У Нацбанку распавялі, калі будуць блакаваць фінансавыя аперацыі беларусаў


У Нацыянальным банку растлумачылі, якія аперацыі будуць лічыцца падазронымі і блакавацца згодна з пастановай №453 «Аб несанкцыянаваных пераводах грашовых сродкаў (электронных грошай)». Пра гэта піша БелТА.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

Як распавяла начальніца ўпраўлення абароны інфармацыі Нацбанку Іна Лягчылава, банкі будуць блакаваць аперацыі, нетыповыя для кліента. Для гэтага яны павінны распрацаваць адмысловыя працэсы, накіраваныя на выяўленне падазроных паводзін.

«Напрыклад, калі ў пэўны перыяд часу плацеж здзяйсняўся з аднаго IP-адрасу, а праз дзесяць хвілін з другога. Або плацяжы здзяйсняюцца ў начны час, хоць раней у такі час іх не было», – сказала яна.

Паводле яе, пералік прыкмет будзе дастаткова вялікі, і банк будзе прымаць рашэнне паводле іх сукупнасці.

«Банк прыпыняе аперацыю на двое сутак і цягам гэтага часу можа звязацца з кліентам для ўдакладнення дэталяў. Гэта зроблена для таго, каб не пацярпелі невінаватыя людзі. Разам з тым неабходна стварыць такі механізм, які дазволіў бы банкам прыпыніць аперацыю, г.зн. стварыць прававое поле», – сказала яна.

Разам з тым плацяжы, якія здзяйсняюцца ўпершыню, не будуць блакавацца, калі астатнія дзеянні адпавядаюць звычайным практыкам кліента.

 

29 жніўня 2023 года быў падпісаны ўказ аб мерах супрацьдзеянні несанкцыянаваным плацежным аперацыям, які павінен зарабіць з 1 сакавіка 2024-га. Дзякуючы гэтаму сілавікі атрымаюць доступ да інфармацыі аб плацяжах беларусаў, афіцыйна для змагання з ашуканцамі. Пры гэтым такі доступ будзе ў вялікай колькасці ведамстваў: пракуратуры, КДБ, МУС, Следчага камітэту і Аператыўна-аналітычнага цэнтру. Яны змогуць прыпыняць на тэрмін да 10 содняў расходныя аперацыі па банкаўскім рахунку, укладу, электронным кашальку, калі будуць падазрэнні «аб здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў