Урад Беларусі зноў карэктуе заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні


Урад Беларусі ўнёс карэктывы ў пастанову № 713, якой рэгуляваліся цэны ў Беларусі. Гэтым разам папраўкі зробленыя на тое, каб спрыяць прасоўванню на ўнутраным рынку тавараў айчыннай вытворчасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sputnik

У дакуменце прадугледжана некалькі зменаў.

1) Выраўноўваюцца ўмовы рэалізацыі айчынных і імпартных тавараў у рознічным гандлі. Гэта зроблена, каб выклікаць зацікаўленасць рознічнага гандлю ў продажы айчынных тавараў і зменшыць маржынальнасць уласнага імпарту.

2) Для вытворцаў спрашчаецца ўзгадненне адпускных цэнаў на новыя спажывецкія тавары. Гэтым пунктам норма рэнтабельнасці, пры якой не патрабуецца ўзгадняць цэнаў на новыя тавары, павялічваецца да 20 %. Вытворцам таксама не давядзецца ўзгадняць устанаўленне адпускных цэнаў у сувязі з увядзеннем (змяненнем) тэхнічных нарматыўных актаў.

3) Змяняецца парадак прадастаўлення аптовых скідак з адпускных цэнаў.

4) Ствараецца зразумелы і празрысты механізм для вытворцаў і імпарцёраў пры рэалізацыі спажывецкіх тавараў па прадастаўленні выплатаў дзеля стымуляцыі з адначасовым устанаўленнем адзіных правілаў такіх выплатаў у дачыненні айчынных тавараў і нехарчовых імпартных тавараў.

5) Выраўноўваюцца падыходы для айчынных вытворцаў пры рэалізацыі тавараў у крамах фірмовага гандлю і ў сваіх інтэрнэт-крамах.

6) Таксама нязначна ўдакладняецца пералік спажывецкіх тавараў, на якія распаўсюджваецца цэнавае рэгуляванне.

Дакумент уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў