У Гомлі судзілі медыкаў – іх абвінавацілі ў махінацыях са статыстыкай і знішчэнні вакцын


У Гомлі разгледжаная крымінальная справа супраць загадчыцы аддзялення прафілактыкі адной з паліклінік і дзвюх медсясцёр. Іх абвінавацілі ў тым, што яны два гады падраблялі статыстыку па вакцынацыі і знішчалі вакцыну супраць COVID-19 і грыпу. Медыкаў пакаралі абмежаваннем волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здымае мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Dreamstime.com

Па версіі абвінавачвання, з красавіка 2021 года па май 2023 года загадчыца аддзялення і старэйшая медсястра казалі падначаленым завышаць звесткі аб колькасці вакцынаваных людзей. Ілжывыя дадзеныя ўносіліся ў часопісы ўліку і акты. А медсястра прышчэпачнага кабінета знішчала на самай справе нявыкарыстаныя вакцыны – усяго больш за 92 тысячы доз. Іх кошт ацэньваецца прыкладна ў 2,7 мільёна рублёў.

Загадчыцу і старэйшую медсястру абвінавацілі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў, а медсястру прышчэпачнага кабінета – у дапамаганні.

«Загадчыцы аддзялення і старэйшай медсястры прызначана пяць гадоў абмежавання волі кожнай без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу, медсястры прышчэпачнага кабінета – чатыры гады абмежавання волі, таксама без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу», – сказала прэс-сакратар Гомельскага абласнога суда Аліна Сулейка.

Медработніцы цалкам прызналі сваю віну.

Падчас пандэміі каронавірусу Міністэрства аховы здароўя Беларусі рэгулярна выхвалялася высокімі паказнікі вакцынацыі. Напрыклад, у студзені 2022 года Міністэрства расказала, што ад ковіду вакцынаваліся 45% беларусаў. Пры гэтым звесткі аб смяротнасці з пачатку пандэміі чыноўнікі схавалі і не паказваюць беларусам дагэтуль.

Аб’ектыў
4 гады, як COVID-19 прыйшоў у Беларусь
2024.02.28 20:32

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў