Беларусь выдала Казахстану падазраванага ва ўдзеле ў масавых беспарадках


Грамадзяніна Казахстану, якога падазраюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у лютым 2020 года, экстрадавалі з Беларусі. Ён знаходзіўся ў вышуку тры гады. На радзіме яму пагражае да 8 год заняволення, паведаміла прэс-служба Генеральнай пракуратуры Казахстану.

Беспарадкі ў Жамбылскай вобласці Казахстану ў лютым 2020 году.
Фота: tengrinews.kz

«Супрацоўнікамі Генеральнай пракуратуры Казахстану пры садзейнічанні Інтэрпола з Рэспублікі Беларусь экстрадаваны грамадзянін А. Ён падазраецца ва ўдзеле ў масавых беспарадках на тэрыторыі Жамбылскай вобласці. Пасля ўчынення злачынства ўказаная асоба схавалася ад органаў крымінальнага пераследу і аб’яўлена ў міжнародны вышук», – гаворыцца ў паведамленні.

Падазроны ўжо дастаўлены ў Казахстан і знаходзіцца ў следчым ізалятары. Яму пагражае пакаранне ад трох да васьмі гадоў пазбаўлення волі.

Беспарадкі адбыліся ў Кардайскім раёне Жамбылскай вобласці ў ноч з 7 на 8 лютага 2020 года. Загінулі 11 чалавек, каля 160 атрымалі раненні, у тым ліку 20 супрацоўнікаў паліцыі. Было разбурана амаль 200 дамоў і прадпрыемстваў, згарэлі каля 100 аўтамабіляў. У канфлікце ўдзельнічала амаль 1 тысяча чалавек. Былі ўзбуджаны 120 крымінальных спраў, з іх 11 крымінальных спраў па артыкуле за забойства.

Беспарадкі ў Жамбылскай вобласці Казахстану ў лютым 2020 году.
Фота: razattyq.org

Па афіцыйнай версіі, прычынай беспарадкаў стаў канфлікт паміж дзвюма крымінальнымі групамі праз кантроль над крыніцамі незаконных даходаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў