Крывавая змена ўлады і закаханасць Лукашэнкі. Што прадказалі Беларусі экстрасэнсы на 2023 год


У 2023 год мы зазіраем са страхам: няўжо далей будзе горш? Мы звярнуліся да знаўцаў найвышэйшых сілаў, каб зразумець, чаго беларусам чакаць ад 2023 года.

Калаж Алісы Ганчар / Белсат

Прадказанні атрымаліся кантрасныя. Вешчуны сышліся толькі на тым, што год даволі жорсткі, а падзеі будуць развівацца вельмі імкліва. На іхную думку, 2023-і станецца вызначальным для Беларусі.

Яшчэ мы даведаліся, што Лукашэнка закахаецца і беларусаў да перамогі павядзе жанчына. Згадалі варажбіты і полк Каліноўскага.

Канец вайны і крывавыя падзеі ў 2023 годзе

На канале «Tarot Games» прагноз для Беларусі пачынаецца словамі «сітуацыя, вядома, не вясёлая». Але гэта нам і так ясна: як кажуць, да бабкі не хадзі.

«Гэта самы цёмны час… Тое, што было, падаецца чымсьці нязначным. (…) На першае месца зноў выйдзе жаночая прырода. На першае месца зноў выйдуць жанчыны, няхай не крыўдзяцца мужчыны. Заключэнне нейкай мірнай дамовы – гэта восень – зіма. Будзе капітуляцыя, сканчэнне вайны на ўмовах Украіны. І ў гэты перыяд з’явіцца нейкая надзея. Але рыхтуйцеся, дарагія мае, да ахвяраў. Іх будзе няшмат, але яны будуць», – асцерагла адмыслоўца.

Як бачыць прадказальніца, у краіне чакаюцца крывавыя падзеі, але полк Каліноўскага не будзе браць у іх удзелу. 

«Так, пратэсты будуць. Найверагодней, людзі пачнуць вяртацца ў Беларусь. Нешта ўжо рыхтуецца. Пускавым механізмам спрацуюць нейкія крывавыя падзеі ў самой Беларусі. Нейкія людскія ахвяры закруцяць усю гэтую гісторыю. Пратэсты будуць гасіцца вельмі жорстка.

Росту эканомікі не будзе – гэта на карты не глядзі. Будзе роўна на тое, каб не памерці з голаду».

У канцы экстрасэнс падсумавала: «Усё будзе вельмі цяжка, але, народзе, вы справіцеся». Ейны расклад паказаў, што Беларусь вызваліцца ад Лукашэнкі: «Гэта будзе 100 % вельмі хутка. Карты прадказалі ягоную смерць. З чым я вас і віншую».

Закаханасць Лукашэнкі 

Зазірнулі на канал «Голос Арканов Таро». Мужчына робіць прадказанні для палітыкаў. Зрабіў і для Лукашэнкі на кожны месяц года. На красавік выпала карта «Васьмёрка булаваў»:

«Булавы ляцяць. Усё будзе хутка для яго мяняцца. У красавіку могуць быць нейкія прылёты на тэрыторыю Беларусі. Плюс гэтая карта кажа пра перадачу інфармацыі. Ён атрымлівае аднекуль веды. Але сітуацыя будзе развівацца імгненна. Лукашэнка ў такой сітуацыі ніколі не быў. А наступная карта – «Дурань».

На чэрвень 2023 года выпала карта з вершнікам: адмысловец трактаваў гэта як поле бою, але там Лукашэнку нібы пашчасціць. У пачатку восені для падтрымання балансу Лукашэнка мецьме падачку:

«Уcедзіць ён да канца года, гэта амаль на 100 %. Бо «Найвышэйшы жрэц» кажа пра стабільнасць, зразумеласць і лагічнасць сітуацыі. Ён нікуды не пойдзе». У канцы прадказальнік дастаў руну «Канюшына» і трактаваў яе як рамантычную гісторыю Аляксандра Лукашэнкі:

«Гарачае жаданне  і моцная цяга. Не думаю, што ён закахаецца і будзе пакутаваць, але нейкае жарснае жаданне. Глыбіні душы будуць прымушаць яго цягнуцца да нейкіх людзей. Ну, будзем глядзець, да каго ён там прыцягнецца. Самае галоўнае, каб ён… не да аднаго гэтага дэнацыфікатара прыцягнуўся».

Украінец Ramir Taro прапанаваў беларусам не адчайвацца. Ягоныя карты паказалі рух праз падкопы д’ябла да добрага, але «давядзецца патрываць». У гэтым мы чэмпіёны:

«На жаль, не вельмі добрыя карты выпалі, дарагія беларусы, жорсткія абмежаванні. (…) Але ёсць адно «але». Ёсць шанц развязаць усё раз і назаўжды. Будзе магчымасць скарыстаць гэты шанц. (…) Будуць адбывацца цуды, за якія беларусы змогуць учапіцца як за саломінку».

Прадказальнік пабачыў жанчыну, якая павядзе грамадства ў іншым кірунку і зруйнуе старыя стэрэатыпы. Таксама ён пабачыў спаўненне запаведнага жадання. Раміру, вашыя словы – аракулу ў вушы.

Зруйнаванне краіны і жыццяў

Экстрасэнсу з Украіны Людміле Хамутоўскай карты таро прадказалі змену ўлады ў Беларусі і руйнаванне краіны:

«Рэсурсы будуць давацца на вайну, але ўсё гэта накрыецца медным тазам. Выбар у пачатку года вы зробіце няправільны. Прыйдзеце да зруйнавання краіны і жыццяў. (…) Даволі жорсткі ў вас будзе год. Уладу ў вас мусяць змяніць у наступным годзе, павінны адбыцца выбары. (…) Магчыма, будуць перавароты ў сістэме. Але гэта прымусіць выйсці на вуліцы, будуць бунты. Вельмі шмат кепскіх месяцаў, і гэта не страшылкі, на жаль».

Таксама экстрасэнс прадказала рэпарацыю, якую давядзецца ўзяць на сябе нашай краіне.

Стабільнасць захоўваецца

Слава Таро называе свой канал апалітычным, таму ён асцярожна падбірае словы, але пры гэтым дае парады беларускаму кіраўніцтву:

«Імператар у Беларусі, вы разумееце, хто, падтрымае нейкія дзеянні, каб спыніць крах. (…) Палітычная сітуацыя напальваецца. Я б параіў кіраўніцтву краіны не займацца самадзейнасцю. Карта «Вежа» кажа пра крах нейкай структуры».

Тым, хто пераедзе ў 2023 годзе, прадказаў цяжкую працу. І ад сябе дадаў: «Добра там, дзе нас няма».

Коцікі прадказалі лёсавызначальны год

Кофейная гадалка робіць прадказанне на картах з коцікамі. Коцікі прадказалі нам лёсавызначальны год: «Людзі не змогуць паўплываць. Лёс ужо вызначаны». Яна паабяцала, што мы даведаемся пра нейкія сакрэты, але пераменаў, якіх усе чакаюць, не будзе. У канцы года падзеі будуць закручвацца «не туды».

Руны варажбіткі прадказалі, што «асноўным пытаннем для беларусаў у 2023 годзе будзе абарона сваёй тэрыторыі».

Дарэчы, можна пачытаць мінулыя прадказанні астролагаў і праверыць, якія абяцанні ўжо збыліся.

Hавiны
Зоркі і карты Таро – з народам. Што пра будучыню Беларусі гавораць вышэйшыя сілы?
2020.12.31 10:00

АГ belsat.eu

Стужка навінаў