У Віцебску ад каронавіруса памерла актывістка БХД. У Магілёве не стала прафсаюзнага лідара


Юлія Барсукова.
Фота: Юлія Барсукова / Facebook

Беларускі дэмакратычны рух працягвае несці страты. Стала вядома прынамсі пра дзве смерці актывістаў.

Гэтак, у Віцебску ад каронавіруса памерла хрысціянская дэмакратка і актывістка «Краіны для жыцця» Юлія Барсукова.

«COVID забраў яшчэ адну ахвяру з даволі блізкага атачэння. Гэта Юля Барсукова. Ёй было ўсяго толькі 38 гадоў. Засталіся без маці 2 хлопчыкі. Мама засталася без дачкі. Мы засталіся без смелай і адважнай паплечніцы. Усе, хто яе катаваў, затрымліваў, арыштоўваў, саджаў на суткі, выпісваў штрафы, – вы ўсе не вартыя і яе пазногця. Яна не збіралася скарацца і хваробе, але гэнае чалавечае стварэнне аказалася мацней. На сумленні таго, хто не бачыў небяспекі… Юлечка, мы ўсе плачам, мы маліліся, мы вельмі хацелі, каб ты жыла. І ты хацела жыць… Вечная памяць!» – піша ў Facebook каардынатарка БХД на Віцебшчыне Таццяна Севярынец.

22 кастрычніка Юлія Барсукова напісала на сваёй старонцы ў Facebook пра тое, што захварэла на COVID-19.

А старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў паведаміў, што памёр Сяргей Фамін, адзін з лідараў прафсаюзнага руху ў Магілёве. Ён доўгі час быў сябрам Свабоднага прафсаюзу Беларускага, пэўны перыяд уваходзіў у БСДП.

«Дужа будзе не хапаць твайго пазітыўнага настрою, спеваў пад гітару і заўсёды анекдотаў у тэму. Спачывай з мірам!» – напісаў Барысаў.

Сяргей Фамін.
Фота: Ihar Barysau / Facebook

МГ belsat.eu

Стужка навінаў