«Мы прайшлі праз выпрабаванні, але, загартаваныя, вынеслі з іх новы досвед». Зварот Святланы Ціханоўскай


Святлана Ціханоўская, абраная прэзідэнтка Беларусі, у трэцюю гадавіну пратэстаў 2020 года звярнулася да беларусаў. Яна прыгадала, праз што нам усім давялося прайсці за гэты час, і заахвоціла не спыняцца ды «працягнуць ісці наперад з любоўю да тых, хто ідзе побач, і з верай у тых, хто будзе пасля нас».

«9 жніўня 2020 года. Няпростая дата для кожнага беларуса, ці не так? Гэты дзень мог бы стаць пачаткам новай Беларусі. Беларусі, у якой ніколі не будзе палітзняволеных і пераследу за іншадумства. Беларусі, дзе размова на роднай мове – нагода для захаплення, а не гвалту. Беларусі, куды імкнуцца патрапіць, а не адкуль спяшаюцца з’ехаць.

У 20-м годзе мы разумелі, што кідаем выклік сістэме, якая існавала дзесяцігоддзямі, рэжыму, што ставіў уладу вышэй за людзей, аднак усё роўна крочылі наперад, бо былі ўпэўненыя – праўда на нашым баку.

Мінула тры гады. За гэты час нас спрабавалі пазбавіць мары. Пазбавіць блізкіх. Волі. Радзімы. Пазбавіць незалежнасці.

Многім народам не давялося перажыць тое, што мы перажылі з 20-га. Раман Бандарэнка ды Вітольд Ашурак, Павел Волат ды Алесь Пушкін. Боль рос ды множыўся штодня. Але якім бы моцным ні быў гэты боль, я заўсёды працягвала верыць у нас, у беларусаў, бо мы заставаліся нязломнымі. На гвалт ды рэпрэсіі мы адказвалі падтрымкай палітзняволеных і дапамагалі іхным сем’ям. На спробы загнаць пад асфальт мову ды гісторыю мы пераходзілі на беларускую і выдавалі кнігі. На імкненне пазбавіць краіну суверэнітэту адказвалі партызанскімі акцыямі і мужнасцю на полі бою ва Украіне. Мы засталіся беларусамі – шчырымі, сумленнымі, неймавернымі.

Мы прапусцілі праз сябе шмат болю, але не страцілі спагадлівасці. Мы зазналі нянавісць, але захавалі міласэрнасць. Мы прайшлі праз выпрабаванні, але, загартаваныя, вынеслі з іх новы досвед. І працягваем рухацца.

Я разумею: гэта цяжка. І з кожным новым выклікам усё складаней захоўваць цвёрдасць крокаў. Але гэта толькі наш выбар: абясцэніць зробленае за тры гады, расчаравацца ў сабе і ў сваёй нацыі ці захаваць у памяці ўсе важныя моманты, зберагчы ў сэрцы тых, каго мы страцілі на гэтым шляху. І працягнуць ісці наперад з любоўю да тых, хто ідзе побач, і з верай у тых, хто будзе пасля нас».

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў