Беларуская прапаганда пачала піярыць турмы. Што б гэта значыла?


Дзяржаўная прапаганда ўзялася за тэму палітзняволеных і распавядае пра месцы зняволення як пра санаторыі. Абмяркоўваем з экспертамі, пра што гэта можа сведчыць. 

6 ліпеня адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з замежнымі журналістамі. Калі ў яго запыталі наконт палітзняволеных і ўмовах утрымання за кратамі, той звыкла адмахнуўся, сказаўшы, што ў Крымінальным кодэксе Беларусі няма артыкула за палітычныя злачынствы.

«Зняволеныя не могуць быць палітвязнямі, калі няма артыкулу. Як яны імі могуць быць?» – паўтарыў сваю традыцыйную мантру Лукашэнка.

Былы супрацоўнік БТ, палітвязень Дзмітрый Лукша расказвае пра умовы утрымання ў папраўчай калоніі № 17 Шклова. Скрынштот фільма БТ «Изнанка.Политзаключённые».

Дзяржаўныя прапагандысты з каналу «Беларусь 1» адразу пасля гэтага выпусцілі сюжэт, каб падмацаваць сказаныя словы: яны адправіліся ў папраўчую калонію № 17 Шклова, дзе загінуў актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак, а цяпер сярод іншых 99 палітвязняў адбывае пакаранне іх колішні калега Дзмітрый Лукша. Былога журналіста прымусілі на камеру правесці «экскурсію» па калоніі і паказаць, якія там выдатныя ўмовы ўтрымання. Карцінка атрымалася ідэалістычная: па тэрыторыі нават гуляюць паўліны і поўзаюць чарапахі. Калонія больш нагадвае бюджэтны санаторый, чым папраўчую ўстанову.

Паўлін у папраўчай калоніі №17 Шклова. Скрынштот фільма БТ «Изнанка.Политзаключённые»

Высвятляем, што не так з гэтым сюжэтам, ці спрабуе рэжым апраўдацца такім чынам і для каго ствараецца падобная карцінка.

Калонія ў Шклове: прапаганда і рэальнасць

«Гэты сюжэт выклікае паралелі з часамі нацысцкай Нямеччыны, калі паказваліся ідэалістычныя карцінкі пра тое, як цудоўна жылі вязні канцлагераў, але мы ведаем, што насамрэч там адбывалася», – кажа ў каментары «Белсату» былы палітвязень Віктар Пархімчык, які адбываў пакаранне непасрэдна ў калоніі №17.

Віктар Пархімчык са сваёй турэмнай робай з жоўтай біркай, якую здолеў вывезці з Беларусі ў Польшчу.
Фота: асабісты архіў Віктара Пархімчыка

Ён па палічках раскладае, наколькі прапагандысцкі сюжэт адпавядае рэчаіснасці (спойлер: ні на колькі).

У першай частцы відэа гаворыцца пра тое, што не існуе тэарэтычнага вызначэнне тэрміну «палітычны вязень», але гэта не так. У 2012 годзе парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла вызначэнне паняццю «палітвязень» – гэта асоба, якую пазбавілі свабоды ў парушэнне яго асноўных правоў, гарантаваных Канвенцыяй: свабода слова і выказвання меркавання, свабода рэлігіяў, збораў і аб’яднанняў.

Віктар Пархімчык звяртае ўвагу, што першыя два вязні з сюжэту не маюць на плячы трохкутніка, які абазначае, што чалавек знаходзіцца ў нейкай секцыі: напрыклад, арганізацыі побыту і г.д.  Гэта азначае, што яны ці злосныя парушальнікі рэжыму (і прапагандысты бяруць у іх інтэрв’ю), альбо, што гэтыя людзі апранулі не свае робы.

Папраўчая калонія № 17 Шклова. Скрынштот фільма БТ «Изнанка.Политзаключённые».

«Звяртае на сябе ўвагу яшчэ і тое, як свабодна вязень перамяшчаецца па лагеру. Ён перасоўваецца як у сябе дома, свабодна адчыняе ўсе дзверы, паказвае пакой перамоваў, заходзіць у свой атрад. Гэта немагчыма, такога быць не можа, там усе перасоўваюцца строем у адпаведным парадку. Асабліва калі гаворка пра тых, хто мае жоўтыя біркі (пазнака палітычных зняволеных – заўв. аўт.). Адносна свабодна перасоўвацца па зоне могуць так званыя «казлы» – людзі, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй калоніі», – адзначае Віктар Пархімчык.

У сюжэце гаворыцца пра тое, што ў калоніі няма ніякіх праблем з дастаўкай карэспандэнцыі. Былы вязень гэта абвяргае: лісты яму даходзілі толькі ад сваякоў, і тое не ўсе.

«Было такое, што ліст ад мамы быў знішчаны за тое, што там утрымліваўся «цынічны тэкст». Цяжка сказаць, колькі наогул лістоў ад маёй жонкі і маіх родных было знішчана. У калоніі гэта ніхто не кантралюе», – кажа Пархімчык.

У сюжэце паказваецца кіназала, куды нібыта могуць прыходзіць вязні. Такая зала сапраўды існуе, але прыйсці туды і паглядзець кіно ў любы час нельга. Віктар Пархімчык быў там усяго аднойчы і распавядае, што звычайна ў гэтым памяшканні адбываюцца мерапрыемствы па «прамыўцы мазгоў», дзе зяваюць нават самі турэмшчыкі.

Трэнажорная зала ў папраўчай калоніі № 17 Шклова. Скрынштот фільма БТ «Изнанка.Политзаключённые».

У Шклоўскай калоніі ёсць таксама спартовая пляцоўка, але палітвязням туды прыходзіць і займацца спортам нельга. У спартовую залю, якая таксама ёсць на тэрыторыі калоніі, могуць трапіць нават не ўсе звычайныя зняволеныя, не кажучы пра палітычных. Займацца спортам у спортзалі – гэта прывілей «казлоў».

У сюжэце прапагандысты праходзяць каля лядоўняў, дзе можна захоўваць прадукты. Гэтыя лядоўні набываюцца за сродкі сваякоў вязняў. Нюанс у тым, што палітычным асуджаным браць грошы на лядоўні ад сваякоў нельга. Таму захоўванне прадуктаў у лядоўнях у іх выпадках заўсёды выклікае пытанне.

Палітзняволены Дзмітрый Лукша ў папраўчай калоніі № 17 Шклова паказвае лядоўні, дзе нібыта ўсе зняволеныя могуць захоўваць прадукты. Скрынштот фільма БТ «Изнанка.Политзаключённые»

У прапагандысцкім відэа гаворыцца пра адсутнасць асаблівай увагі і стаўлення да пэўных вязняў у калоніі. Аднак па словах нашага суразмоўцы, адміністрацыя калоніі ажыццяўляе мэтанакіраваны ціск на палітычных зняволеных.

«Большасць супрацоўнікаў робіць гэта з энтузіязмам і з часам становяцца садыстамі. Меншая колькасць робіць гэта без энтузіязму, але робіць. Адчуваецца недахоп кадраў», – адзначае Віктар Пархімчык.

Ён распавядае, што перасоўванне па калоніі адбываецца строем. Першыя шыхты робяць так, каб там былі палітычныя зняволеныя – людзі з жоўтымі біркамі. Затым, у сярэднім шыхту ідуць звычайныя вязні з белымі біркамі, у канцы – людзі з так званым нізкім статусам.

«Такое вылучэнне зручнае для супрацоўнікаў калоніі: напрыклад, аднойчы мы выходзілі са сталовай, адкуль нельга браць з сабой хлеб, і супрацоўнікі абшукалі толькі шыхты палітвязняў, астатніх не чапалі. І такіх прыкладаў асаблівага стаўлення сотні», – кажа Віктар Пархімчык.

Ён узгадвае, што падчас яго зняволення свабодна размаўляць па тэлефоне было нельга. Палітычныя ішлі асобнай чаргой, падчас іх званкоў заўсёды прысутнічаў сілавік, які стаяў за спінай і слухаў размову. Усе навіны палітвязні даведваліся ад вязняў з белымі біркамі, якія былі менш абмежаваныя ў тэлефонных званках.

«Пакаранне палітвязняў ШІЗА адбываецца пастаянна і з растучай жорсткасцю. Гэтая спіраль пастаянна накручваецца. Абсалютна адсутнічае кантроль за гэтым працэсам з боку пракуратуры, Чырвонага Крыжа ці кіраўніцтва дэпартаменту выконвання пакаранняў, што само па сабе – злачынства», – падкрэслівае былы вязень.

У сюжэце кажуць пра тое, што да ўсіх вязняў могуць прыехаць пабачыцца родныя. Віктара Пархімчыка пазбавілі перадач і спатканняў з роднымі ў першы ж тыдзень знаходжання ў калоніі. Яшчэ на карантыне ён стаў «злосным парушальнікам».

Разбор
Сувязь з палітвязнямі знікае – што рабіць сваякам? Парады «Dissidentby»
2023.04.27 21:43

«Прычыны былі надуманыя, без доказаў. Напрыклад, адзін акт парушэння быў складзены на тое, што я быў непаголены – хоць гэта было няпраўдай. Другі акт склалі за тое, што я размаўляў у жаргоннай форме з нейкім турэмшчыкам, што таксама было няпраўдай. Ніякіх доказаў, пісьмовых фіксацый там няма. Супрацоўнікі выконваюць вусныя загады і пакуль не нясуць за іх ніякай адказнасці. Але аднойчы яны панясуць гэтую адказнасць, бо будзе выглядаць так, што гэта была іхная ініцыятыва», – кажа спадар Віктар.

Што тычыцца паўлінаў, наш суразмоўца іх не бачыў, але чуў з камеры ШІЗА, куды яго шматразова адпраўлялі.

Пры гэтым Віктар Пархімчык заклікае ніяк не асуджаць вязняў, якіх здымалі ў прапагандысцкім сюжэце, бо невядома, якому ціску яны падвергліся.

«Ёсць шмат інструментаў для гэтага, напрыклад, згодна арт. 411 вязню могуць накручваць тэрмін да бясконцасці. Каб выжыць, захаваць здароўе і вярнуцца да сваёй сям’і, асуджаныя вымушаныя часам у чымсьці падыгрываць адміністрацыі. Але не варта іх за гэта асуджаць», – рэзюмаваў наш суразмоўца.

Hавiны
Вынеслі прысуд былому журналісту БТ і ягонай жонцы за «дыскрэдытацыю Беларусі»
2022.12.02 10:43

«Грамадства ў Беларусі выдатна разумее, што гэта цырк на дроце»

Навошта прапаганда малюе ідылічную карціну жыцця палітзняволеных у турме і ці спрабуе такім чынам выканаць загад на апраўданне, абяленне ўлады перад грамадствам ці, напрыклад, Захадам? Юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Арцём Праскаловіч мяркуе, што ў падобных сюжэтах і дзеяннях няма сталага асэнсаванага падыходу.

Арцём Праскаловіч. Скрыншот праграмы «Аб’ектыў» Белсат

«Агулам прапаганда заўсёды малюе карцінку таго, што ў Беларусі ўсё цудоўна, і зараз проста знайшла чарговую тэму. У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі, кожны дзень затрымліваюцца людзі – не толькі за лайкі, вывешванні сцягоў, а ўжо і за стаўленне да вайны, да Саюзнай дзяржавы, размяшчэння «вагнераў» на нашай тэрыторыі. Грамадства бачыць, што людзі знікаюць: хто на содні, хто на большы тэрмін па крымінальных справах. Людзі перажываюць за сябе, сваіх родных і блізкіх. Прапаганда на гэтым фоне спрабуе паказаць сваёй аўдыторыі – прыхільнікам рэжыму, што ўсё з людзьмі ў месцах зняволення ў парадку, і тыя, хто перажывае і абураецца ўмовамі ўтрымання, робяць гэта беспадстаўна», – кажа ў каментары «Белсату» эксперт.

Скрынштот фільма БТ «Изнанка.Политзаключённые».

Арцём Праскаловіч раней працаваў на дзяржаўнай службе ў Адміністрацыі прэзідэнта РБ, таму з упэўненасцю адзначае, што вельмі часта тое, што транслюе дзяржаўнае тэлебачанне, радыё можа не супадаць з тым, што вызначаюць у высокіх кабінетах.

«Сам Лукашэнка ці Міністэрства замежных спраў не будуць даваць загад рыхтаваць такія прапагандысцкія матэрыялы, каб, напрыклад, апраўдацца перад Захадам, стварыць прыгожую карцінку. Мы ведаем пазіцыю Лукашэнкі па гэтым пытанні, гандаль палітвязнямі зараз немагчымы – заслона пастаўленая з боку ЕЗ. Гучаць толькі ўльтыматыўныя выказванні ад еўрапейскіх палітыкаў: калі сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі будзе пагаршацца, іх рэакцыя будзе яшчэ больш жорсткай. Захад хоць і пакідае Лукашэнку адтуліну, каб дыхаць, але за горла трымае жорстка. Таму такія сюжэты транслююцца выключна на ўнутраную аўдыторыю прыхільнікаў рэжыму. На знешнюю яны не могуць мець ніякага ўплыву, а дэмакратычна настроенае грамадства ў Беларусі выдатна разумее, што гэта цырк на дроце», – рэзюмаваў эксперт.

Каментар
Еўропа не можа дамовіцца наконт санкцыяў супраць Беларусі: наіўнасць ці мэтазгоднасць?
2023.06.23 14:10

Новы позні брэжнявізм. Але ёсць нюанс

Такая беспакаранасць і непадкантрольнасць сілавой машыны існавала не заўсёды. Раней, на пачатку 1990-х гадоў, беларускае грамадства мела механізмы кантролю над турэмнай сістэмай і магло ўплываць на тое, у якіх умовах утрымліваюцца вязні.

«Я як дэпутат Вярхоўнага савету і сакратар камісіі па правах чалавека некалькі разоў наведваў калоніі Беларусі, побач са мной быў начальнік упраўлення выкананнем пакаранняў МУС ці хтосьці з яго намеснікаў. Сітуацыя тады не была ідэальнай, але такога, што мы зараз чытаем у паказаннях тых, хто выходзіць на волю з месцаў зняволення, не было і блізка. Калі б раней здараўся выпадак катаванняў, на наступны ж дзень тагачасны міністр МУС Беларусі Уладзімір Ягораў стаяў бы перад Вярхоўным саветам і даваў справаздачу», – кажа ў размове з «Белсатам» Сяргей Навумчык, журналіст «Радыё Свабода», былы парламентары.

Сяргей Навумчык. Скрыншот праграмы «Аб’ектыў» Белсат

Ён нагадвае, што сёння па афіцыйных звестках налічваецца больш за 1,5 тысячы палітвязняў, а рэальна іх разоў у пяць больш. Усе яны ўтрымліваюцца ў вельмі неспрыяльных, дзікунскіх умовах.

«На Акрэсціна людзей дагэтуль катуюць: яны сядзяць у перапоўненых камерах, якія перыядычна заліваюць хлёркай, у дачыненні да палітвязняў не выконваюцца элементарныя санітарныя нормы, на іх ціснуць. У турмах людзей збіваюць. Усё гэта патрапляе пад катэгорыю катаванняў. Аднак усе, хто спрычыняецца да гэтага, пачынаючы ад назіральніка і скончваючы вышэйшымі чыноўнікамі, забываюць, што за забойства існуе тэрмін даўніны (15 гадоў), а за катаванні – не, і чалавек будзе несці адказнасць за гэта і праз 10, і праз 20 гадоў. За расстрэлы ў Курапатах у свой час ніхто адказнасці не панёс, хоць на момант публікацыі знакамітага артыкулу Зянона Пазняка некаторым злачынцам было па 80 гадоў. Але 1991 года больш не будзе, цяперашняя сітуацыя не будзе дараваная», – перакананы Сяргей Навумчык.

Усё, што зараз робіць дзяржаўная прапаганда, нагадвае нашаму суразмоўцы часы позняга брэжнявізму, калі ўсё рассыпалася.

«У годзе 1979-1980, калі я паступіў на журфак, існаваў такі нататнік агітатара, дзе былі 100 пытанняў і адказаў, якімі раілі карыстацца.  Было там і пытанне наконт палітвязняў. Адказ быў такі: у СССР няма палітвязняў, у краіне не садзяць за палітычныя погляды, бо няма адпаведнага артыкулу ў Крымінальным кодэксе. Тое самае адбываецца і цяпер, калі Лукашэнка і яго памагатыя кажуць, што за палітыку ў Беларусі не садзяць. Але ў нас праз турмы за свае погляды прайшлі тысячы людзей. Які, напрыклад, з Паўла Севярынца тэрарыст, з чалавека высокіх маральных каштоўнасцяў, які выспявае хрысціянства?» – задаецца пытаннем наш суразмоўца.

Разам з тым, паміж Брэжневым і Лукашэнкам ёсць значнае адрозненне.

«Для Брэжнева мела вялікае значэнне, як ягоную асобу ўспрымаюць іншыя краіны, у тым ліку на Захадзе. Ён хацеў быць рэспектабельным кіраўніком звышдзяржавы, якога прымаюць у свеце. Лукашэнка ж ужо даўно напляваў, як пра яго думаюць у свеце», – канстатаваў Сяргей Навумчык.

Каментар
Аляксандр Кабанаў: як можна дапамагчы беларускім палітвязням?
2023.07.05 11:10

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў