У Беларусі ўжо шосты раз запар зніжаюцца кошты на аўтамабільнае паліва. Расказваем, чаму


У Беларусі з 11 красавіка яшчэ на адну капейку патаннее аўтамабільнае паліва. Беларускі пасол у Расеі Дзмітрый Крутой кажа, што гэта адзін з вынікаў падпісанай у кастрычніку мінулага года дамовы аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках. Разбіраемся, што на самай справе стаіць за гэтым зніжэннем, і чым Беларусі прыйдзецца за ўсё гэта расплачвацца. 

Мужчыны запраўляюць аўтамабілі на АЗС «Беларусьнафта». Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

З 11 красавіка ўстаноўлены новы ўзровень гранічных (максімальных) рознічных цэн на АЗС у Беларусі. Як паведамляе канцэрн «Белнафтахім», кошт аўтабензіну АІ-92-К5-Еўра складзе Br 2,30, АІ-95-К5-Еўра – Br 2,40, АІ-98-К5-Еўра – Br 2,62, дызельнага паліва – Br 2,40. Новыя цэны ніжэй за папярэднія на адну капейку. Пачынаючы з сакавіка гэта ўжо шостае паніжэнне цэнаў на аўтамабільнае паліва.

Паводле пасла Беларусі ў Расеі Дзмітрыя Крутога, пакрокавае зніжэнне цэнаў на аўтамабільнае паліва – гэта адно з наступстваў падпісанай у кастрычніку 2022 года дамовы аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках. Яшчэ адно наступства той дамовы – дзяржава ўжо ў красавіку пачне атрымліваць кампенсацыю зваротнага акцызу. Пры гэтым эксперты адзначаюць, што за такія не вельмі значныя прэферэнцыі беларусы расплачваюцца стратай часткі суверэнітэту.

Крутой расказаў, што па дзеючай практыцы і ў межах згаданай дамовы нафтавыя кампаніі дзвюх краінаў самастойна дамаўляюцца па цэнах на сырую нафту. Калі ж прадстаўнікі кампаніяў не змогуць дамовіцца, то будзе стварацца «нейкая мяшаная сумесная камісія, якая магла б прымаць з улікам усіх аспектаў фінальныя рашэнні». Паводле дыпламата, у гэтых перамовах беларускі бок мае канкрэтную мэту – «для Беларусі, важна трымаць парытэт цэнаў на ўжо гатовыя нафтапрадукты ў калідоры 10-15 %». Удзельнікі перамоваў па нафце займаюцца пошукам балансу інтарэсаў, а самі перамовы не спыняюцца, бо сітуацыя мяняецца і на сусветным рынку.

«Паніжэнні коштаў на паліва, якія адбываюцца сёння ў нашай краіне, яны менавіта ў рамках гэтай палітыкі коштавага балансавання паміж рынкамі дзвюх краін, яе важна не ўпусціць, яна, па сутнасці, вядзецца ў штотыднёвым рэжыме», – растлумачыў Дзмітрый Круты.

Дазваляе паніжаць кошты і спадзеў, што Беларусь вось-вось пачне атрымліваць з Расеі кампенсацыю зваротнага акцызу. Без гэтай кампенсацыі цана нафты застаецца больш высокай для двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, чым для такіх жа прадпрыемстваў у Расеі. Паводле Крутога, грошы ад кампенсацыі зваротнага акцызу беларускі бок пачне атрымліваць ужо з бягучага месяцу. Але і ў гэтым выпадку ўмовы гаспадарання для нафтаперапрацоўшчыкаў у Беларусі і Расеі ўсё яшчэ будуць адрознівацца, таму Менск працягне дабівацца свайго ад Масквы.

«Безумоўна, мы не здымаем наша пытанне роўнага доступу да «трубы» – такога ж, як у расейскіх нафтаздабываючых кампаній, каб мы мелі ўмовы не горшыя, чым пры экспарце расейскай нафты на рынкі трэціх краін», – падкрэсліў пасол.

Цікава, што раней канцэрн «Белнафтахім» тлумачыў павышэнне коштаў тым, што беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць без прыбытку. Гэтая прычына агучвалася нават ва ўмовах зніжэння сусветных цэнаў на нафту, нават пасля ўвядзення санкцыйнага абмежаванне верхняй мяжы цаны расейскай нафты і нават не гледзячы на тое, што расейская нафта маркі «Urals» з-за санкцыйных абмежаванняў прадаецца са зніжкамі, у тым ліку і для Беларусі.

Скрытыя прычыны зніжэння коштаў на паліва

Адзін з нафтавых экспертаў на ўмовах ананімнасці расказаў выданню «Точка» пра важную акалічнасць, якая існуе ў цяперашніх беларуска-расейскіх дамоўленасцях адносна выплатаў кампенсацыі зваротнага акцызу. Гэтыя выплаты звязаныя з важнай умовай, якую павінен выконваць беларускі бок.

«Каб атрымаць кампенсацыю, паводле ацэнак, каля 600 млн долараў у год, беларускія НПЗ, у прыватнасці, павінны перапрацоўваць у месяц 1,5 млн тон нафты», – растлумачыў эксперт.

Паводле эксперта, кошты на аўтамабільнае паліва зніжаюцца, каб падштурхнуць попыт на яго на ўнутраным рынку. Гэта стымулюе абʼём перапрацоўкі, што важна ва ўмовах рэзкага зніжэння магчымасці экспартных паставак праз санкцыі.

Эксперт называе яшчэ дзве рэальныя прычыны зніжэння коштаў на паліва. Перш за ўсё, гэта здзейснены ў 2022 годзе пераход з долараў на расейскія рублі ў разліках па кантрактах на пастаўку расейскай нафты, у сувязі з чым змянілася і формула коштаў на нафту для Беларусі. Праўда, нідзе не называлася, як яна змянілася, але эксперт робіць выснову, што ўмовы сталі больш спрыяльнымі для беларускай перапрацоўкі. Другая прычына – зніжэнне коштаў на аўтамабільнае паліва дапамагае паніжаць інфляцыю, а гэта адзін з найважнейшых паказальнікаў, якія кантралюе ўрад у Беларусі.

Чым Беларусь расплочваецца

Найважнейшы вынік падпісанай у кастрычніку 2022 года міжурадавай дамовы аб агульных прынцыпах падаткаабкладання па ўскосных падатках – падатку на дададзеную вартасць (ПДВ) і акцызах – гэта ўніфікацыя заканадаўства дзвюх дзяржаў.

«Галоўная мэта дамовы – гарманізаваць падатковае заканадаўства Расейскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, а таксама паглыбіць супрацу ў падатковай сферы», – паведамляў сайт расейскага ўраду напярэдадні падпісання дамовы.

Паводле падпісанай дамовы, на пачатку года Беларусь і Расея павінны былі ўзгадніць сваё падатковае заканадаўства, якое датычыць ПДВ і акцызаў. Дакумент таксама прадугледжваў стварэнне інтэграванай сістэмы адміністравання ўскосных падаткаў. У яе павінны заносіцца звесткі пра аперацыі падаткаплатнікаў ПДВ дзвюх краінаў, што на ўліку ў падатковых органах на 1 студзеня 2023 года. Гэта сістэма дазваляе весці скразны аналіз звестак паводле падатку на дададзеную вартасць, што само па сабе інструмент вонкавага кантролю. Яшчэ адно наступства – павінен быць створаны Наднацыянальны падатковы камітэт, які будзе адсочваць выкананне краінамі ўстаноўленых дамоўленасцяў.

Пра гэта ўсё «Белсат» пісаў напярэдадні падпісання дамовы. Аднак сёння нялішне будзе нагадаць словы з інтэрвʼю старэйшага навуковага супрацоўніка даследчага цэнтру BEROC Дзмітрыя Крука, які адзначыў тады, што дамова – гэта «продаж па кавалках падатковага суверэнітэту».

Завод «Нафтан», предприятие, нефтеперерабатывающий завод, нефть, нефтепродукты, Новополоцк, Беларусь
Транспартная прахадная завода «Нафтан». Наваполацк, Беларусь.
Фота: Белсат

Улічваючы, што як адзначае пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой, дамова ўжо ва ўсю дзейнічае, то гэта значыць, што краіна ўжо ахвяравала Расеі значную частку падатковай свабоды, страціўшы магчымасць па сваёй патрэбе змяняць стаўкі і працэдуры падаткаабкладання. Прынамсі, рашэнне па падатку на дададзеную вартасць (ПДВ) і акцызах цяпер будуць прымаць у Маскве.

«Гаворка пра паступовае ўцягванне ў падатковую арбіту Расеі», – падкрэсліваў тады Дзмітрый Крук.

Яшчэ ўзімку першы намеснік міністра фінансаў Беларусі Дзмітрый Кійко заяўляў, што згаданыя бюджэтныя трансферты – гэта «магчымасць часткова скампенсаваць страты нашых НПЗ ад падатковага манеўру ў нафтавай галіне» ў Расеі.

Існуючы падаткавы манеўр у Расеі пазбаўляе Беларусь прэферэнцыяў пры закупах расейскай нафты і адпаведна прыбыткаў ад яе перапрацоўвання. І гэты манеўр усё яшчэ дзейнічае. Улады Беларусі не адзін год патрабавалі ад Расеі сабе кампенсацыі за яго, называючы страты за 2019–2024 гады ў памеры $ 10 мільярдаў. Масква ў адказ патрабавала аднаго – паглыблення інтэграцыі. Калі сёння гаворка ідзе пра пачатак першых бюджэтных трансфераў у якасці кампенсацыі за падаткавы манеўр, то значыць Расея ўжо свайго дабілася ці не сумняецца ў дасягненні пастаўленых мэтаў.

Пры гэтым па разліках экспертаў, сума, за якую краіна пазбаўляецца свайго падатковага суверэнітэту, досыць сціплая. Пры актуальных на сёння цэнах на нафту «Urals» штогод Беларусь будзе атрымліваць ад Расеі каля $ 500-600 млн, альбо каля $ 1-1,2 млрд за 2023–2024 гады, пра якія вядзецца ў дакуменце. Адзін мільярд долараў, ці нават 1,5 мільярды  – не высокі кошт рэальнай страты падаткавага суверэнітэту.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў