ЗША выявілі 18 расейскіх фільтрацыйных лагераў, створаных для ўкраінцаў


Намесніца кіраўніка місіі ЗША пры АБСЕ Кортні Острыян сцвярджае, што расейскія ўлады з дапамогай украінскіх калабарантаў ствараюць фільтрацыйныя лагеры ў школах, спартовых цэнтрах і культурных установах. Пра гэта паведамляе BBC са спасылкай на артыкул «The New York Times».

Усяго амерыканскі бок мае інфармацыю пра 18 лагераў з абодвух бакоў украінска-расейскай мяжы. Острыян мяркуе, што расейцы рыхтаваліся да арганізацыі працэдураў фільтрацыі яшчэ да пачатку ўварвання ва Украіну.

Медыі раней неаднаразова распавядалі пра фільтрацыйныя лагеры, створаныя Расеяй для ўкраінцаў, якія пражываюць на акупаваных тэрыторыях. Там украінцаў цягам некалькіх дзён правяраюць на лаяльнасць расейскаму рэжыму, сартуюць на «добранадзейных» і «нядобранадзейных». Потым многіх прымусова дэпартуюць на тэрыторыю РФ. Тыя, хто выклікае ў расейцаў падазрэнні (напрыклад, маюць тату з украінскім трызубцам або рабілі патрыятычныя допісы ў сацсетках), часта сутыкаюцца з гвалтам і катаваннямі.

Гісторыі
«Прайшлі праз фільтрацыю». Гісторыі ўцекачоў з Марыупалю
2022.04.14 21:04

Суразмоўцы «The New York Times» таксама распавядаюць пра допыты, збіццё і катаванні ў дачыненні людзей, якіх падазравалі ў сувязях са Збройнымі сіламі Украіны. Пасля фільтрацыйных лагераў украінцаў накіроўваюць у гарады па ўсёй Расеі, у тым ліку на Далёкі Усход, піша выданне.

«Расейскія ўлады, імаверна, склалі спісы ўкраінскіх цывільных асобаў, якія, як лічыцца, пагражаюць расейскаму кантролю над Украінай, у тым ліку ўсіх, хто прытрымліваецца праўкраінскіх поглядаў (палітычныя дзеячы, актывісты, а таксама супрацоўнікі службаў бяспекі), для затрымання і фільтрацыі», – цытуе Острыян «The New York Times».

Аналітыка
«Канчатковае рашэнне», або «дэўкраінізацыя». Як пуцінская Расея капіюе гітлераўскую Нямеччыну
2022.06.22 08:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў