Украіна назвала ўдзел лідараў 6 краін у парадзе Перамогі амаральным і несяброўскім крокам


Парад на Краснай плошчы ў Маскве 9 траўня наведалі лідары Арменіі, Казахстану, Кыргызстану, Таджыкістану, Туркменістану, Узбекістану і Беларусі. Міністэрства замежных справаў Украіны асудзіла іхны ўдзел у мерапрыемстве і назвала яго несяброўскім крокам.

Уладзімір Пуцін разам з кіраўнікамі замежных дзяржаваў, якія прыбылі ў Маскву на святкаванне 78-годдзя Перамогі, ускладае кветкі да Магілы Невядомага салдата ў Аляксандраўскім садзе. Масква, 9 траўня 2023 года. Крыніца: kremlin.ru

«Падчас мерапрыемства, – гаворыцца ў заяве МЗС Украіны, – прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, якога міжнароднае правасуддзе шукае за ваенныя злачынствы, апраўдваў забойствы ўкраінцаў, знішчэнне ўкраінскіх гарадоў і вёсак, выкраданне ўкраінскіх дзяцей і рэпрэсіі супраць жыхароў захопленых тэрыторыяў. У ноч напярэдадні сустрэчы РФ выпусціла па Украіне 25 крылатых ракетаў, у тым ліку 15 па Кіеве, каб выклікаць яшчэ больш смерцяў і ўчыніць яшчэ большыя разбурэнні на ўкраінскай зямлі».

Украіна разглядае ўдзел прэм’ер-міністра Арменіі, прэзідэнтаў Казахстану, Кыргызстану, Таджыкістану, Туркменістану і Узбекістану ў мерапрыемстве як «амаральны і несяброўскі крок у дачыненні Украіны, які дэманструе пагарду да ўкраінскага народу, што змагаецца за сваё выжыванне і свабоду».

У заяве таксама адзначаецца, што народы Сярэдняй Азіі і Каўказу 78 гадоў таму зрабілі неацэнны ўнёсак у перамогу над нацызмам і не заслугоўваюць таго, каб быць «выкарыстанымі цяпер Крамлём для ўдзелу ў фальшывай акцыі, якая не мае нічога агульнага з подзвігам пераможцаў над нацызмам».

Цікава, што сярод пералічаных кіраўнікоў дзяржаваў украінскае МЗС не згадала Аляксандра Лукашэнку, у той час як ён таксама прысутнічаў на парадзе.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў