NYT: Амерыканскія спадарожнікі зафіксавалі падрыў Кахоўскай ГЭС


Амерыканскія спадарожнікі-шпіёны зафіксавалі выбух на Кахоўскай ГЭС непасрэдна перад яе разбурэннем. Пра гэта паведамляе The New York Times са спасылкай на неназванага высокапастаўленага чыноўніка з адміністрацыі Джо Байдэна.

Кахоўская ГЭС пасля падрыву. 6 чэрвеня 2023 года. Херсонская вобласць, Украіна.
Фота: Укргідроенерго / Facebook

Паведамляецца, што спадарожнікі з інфрачырвонымі датчыкамі зафіксавалі цеплавую сігнатуру, якая адпавядае моцнаму выбуху, незадоўга да разбурэння плаціны. У разведцы падазраюць, што за разбурэннем плаціны стаіць Расея, хаця ў амерыканскіх спецслужбаў усё яшчэ няма важкіх довадаў на карысць адной з версіяў катастрофы.

Таксама крыніца выдання не выключае магчымасці таго, што разбурэнне плаціны магло адбыцца праз папярэднія пашкоджанні плаціны або ціск вады, які расце. Але пакуль галоўнай і найбольш верагоднай прычынай называюць выбух, няхай гэта будзе наўмысны або выпадковы.

Даследчыкі нарвежскага інстытуту NORSAR таксама дапусцілі, што Кахоўская ГЭС была разбурана ў выніку выбуху. Да такой высновы яны прыйшлі пасля аналізу дадзеных рэгіянальных сейсмічных станцый.

Нагадаем, плаціна на Кахоўскай ГЭС абрынулася ноччу 6 чэрвеня, што прывяло да затаплення каля 80 населеных пунктаў у Херсонскай вобласці, асабліва тэрыторый, размешчаных ніжэй па цячэнні Дняпра. Прарыў плаціны называюць экалагічнай катастрофай.

Першапачаткова расейскія і ўкраінскія ўлады абвінавацілі адна адну ў падрыве Кахоўскай ГЭС. Пазней з’явілася яшчэ адна версія – прарыў плаціны ў выніку раней атрыманых пашкоджанняў.

Агляд
З’явіліся доказы падрыву Кахоўскай ГЭС і звесткі пра загінулых ад патопу
2023.06.09 21:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў