Продажы новых аўтамабіляў у лютым выраслі на 32 % у параўнанні са студзенем


У лютым продажы новых аўтаў у Беларусі дасягнулі амаль 2700 асобнікаў. Гэта на траціну больш, чымся ў студзені.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: БелТА

Паводле кампаніяў, якія ўваходзяць у Беларускую аўтамабільную асацыяцыю, у лютым былі прададзеныя 2699 новых легкавых і легкавых камерцыйных аўтамабіляў.

«Люты паказаў рост аўтамабільнага рынку як адносна лютага мінулага года (плюс 138 %), гэтак і адносна папярэдняга месяца – студзеня 2024 года (плюс 32 %). Такая станоўчая дынаміка сведчыць пра тое, што аўтамабільны рынак Беларусі паспяхова пераадолеў перыяд спаду і цяпер застаецца на этапе росту.

Гэтаму спрыяла з’яўленне ў продажы вялікай колькасці новых кітайскіх марак аўтаў, развіццё беларускай лакальнай вытворчасці, а таксама той факт, што аўтакрэдыты зноў сталі больш даступнымі», – прыводзіць словы прадстаўніка БАА БелТА.

За люты на долю лёгкага камерцыйнага транспарту прыйшлося 8 % ад агульнай колькасці прададзеных аўтамабіляў, або 225 асобнікаў. Продажы новых легкавікоў склалі 92 %, або 2474 штукі, з іх 57 % прыходзяцца на брэнд «Geely».

Нагадаем, што на беларускім аўтамабільным рынку назіраецца ажыўленне праз павышаны попыт з боку расейцаў. Яны намагаюцца паспець набыць аўтамабілі, бо ўжо з 1 красавіка больш не змогуць рэгістраваць у сябе аўтамабіляў з Беларусі, размытненых паводле ільготнага тарыфу.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў