Беларускі аўтарынак у кастрычніку вырас амаль на 500 %. Лідары продажу – кітайскія маркі


Сукупны паказнік рэалізацыі легкавых аўтамабіляў афіцыйнымі дылерамі ў Беларусі ў кастрычніку 2023 года склаў 2360 адзінак, паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя. Рынак у параўнанні з кастрычнікам 2022-га вырас на 478,7 %.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: ft.com

За 3 кварталы 2023 года ў параўнанні з такім жа перыядам 2022-га аўтарынак вырас на 27,5 %.

Лідар продажу – «Geely». На долю гэтай маркі прыходзіцца 67,8 % ад усіх прададзеных за год аўтамабіляў, ці 1600 адзінак.

Аўтамабільная асацыяцыя адзначае з’яўленне на беларускім аўтарынку новых, раней не рэпрэзентаваных у Беларусі, кітайскіх брэндаў.

«Гэта істотна паўплывала на рынак і ўжо ў бліжэйшай будучыні дазволіць убачыць яго трансфармацыю на карысць аўтамабіляў з Паднябеснай», – мяркуе сябра праўлення БАА, кіраўнік «Аўтапрамсэрвісу» Андрэй Ткачоў.

Агульны аб’ём беларускага аўтарынку, паводле БАА, у 2023 годзе можа дасягнуць 25 тысяч аўтамабіляў:

«За 10 месяцаў гэтага года мы назіраем устойлівую тэндэнцыю росту рынку продажаў новых аўтамабіляў, што ўказвае на яго высокі патэнцыял і паступовае аднаўленне. Пры захаванні гэтай тэндэнцыі і калі працягнецца прыход новых брэндаў, мы прагназуем, што рынак нашай краіны сёлета можа дасягнуць 25 тысяч аўтаў».

Агляд
Ці ёсць у Беларусі 100-адсоткава свой аўтамабіль?
2023.10.01 09:23

Расейская агрэсія супраць Украіны, суўдзел рэжыму Беларусі ў вайне, а таксама заходнія санкцыі прывялі да таго, што беларускі аўтарынак моцна змяніўся – яго пакінулі еўрапейскія кампаніі.

«Праз вайну і санкцыі заходнім брэндам наш аўтарынак стаўся абсалютна не цікавы. Але сітуацыяй актыўна скарысталіся кітайскія вытворцы. У Расеі ледзь не кожны месяц адбываецца нейкая прэм’ера, дэманструюць новы брэнд. Ведаю, што новыя два кітайскія брэнды маюць намер неўзабаве прыйсці на наш рынак. Калі ж паглядзець на мапу, то можна пабачыць, што Кітай глабальна захапіў аўтарынак, ад усёй Азіі і да Берасця. Калі мы кажам пра нейкі прафіт, атрыманы ў выніку вайны Расеі супраць Украіны, то гэта сапраўды Кітай. Яны атрымалі не толькі аўтамабільны рынак, але і рынак аўтазапчастак у тым ліку», – каментаваў сітуацыю «Белсату» аўтаэксперт.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў