Крымінальнік Матолька і іншыя экстрэмісты

Ну, усё ўстала на свае месцы. Цяпер я разумею, хто такія блогеры. Блогеры – гэта крымінальнікі. Ёсць крымінальнік Пуціла. Ёсць крымінальнік Ціханоўскі. Ёсць крымінальнік Кабанаў. Ёсць крымінальнік Пальчыс. Ёсць натоўп крымінальнікаў па жыцці і па «Краіне для жыцця». Цяпер з’явіўся крымінальнік Матолька.

Я ведаю Антона Матольку з часоў «Жывога Часопіса» – была такая сацыяльная сетка, калі хтосьці не памятае. Потым нават развіртуаліліся: захоплены натоўп дзяўчат пранёс міма мяне на руках юнака з ямачкамі на шчоках, які не асоба супраціўляўся. Прайшоў час, ямачкі засталіся, усмешка мала змянілася, толькі вось папулярны фотаблогер сёння разглядаецца генераламі Следчага камітэту і КДБ Беларусі як крымінальнік.

Антон Матолька.
Фота: Facebook Anton Motolko

Не проста крымінальнік – арганізатар масавых беспарадкаў і натхняльнік экстрэмізму.

Як я не разумею, чаму Матолька, які заўсёды выступаў за дыялог з уладай, стаў крымінальнікам, так я не разумею значэння слова «экстрэмізм» у нашым палітычным кантэксце.

Мастак, які вывешвае за акном інсталяцыю з трох жаночых трусікаў (белыя – чырвоныя – белыя), – экстрэміст. А чалавек, голасам генерала Караева які заклікае «прыбіраць» палітычных апанентаў і называе беларусаў тупым народам, – не.

Чытачы блогаў і тэлеграмаў Антона Матолькі і Сцяпана Пуцілы – «экстрэмісцкія фармаванні». А банда ў цывільным, што выкрадае людзей сярод белага дня без прад’яўлення якіх-небудзь дакументаў, – не.

Чытанне кніг беларускіх класікаў у электрычцы – экстрэмізм. А хамскія тэксты ў галоўнай газеце краіны – падстава для дзяржаўнай узнагароды.

Супаставіўшы гэтыя і іншыя факты, нехаця пачынаеш адчуваць, як казаў адзін мой знаёмы сацыёлаг, кагнітыўны дысананс. Адным словам, незгладжальную і нічым не абгрунтаваную супярэчнасць.

Hавiны
Як працуе ініцыятыва ByCovid19? Вялікі фотарэпартаж
2020.04.17 08:00

Не занадта зразумелае і наступнае сцвярджэнне: Матолька склаў экстрэмісцкае фарміраванне з дваровых чатаў і кіраваў імі. Будучы знаёмым асабіста ўсяго з некалькімі адміністратарамі дваровых чатаў, выкажу асабістае меркаванне: кіраваць імі не змог бы не тое што Матолька, але нават, даруй госпадзе, экстрэмістка Ціханоўская, аўтарытэт якой, як мне здаецца, некалькі вышэй. Дарослымі людзьмі наогул цяжка кіраваць, калі ты не плаціш ім грошы, а ўжо згаданыя знаёмыя мне адміністратары – дарослыя людзі, якія адмініструюць свае чаты выключна на валанцёрскіх пачатках.

Экстрэмізм становіцца сёння зручным цэтлікам у барацьбе з нязгоднымі. І тут зусім не абавязкова, дарэчы, лаяцца ў сваім блогу з міліцыяй ці нават дэпутатамі.

Скажам, у нас у двары дрэнна прыбіралі снег і лёд. І я напішу пра гэта. І нават пры гэтым у сэрцах паклічу ледзяшы падаць тым, хто дрэнна выконвае свае службовыя абавязкі, на галаву. Гэта ўжо – экстрэмізм? А чаму, уласна кажучы, не? Бо нехта ў Следчым камітэце лёгка і нязмушана можа злічыць, што я распальваю такім чынам нянавісць у адносінах да такой сацыяльнай групы, як работнікі ЖКГ і нават дворнікі. Хоць я не распаўсюджваю сваё стаўленне да канкрэтных ледзяшоў над пад’ездамі ў нашым доме на ўсе дамы, усіх дворнікаў і ўсю сістэму ЖКГ.

Малюнак Де Лёс / Белсат

Ці, скажам, я напішу пра Наталлю Качанаву. Напішу, што сам па сабе Савет Рэспублікі патрэбны Беларусі як казе акардэон. І што кампетэнтнасць спадарыні Качанавай у заканадаўчым працэсе прыкладна роўная маёй кампетэнтнасці ў праблематыцы развіцця аграпрамысловага комплексу. Ці будзе гэта азначаць, што я – экстрэміст?

Ці, скажам, я напішу пра Валянціна Сукалу. Жыве сабе убелены сівізной шаноўны старац, які ўвайшоў у юрыспрудэнцыю яшчэ ў часы спачылага ў бозе СССР. Жыве – і моўчкі назірае, як эрозіі паддаецца ўся судовая сістэма, якую ён узначальвае. Як па неверыфікаваных паказаннях «пацярпелых» і «сведкаў», што схаваліся пад псеўданімамі, асуджаюцца на цалкам канкрэтныя тэрміны людзі, рэальная віна якіх – усяго толькі ў іншадумстве і ў жаданні дамагчыся праўды. Як размаляваны плот або вывешаны ў акне і нікім афіцыйна не забаронены сцяг становяцца падставай для пераследу. А Валянцін Сукала маўчыць, як калі б яму – увасабленню нашай Феміды – не толькі павязку на вочы нацягнулі, але і кляп у рот увагналі. Хоць – 78 гадоў, губляць, акрамя прафесійнай рэпутацыі, ужо няма чаго. Але… Можа быць, ужо і яна страчаная?

Вось напішы я так – гэта ўжо экстрэмізм?

А вы – Матолька, Матолька… Здаўся вам гэты Матолька… Шукайце цяпер яго…

/ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў