беларусі Расейская Федэрацыя абараняе Беларусь як уласную тэрыторыю. Вось такія нам патрэбныя [гарантыі] бяспекі».

Нагадаем: 5 красавіка Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка правялі перамовы ў Крамлі. Яны абмеркавалі праблемы ў сферы бяспекі. На наступны дзень у Маскве прайшло паседжанне Найвышэйшай дзяржаўнай рады Саюзнай дзяржавы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў