«Скажыце дзякуй сыну». Бацьку пісьменніка Сашы Філіпенкі затрымалі пасля ператрусу


Да бацькоў пісьменніка Сашы Філіпенкі, якія знаходзяцца ў Менску, 9 лістапада прыйшлі сілавікі. Правялі ператрус, пасля якога бацьку Сашы забралі. Пра гэта пісьменнік паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Беларускі пісьменнік Саша Філіпенка апублікаваў зварот да прэзідэнта Чырвонага Крыжа. Крыніца: Саша Филипенко / Facebook

«У мяне дома ператрус. Сем чалавек з аўтаматамі. Бацьку забралі. Маці сказалі: «Скажыце дзякуй сыну». Відавочна, што ціснуць на мяне і хочуць, каб я перастаў выказвацца ў еўрапейскай прэсе», – напісаў Саша Філіпенка.

Мы звязаліся з Сашам і запыталіся, што вядома пра сітуацыю на дадзены момант. Пісьменнік распавёў, што візіту сілавікоў і ціску праз бацькоў чакаў даўно:

«Тату раней выклікалі і казалі яму, што я павінен замаўчаць і т.п., таму даўно было зразумела, што штосьці такое адбудзецца. Мы з татам абмяркоўвалі, што трэба з’ехаць, аднак ён сказаў, што ён ні ў чым не вінаваты і не павінен з’язджаць. Урэшце яны такім чынам вырашылі зрабіць, каб я замаўчаў».

Фармальныя прычыны затрымання пакуль не вядомыя, нейкіх абвінавачванняў бацьку Філіпенкі не выставілі. Па словах пісьменніка – проста забралі ўсю тэхніку і сказалі маці: «Перадайце дзякуй сыну».

«Мама цяпер будзе шукаць адваката, калі яны яшчэ засталіся ў Беларусі. Такімі дзеяннямі сілавікі не змогуць дасягнуць сваёй мэты і не закрыюць мне рот, – кажа пісьменнік. – Бо гэта дзіўна – маўчаць, калі твайго бацьку бяруць у закладнікі».

Hавiны
Беларускі пісьменнік Саша Філіпенка выставіў на аўкцыён свае літаратурныя ўзнагароды
2022.09.24 13:36

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў