«Выклік кінуты». Як Лукашэнка будзе помсціць за Мачулішчы?


Каментуючы 7 сакавіка дыверсію ў Мачулішчах, Аляксандр Лукашэнка сыпаў абразамі і пагрозамі на адрас апанентаў і кіраўнікоў суседніх краінаў. «Што ж, выклік кінуты», – заявіў ён, маючы на ўвазе Украіну. На што Лукашэнка здольны пайсці ў адказ на падрыў расейскага самалёта А-50?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Anton Novoderezhkin / TASS / Forum

Уварванне ва Украіну

Пагрозу ўступлення ў вайну беларускай арміі абмяркоўваюць з першых дзён поўнамаштабнага ўварвання Расеі, таму кожная заява Лукашэнкі адносна Украіны заўсёды ўспрымаецца ў першую чаргу ў гэтым кантэксце.

У лютым 2023 года Лукашэнка заявіў, што Беларусь уступіць у вайну толькі ў адным выпадку: калі з Украіны «хоць адзін салдат прыйдзе на тэрыторыю Беларусі забіваць маіх людзей». «Калі яны ўчыняць агрэсію супраць Беларусі, адказ будзе вельмі жорсткі. І вайна набудзе зусім іншы характар», – паабяцаў ён. Паколькі Лукашэнка ўсклаў адказнасць за дыверсію ў Мачулішчах на кіраўніцтва Украіны, якое нібыта заслала ў Беларусь «падрыхтаванага тэрарыста», то фармальна гэтую гісторыю можна было б выкарыстаць як «casus belli».

Hавiны
На дзяржаўным TV распавялі пра затрыманых на падставе дыверсіі ў Мачулішчах
2023.03.09 08:19

Аднак пры жаданні Лукашэнка мог і раней знайсці штучныя нагоды для ўступлення ў вайну, якія выглядалі б як мінімум не больш недарэчным «casus belli», чымся дыверсія ў Мачулішчах. Напрыклад, такою нагодаю магло стаць падзенне ракеты С-300 каля вёскі Гарбаха на Берасцейшчыне. Або атакі ЗСУ на расейскую і акупаваную тэрыторыю: нагадаем, Лукашэнка перад поўнамаштабным уварваннем абяцаў, што любы замах на тэрыторыю РФ прымусіць Беларусь уступіць у вайну на падставе саюзных дамоўленасцяў. Гэтыя прыклады даказваюць, што Лукашэнку стрымлівае ад уступлення ў вайну не адсутнасць фармальнага «casus belli» (без якога пры жаданні можна зусім абысціся), а сумневы ў моцы беларускай арміі і ў надзейнасці ўласнага тылу.

У гэтым сэнсе цяпер нічога не змянілася. У Беларусі не назіраецца маштабнага нарошчвання расейскай групоўкі, якая б магла нівеляваць слабасць войска Лукашэнкі. Прычым рэзерваў для нарошчвання групоўкі ў РФ, імаверна, цяпер проста няма: усе сілы пайшлі на зімовую кампанію, якая скончылася стратэгічнай няўдачай. Эфекту нечаканасці таксама быць не можа: Украіна метадычна ўзмацняе мяжу з Беларусі, таму агрэсару давядзецца наступаць на добра падрыхтаваныя пазіцыі ва ўмовах складанай мясцовасці. Нават калі ўявіць, што Лукашэнка раптам праігнаруе гэтыя аргументы і пастановіць увязвацца ў вайну насуперак усяму, то цяпер не вельмі ўдалы перыяд нават з пункту гледжання надвор’я. Неўзабаве пачнецца перыяд вясновай бездаражы – максімальна неспрыяльны час для наступальных аперацыяў.

Разам з тым гэта не значыць, што ўступленне Беларусі ў ваенны канфлікт наагул немагчымае. Ёсць шэраг фактаў, якія ўказваюць на тое, што поўнамаштабную вайну з Украінай рэжым Лукашэнкі разглядае як цалкам рэальны сцэнар. Стварэнне ўмоваў для эфектыўнай мабілізацыі, распрацоўка законаў аб «народным апалчэнні» і смяротным пакаранні для вайскоўцаў, прыняцце пастановы аб патрабаваннях да стану здароўя прызыўнікоў – усё гэта прыкметы доўгатэрміновага рыхтавання да эскалацыі.

Аналітыка
Прывід другога фронту. Ці захоўваецца пагроза ўступлення Беларусі ў вайну?
2023.02.10 17:18

Нервовая рэакцыя на здарэнне ў Мачулішчах Лукашэнкі сведчыць пра тое, што гэтая сітуацыя закранула яго асабіста, а значыць, магла падштурхнуць і да пэўных стратэгічных высноваў. Напрыклад, умацаваць Лукашэнку ў перакананні, што свабодная Украіна патэнцыйна пагражае ягонаму рэжыму, таму перамога Расеі ў вайне яму жыццёва неабходная.

«Ягоныя паводзіны пачынаюць здзіўляць. Як будуць разгортвацца падзеі, будзем глядзець. Мы гатовыя да любога развіцця сітуацыі», – падкрэсліў сакратар РНБА Украіны Аляксей Данілаў, каментуючы апошнія выказванні Лукашэнкі.

Каментар
Ці рыхтавацца Украіне да атакі з Беларусі? Словы Лукашэнкі пра СБУ каментуе ўкраінскі дэпутат
2023.03.07 14:32

Эскалацыя без вайны

Разам з тым, Лукашэнка падчас выступу 7 сакавіка падкрэсліў, што Беларусь не збіраецца ўступаць у вайну ў звязку з інцыдэнтам у Мачулішчах: «Калі яны разлічваюць (я ж ведаю, што яны хочуць нас уцягнуць у вайну па камандзе амерыканцаў)… Калі вы думаеце, што вы, кінуўшы гэты выклік, уцягніце нас у вайну заўтра, якая сёння ідзе ўжо па ўсёй Еўропе, вы памыляецеся». То бок у публічнай прасторы былі акрэсленыя пэўныя межы магчымага адказу.

Аднак як можа Лукашэнка «пакараць» Украіну, не ўступаючы ў вайну? Насамрэч прастора для абмежаванай эскалацыі ўжо вычарпаная. З тэрыторыі Беларусі ў лютым – сакавіку 2022 года разгортвалася наземнае наступленне расейскай арміі на Кіеў, і Лукашэнка яшчэ да Мачулішчаў паабяцаў, што пры неабходнасці зноў гатовы надаць сваю тэрыторыю расейцам для ўварвання. Прынамсі да восені 2022-га з тэрыторыі і паветранай прасторы Беларусі наносіліся авіяцыйныя і ракетныя ўдары па Украіне. Беларусь перадае расейскаму войску артылерыйскія снарады і бранятэхніку, а расейскія вайскоўцы рыхтуюцца на беларускіх палігонах. Цяжка ўявіць, што яшчэ можа зрабіць Лукашэнка ў гэтай сітуацыі. Перадаць Расеі РСЗА «Паланэз» ці самалёты? Але, у адрозненне ад танкаў, гэта адзінкавы тавары. На сітуацыю на фронце такі крок ніяк не паўплывае, а абароназдольнасць Беларусі заўважна знізіць.

Рэзанансных аперацыяў лукашэнкаўскіх спецслужбаў на тэрыторыі Украіны таксама чакаць не варта. Наўрад ці ўдасца зладзіць цяпер ва Украіне дыверсію, якая б сваёй значнасцю была супастаўляльная з падрывам самалёта А-50: калі б гэта было магчыма, то гэта ўжо даўно зрабілі б значна больш падрыхтаваныя расейскія спецслужбы.

Аперацыі на Захадзе

Аднак застаецца адкрытым пытанне, ці сапраўды Лукашэнка верыць, што за дыверсіяй у Мачулішчах стаяць замежныя спецслужбы. Нягледзячы на хвалю абразаў у дачыненні афіцыйнага Кіева, наўпрост пагражаў ён не ўкраінцам, а беларусам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Valery Sharifulin / TASS / Forum

«Яшчэ раз хачу падкрэсліць, асабліва мясцовым мярзотнікам і тым, хто ўцёк: яны ўсе ўстаноўленыя, мы іх знойдзем, там, за мяжой. А беглым паўтараю: рыхтуйцеся, мы да вас ужо прыйшлі. І не выйце. І не пасціцеся ў гэтых мэсэнджарах. У нас нервы моцныя, мы ведаем, што трэба рабіць», – заявіў ён. То бок Лукашэнка прыгразіў адпомсціць палітычным эмігрантам.

Ці варта ставіцца да гэтых словаў сур’ёзна? Досвед прымусовай пасадкі самалёта «Ryanair», у выніку чаго захапілі Рамана Пратасевіча і Соф’ю Сапегу, паказвае, што аперацыі спецслужбаў супраць палітычных эмігрантаў – цалкам рэальны сцэнар. Прычым інцыдэнту з рэйсам Афіны – Вільня таксама папярэднічала серыя публічных заяваў высокапастаўленых сілавікоў, у якія яны недвухсэнсоўна намякалі, што маюць намер знайсці і пакараць сваіх ворагаў, дзе б яны ні былі.

Паўтарыць трук з пасадкаю самалёта больш не ўдасца: цяпер заходнія авіякампаніі над Беларуссю не лётаюць. Аднак нельга выключаць, што Лукашэнка захоча звярнуцца да досведу савецкіх і расейскіх спецслужбаў, якія выкрадалі або забівалі палітычных апанентаў Крамля за мяжою. Складана сказаць, наколькі гэта рэальна з практычнага пункту гледжання. Няма сумневаў, што магчымасці спецслужбаў Лукашэнкі і спецслужбаў Крамля непараўнальныя. Аднак прыклад аперацыі з самалётам «Ryanair» паказвае, што для рэалізацыі сваіх планаў помсты ўлады гатовыя моцна рызыкаваць і несці вялізарныя выдаткі (як палітычныя, гэтак і эканамічныя).

Рэпрэсіі ў краіне

Праўда, найбольш верагодна, што Лукашэнка абмяжуецца новаю хваляю рэпрэсіяў унутры краіны: для гэтага ў рэжыму ёсць і жаданне, і магчымасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

«Каб не было размоваў, усе павінны разумець, і я гэтага не адмаўляю: я распарадзіўся некалькі дзён таму (яшчэ да гэтай аперацыі) па ўсёй краіне правесці жорсткую зачыстку. Гэта нам урок. Яны схаваліся і сядзяць. Сядзяць і чагосьці чакаюць…

А ім я хачу сказаць, каб яны рыхтаваліся. Мы ўжо да іх ідзём. Нашыя хлопцы ўжо на парозе, хай рыхтуюцца. Найлепшы варыянт – калі яны прыйдуць самі: рукі ўверх, прыйдуць і здадуцца. Гэта будзе для іх ратаванне. Іх вылічым усіх. Вычысцім проста з нашага грамадства», – паабяцаў ён.

Заява пра «жорсткую зачыстку» па ўсёй краіне вельмі нагадваюць словы Лукашэнкі ў пачатку ліпеня 2021 года, калі ён загадаў сілавікам «зрабіць, груба кажучы, зачыстку па ўсёй краіне». Неўзабаве ў Беларусі пачаліся масавыя (нават як на сітуацыю апошніх 2,5 года) арышты і ператрусы, у выніку якой былі разгромленыя амаль усе незалежныя медыі і зліквідаваныя больш за 850 НДА. У Камітэце дзяржбяспекі тады назвалі гэта «шырокамаштабнай аперацыяй для зачысткі ад радыкальна настроеных асобаў». Цалкам магчыма, што аналагічную размахам рэпрэсіўную аперацыю ўлады рыхтуюць і цяпер.

Аналітыка
Распальванне грамадзянскай вайны? Навошта Лукашэнка стварае народнае апалчэнне
2023.03.07 14:14

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў